Семинар по воспитательной работе прошёл в Тумиловичской школе Докшицкого района

Выбар Тумілавіцкай школы-сада  месцам правядзення семінара аказаўся больш чым удалым. Настаўніцка-вучнёўскі калектыў установы здолеў паказаць, што, калі выхаваўчая работа праводзіцца сістэмна, разумна і за яе бяруцца спецыялісты высокай катэгорыі,  творчыя людзі, то яна прыносіць карысць і асалоду ўсім і, у першую чаргу, дзецям. 

Адна са старэйшых школ раёна, узрост якой 162 гады, да сённяшняга часу поўнасцю апраўдвае сваё прызначэнне ўстановы адукацыйнай, асветніцкай. У ёй дзецям даюць не толькі грунтоўныя веды, але і вучаць любіць сваю краіну, яе прыроду, памятаць пра гераічнае мінулае, ведаць культурныя традыцыі, мець грамадзянскую пазіцыю, любіць мастацтва і спорт. Тое, што гэта менавіта так, добра было бачна па тых мерапрыемствах, якія паказалі гаспадары семінара гасцям з аддзела адукацыі і школ раёна.

здымак 1

здымак 1

Пасля выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Д.Д. Парцянкі, дырэктара школы В.М. Ковель і намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Т.У. Найдзяновіч пачалося спартыўнае свята “Усе мы родам з дзяцінства”, якое, без сумнення, стала зорным часам настаўніка фізкультуры і здароўя А.С. Ванюшына. Яго пачатак — агляд строю і песні выклікала буру эмоцый і настроіла прысутных на далейшыя прыемныя сюрпрызы. Вучні, якія зладжана маршыравалі, дакладна выконвалі каманды, у старэйшага пакалення нарадзілі настальгію па піянерскім мінулым, у больш маладых – захапленне тым, што і сённяшнія дзеці, калі з імі правільна працаваць, могуць быць дысцыплінаванымі, сабранымі, словам, будучымі салдатамі, абаронцамі Айчыны. Тое, што вучні з абмежаваннямі да заняткаў фізкультурай не павінны на ўроку сціпла сядзець на лаўках у спартзале, як гэта часта бывае, паказала цудоўнае выступленне дзяўчатак са стужкамі. У час спартландыі паміж камандамі настаўнікаў і бацькоў спартыўны азарт авалодаў усімі прысутнымі. Хто за каго хварэў – не важна. Галоўнае, што тумілавіцкія настаўнікі, незалежна ад узросту і фізічнага стану, аказаліся актыўнымі, спартыўнымі і прыкольнымі. Такія для вучняў з’яўляюцца сябрамі, якіх любяць і паважаюць. Не адставалі ад педагогаў і бацькі. Ужо дзесьці на другім спаборніцтве яны абвыклі, разняволіліся і ўпарта пайшлі на перамогу (здымак 1). Яна ім і дасталася.

 

 

здымак 2

здымак 2

Адкрытыя ўрокі паказалі пяць настаўнікаў, і ў кожнага ён быў настолькі цікавым, што 45 мінут праходзілі як адна. Пазнавальнай, з глыбокім зместам і разам з тым маляўнічай, музычнай і яркай, дзе маленькія першакласнікі выступалі, як сапраўдныя артысты, атрымалася літаратурная гасцёўня “Хлеб – здароўе, наша сіла” ў Тэрэсы Чаславаўны Шнітко (здымак 2). Элементы казкі ў спалучэнні з рэаліямі жыцця, хэпі-энд з абавязковай рэкламай і зноў жа – здольныя дзеці ў якасці выканаўцаў роляў лясных звяркоў і птушак, мужыка і эколага, ляснічага і феі, зрабілі пазнавальна-выхаваўчае мерапрыемства ў межах пазакласнай работы “У лесе нарадзілася ялінка” , якое падрыхтавала разам з вучнямі Алена Уладзіміраўна Ставер, сапраўдным навагоднім прадстаўленнем. Не адзін удзельнік семінара пазайздросціў таму, што ў школе працуе такі майстар-залатыя рукі, як Анатоль Рыгоравіч Млынец. Асаблівае задавальненне на занятках у творчай майстэрні адчувала старшы інспектар ІПН РАУС маёр міліцыі Ларыса Толкач. Сярод самых умелых вучняў быў адзін з яе “падшэфных”. Колькасць інфармацыі пра правы дзіцяці, пададзеная ў час інфармацыйна-пазнавальнай праграмы на ўроку ў Наталлі Пятроўны Варанковіч, здзівіла многіх. Члены аб’яднання па інтарэсах “Юны лесавод”, якім кіруе Марыя Іванаўна Трус, свае веды па таксацыі лесу дэманстравалі ў час гульні-спаборніцтва. Дзеці вызначалі састаў лесу, форму насаджэнняў, вышыню дрэў і іншае. А потым іх чакала сустрэча з добрым сябрам школы ляснічым Тумілавіцкага лясніцтва Рыгорам Пяцько.
Сцэнарыі амаль усіх мерапрыемстваў напісала настаўніца гісторыі, а па прафесіі журналіст, Людміла Салянка. Таму яны былі намнога больш выйгрышнымі, чым тыя, якімі поўніцца Інтэрнэт.

здымак 3

здымак 3

Апафеозам семінара стала, безумоўна, літаратурна-музычная кампазіцыя “Тры скарбы мець да скону веку – Радзіму, Маці і Зямлю”. У ёй, як у люстэрку, былі бачны ўсе тыя “кіты”, на якіх трымаецца выхаваўчая работа ў школе, што робіць яе адметнай. Гэта выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў, упор на патрыятычна-грамадзянскае, экалагічнае выхаванне і здаровы лад жыцця, максімальнае прыцягненне кожнага вучня да розных формаў дзейнасці ў вольны час з мэтай развіцця яго ў самастойную, творчую асобу, здольную да самарэалізацыі, цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, мясцовай уладай і іншымі структурамі, якія працуюць у вёсцы.
Таму ў кампазіцыі, якая пачалася са шчымлівых слоў школьнага гімна, было месца творам беларускага літаратурнага фальклору і сучасным танцам, выступленню дуэтаў настаўніцы і сельскага бібліятэкара, маці і дачкі (здымак 3), цудоўным салістам-вучням і вакальнай групе настаўнікаў (здымак 4). У ёй прымалі ўдзел былая піянерважатая, культработнік, участковы інспектар.Толькі ў той школе, дзе настаўнікі выхоўваюць не натацыямі, а ўласным прыкладам і ўмеюць павесці за сабой, яны маглі дазволіць сабе выйсці на сцэну, пераапрануўшыся ў касцюмы юных піянераў.

 

здымак 4

здымак 4

Пасля таго, як семінар закончыўся, у кулуарах давялося пачуць думку, што школе пашанцавала на таленавітых настаўнікаў, якія ў адной асобе з’яўляюцца спевакамі, спартсменамі, танцорамі, паэтамі, майстрамі. Менавіта такімі прадстаўнікі гэтай прафесіі былі заўсёды, а яшчэ — праменьчыкамі асветы, захавальнікамі гісторыі і традыцый краю. Такія людзі ёсць у кожнай школе. Іх толькі трэба ўбачыць кіраўніку, заахвоціць быць Настаўнікам, а яны здолеюць зрабіць усіх дзяцей таленавітымі.

Тамара
АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *