В Докшицком районе отпраздновали Масленицу
Пацешыла народ, абвясціла развітанне з зімой шырокая Масленіца. Святкаванне адбылося на плошчы ля ГЦК, і з раніцы гукі народнай музыкі запрашалі гараджан прыняць удзел у мерапрыемстве.
Сёлетняя анамальна цёплая зіма наклала свой адбітак і на традыцыйныя яе праводзіны. І справа не толькі ў тым, што сняжок можна ўбачыць ужо толькі дзе-нідзе. Галоўная дзіцячая забава – катанне на конях, атрымала змены не па сезоне. Віктар Крывічанін, каб прыняць удзел у свяце, прыехаў аж з Біруль, але не на санях, як гэта звычайна бывала, а на калёсах. Але дзятве ад гэтага было не менш весела. Хлопчыкі і дзяўчынкі куляліся ў калёсы і з шыкам рабілі круг вакол сквера (здымак 1). Некаторыя – па некалькі разоў. Старэйшыя правяралі зоркасць вока і цвёрдасць рукі, гуляючы ў дартс.
Шмат было цікаўных ля радоў выставы “Масленічны разгуляй”. Вочы разбягаліся ад вялікай колькасці ўсялякіх прысмакаў, галоўнымі сярод іх былі, канечне, бліны. Самыя арыгінальныя і смачныя атрымаліся ў Докшыцкай СШ № 2. Журы выставы конкурсу прысудзіла школьным кухарам 1-е месца ў намінацыі “Масленічныя бліны”. Пераможцамі ў намінацыі “Бліны з начынкай” сталі гаспадыні з ЦБП № 209 г. Докшыцы ААТ “ААБ Беларусбанк”. Самыя лепшыя бліны з начынкай спяклі ў Докшыцкай СШ № 1. Прыз за лепшае пудзіла Зімы атрымала Крулеўшчынская СШ.
На сцэне тым часам народ весялілі энергічныя вясковыя кабеты. Яны зазывалі народ у гульні (здымак 2), давалі слова самадзейным артыстам. Масленіцу велічаў народны ансамбль “Раніца”. Сваім вакальным мастацтвам парадавалі салісты Вольга Шылкова, Таццяна Канцавая, Валянціна Карповіч, Андрэй Чабан, Марына Лернатовіч, народны ансамбль “Вярба”.
Масленіца ў праваслаўных вернікаў супала з даравальнай нядзеляй. Многія тут жа на свяце прасілі родных і знаёмых, каб даравалі крыўду. У адказ чулася: “Бог даруе”. Нядзеля была апошнім днём, калі дазвалялася есці скаромную ежу, але без мяса. З панядзелка 23
лютага ў праваслаўнай канфесіі пачаўся Вялікі пост.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.