В Докшицкой больнице работает молодой врач-педиатр

У Докшыцкай ЦРБ Алена Бобрык працуе другі год. Спачатку яна дастойна вытрымала  інтэрнатуру і  летам 2011 года афіцыйна стала ўрачом-педыятрам. Галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар  прапанову расказаць пра маладога спецыяліста на старонках газеты падтрымаў адразу, адзначыўшы, што кандыдатура вельмі дастойная. А райпедыятр Зоя Салаўёва  пра  маладога доктара казала так:

– Камунікабельная і ўважлівая да  нашых  пацыентаў, дасведчаная, з ахвотай успрымае новыя веды, ды і калектыву з ёй камфортна працаваць.

Алена – дзяўчына мясцовая. Нарадзілася і жыла ў Бягомлі. Быць урачом з дзяцінства не марыла. Шмат любіла чытаць (і, па прыкладзе мамы Ірыны Мікалаеўны, уяўляла сябе бібліятэкарам), хадзіла ў музычную школу, цягнула ў кватэру ўсіх вулічных катоў, карміла іх ля пад’езда сваёй шматпавярхоўкі, спачувала і дапамагала ўсяму жывому… А калі апошні школьны май з’явіўся на гарызонце і Алене прыйшлося рабіць выбар навучальнай установы, павагаўшыся, падала дакументы ў медыцынскі. Хімію і біялогію яна любіла, сумнявалася толькі, ці хопіць моцы са звычайнай школы штурмаваць прэстыжную альма-матэр. Ведаў хапіла, і яна стала студэнткай бюджэтнага аддзялення.

Праўдзівасць меркавання, што ў медінстытуце вучыцца асабліва цяжка, дзяўчына адчула з першага месяца. Спакусы штосьці не вучыць у надзеі   наўдачу  ў  яе не было, бо шчыра разумела, што ў  будучым за гэта можна паплаціцца здароўем чалавека. Шэсць гадоў вучобы праляцелі хутка. За гэты час студэнтка Бобрык і да шматлікіх практычных заняткаў у медустановах нашага абласнога цэнтра прызвычаілася,  і ў правільнасці свайго выбару канчаткова ўпэўнілася.

– Алена Міхайлаўна, а чаму  выбралі менавіта спецяльнасць педыятра?

– На гэта магу адказаць адразу, без разважанняў. Курса да чацвёртага я бачыла сябе кардыёлагам, а потым… Потым у нас была практыка ў абласной дзіцячай бальніцы. Трапіўшы туды, я першы раз не адчула ўражання бальніцы, якое звычайна ўзнікае пры наведванні медустаноў. Маленькія пацыенты хутка настройвалі на асабліва шчыры лад, урачы і медсёстры  былі вельмі адкрытымі, з лагоднымі выразамі твару… Нейкае імгненне  –  і  выбар быў зроблены.

– Шкадуеце?

– Не, і яшчэ раз не. Канешне, пацыенты ў нас да 18 гадоў, і да ўсіх іх трэба шукаць  словы звароту і нават інтанацыю.  Але гэта не надта ўжо і цяжка. Дарэчы, маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі часта лепш, чым падлеткі, ведаюць пра тое, чым іх лечаць  дарослыя, памятаюць назвы лекаў і  вітамінаў. Многія малышы мяне запамінаюць, нават вітаемся як сябры.

– Няўжо нішто ў рабоце не засмучае?

– Пакуль толькі адно: я добра разумею, што яшчэ пачынаю знаёміцца з практычнай педыятрыяй, таму менавіта практычных ведаў хапае не заўжды. Падыходы ў лячэнні дзетак значна адрозніваюцца  ад лячэння дарослых. Дзіця нельга ўспрымаць спрошчана,  лічыць яго маленькім дарослым. Анатамічнае, фізіялагічнае, эмацыянальнае і імуналагічнае развіццё ў яго не завершана,  і парушэнне гэтых працэсаў вельмі небяспечна. Дзеці, бывае,  хварэюць такімі захворваннямі, якія рэдка сустракаюцца ці ўвогуле не характэрны для дарослых. Але мне ёсць у каго спытаць: калектыў дзіцячай кансультацыі вопытны і ў дапамозе не адмаўляе.

– А якімі турботамі яшчэ на новым месцы жыве малады спецыяліст?

– Докшыцы я б не назвала новым месцам. Тут нарадзілася мая мама, доўгі час жыла бабуля, таму горад мне родны з дзяцінства. А, акрамя працы, клопаты ў мяне самыя прыемныя. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна, не так даўно атрымала службовую кватэру, таму зараз пакрысе яе абжываю. Пасля студэнцкага жыцця ў інтэрнаце такая радасць — мець уласны куток.

Алена Міхайлаўна яшчэ толькі пачынае свой жыццёвы шлях і вельмі хацелася б, каб яе шчаслівая сцяжынка вілася па докшыцкай зямлі.

Наталля НАВІЦКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: педыятр Алена Бобрык вядзе прыём.

Фота: В. Чарвінскага.

Один комментарий для “В Докшицкой больнице работает молодой врач-педиатр

  • 23.01.2012 в 2:27 пп
    Permalink

    только хороший муж из Докшиц сможет удержать девушку в провинции. надо искать кавалера!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *