В 1986 году сотрудник Докшицкого РОВД Владимир Варган вынужден был отправиться в Хойникский район
Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС адбылася 39 гадоў таму. У той ці іншай меры яе наступствы закранулі многія краіны, але ў найбольшай ступені пацярпела Беларусь.
У 1986 годзе супрацоўнік Докшыцкага райаддзела міліцыі Уладзімір Варган вымушаны быў адправіцца за некалькі соцень кіламетраў ад дома туды, дзе адбылася самая страшная тэхнагенная катастрофа XX стагоддзя. Тады начальнік ізалятара часовага ўтрымання ў міліцэйскіх пагонах і не мог уявіць сабе, што ўсяго праз два месяцы пасля выбуху на АЭС апынецца ў Хойніцкім раёне, што будзе несці службу ў зоне адсялення.
Ветэран міліцыі расказаў пра небяспечную камандзіроўку, у якой правёў два месяцы.
– Што такое радыяцыя, як яна дзейнічае на чалавека і якія наступствы можа выклікаць, безумоўна, ведаў, – гаворыць Уладзімір Варган. – Сярод тых, каго адправілі ў Хойніцкі раён, з нашага райаддзела аказаліся два чалавекі: я і мой калега Часлаў Блажыевіч. Страшна не было, толькі адчувалася якаясьці трывога, бо ехалі ў невядомасць. Па прыездзе нам выдалі рэспіратары, керзавыя боты і пасялілі ў пустым будынку школы ў Стрэлічаве – за межамі 30-кіламетровай зоны адчужэння. Кожны дзень, па чарзе, а наш атрад складаўся з 90 чалавек, мы патрулявалі вёскі, рабілі абход хат, правяраючы, ці не застаўся хто з людзей. Ахоўвалі іх маёмасць ад марадзёраў. Дарэчы, два разы даводзілася іх затрымліваць. У вёсцы Пучын у адной з хат заўважылі ў акне старэнькага дзядулю, які сядзеў, запаліўшы свечкі, і маліўся. Пакідаць родную хату ён наадрэз адмовіўся, патлумачыўшы, што нядоўга засталося дажываць свой век. Шкада яго было. Каб хоць як-небудзь падтрымаць дзядулю, дзяліліся з ім тушонкай і вадой.
У дамах было ўсялякага дабра, людзі з’язджалі ў лепшым выпадку з невялікім запасам адзення і дакументамі. У дварах пакідалі птушку – гусей, курэй, чацвераногіх сяброў – катоў і сабак.
– Калі гаварыць пра радыяцыю, то дозу, якую мы тады атрымалі, ніхто не вымяраў, – прыгадвае Уладзімір. – Партатыўныя дазіметры давалі розныя паказчыкі, і штосьці ставілі проста на вока. У першыя дні нашага прыезду ў радыяцыйную зону выкідваліся ёдзістыя злучэнні, ад чаго рэспіратары літаральна праз некалькі хвілін станавіліся чырвонымі. Пазней у атмасферу траплялі цэзій і стронцый. Ад іх уздзеяння рэспіратары набывалі ўжо іншыя колеры – атрутна-сіні і зялёны. Радыяцыйны пыл быў паўсюдна. Салдаты кожны дзень здымалі грунт, вывозілі ў катлаван і, перш чым закапаць яго, цэментавалі.
Сапраўднымі героямі, якія здзейснілі высокі подзвіг падчас ліквідацыі аварыі, Уладзімір Варган лічыць байцоў пажарнай аховы.
– У іх не было іншага выбару, бо лічылі сваім доўгам і справай гонару ўступіць у бітву з наступствамі страшнага выбуху, – гаворыць чарнобылец. – Атрымаўшы высокія дозы апраменьвання, яны мелі патрэбу ў хутчэйшым лячэнні, хаця яно наўрад ці ўжо магло ім дапамагчы.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.