Конкурс Мисс Снегурочка прошёл в Докшицах
Феерычнае шоу адбылося ў ККЗ “Іскра”. Гэта было свята прыгажосці, творчасці і крэатыўнасці: на ім сярод дзяўчат выбіралі не проста самую прыгожую, таленавітую, а першую памочніцу галоўнага персанажа навагодняга свята Дзеда Мароза – Міс Снягурку.
Даведка: Снягурка (Снягурка, Снежавіначка) – казачны і навагодні персанаж, унучка Дзеда Мароза, яго пастаянная спадарожніца і памочніца. На святах выступае як пасрэднік паміж дзецьмі і Дзедам Марозам. Дабрадушная, чулая, спагадлівая, сваёй усмешкай зараджае ўсіх добрым настроем і вучыць верыць у цуды.
Менавіта гэтымі патрабаваннямі да канкурсантак карысталіся члены журы, калі з дванаццаці ўдзельніц выбіралі самую-самую.
З заварожваючай музыкі, неверагодных касцюмаў і цудоўнай пластыкі дзяўчат з харэаграфічнага гуртка “Сюрпрыз” Цэнтра дзяцей і моладзі пачалося мерапрыемства. Пачуцці, якія выклікаў гэты нумар, перапаўнялі сэрцы гледачоў, і яны з яшчэ большым чаканнем нейкага цуда сустракалі апладысментамі Снягурак, якія выходзілі на сцэну. Першы этап – традыцыйны вобраз унучкі Дзеда Мароза. Дванаццаць дзяўчат у футрах і какошніках, шапачках з доўгімі косамі і рукавічкамі праходзілі па сцэне і адорвалі прысутных сваімі ўсмешкамі. У другім этапе конкурсу Снягуркі паказвалі свае творчыя здольнасці. Вакальнае майстэрства дэманстравалі Марына Лернатовіч і Ірына Аліноўская. Праз вершаваныя радкі і выразнае іх чытанне паказалі вобраз Снягуркі Настасся Марковіч, Алена Жусель-Бяльковіч і Алена Сташэвіч. Вікторыя Корсак разыграла цэлы спектакль з удзелам дзетак і з дэманстрацыяй сваіх не толькі вышываных, але і кулінарных вырабаў. Шмат сярод удзельніц аказалася аматарак харэаграфіі. На суд журы і гледачоў паказалі свае непаўторныя “па” Алеся Радзевіч, Вольга Жалткевіч, Настасся Кузняцова і Алена Сушко. Алена Атрахімовіч і Аксана Садоўская парадавалі ігрой на музычных інструментах. Кожная з дзяўчат была непаўторнай і своеасаблівай.
Трэці этап – дэфіле ў арыгінальным касцюме Снягуркі ХХІ стагоддзя. Сярод дванаццаці цікавых, непадобных адзін на другі вобразаў цяжка было вызначыць лепшы. Уборы былі прадуманы да дробненькай дэталькі. Кожная са снежных прыгажунь атрымала сваё званне Міс Снягуркі. Самы галоўны тытул атрымала настаўніца выяўленчага мастацтва Бягомльскай школы мастацтваў Настасся Марковіч, якая сваёй непаўторнай усмешкай прымусіла ўсіх паверыць у цуды і казку. Званне “І Віцэ-міс Снягурка” заслужыла Марына Лернатовіч, настаўніца тэарэтычных дысцыплін Крулеўшчынскай школы мастацтваў. Настаўніца замежнай мовы з Докшыцкай СШ № 1 Вікторыя Корсак стала “ІІ Віцэ-міс Снягурка”.
Асобным прызам РК ГА “БРСМ” была адзначана Аксана Садоўская, якая ўразіла гледачоў не толькі касцюмам, але і ігрой на цымбалах у творчым конкурсе.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Вікторыя Корсак, Настасся Марковіч, Марына Лернатовіч.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.