Упэўненымі крокамі на новыя рубяжы
У 2007 годзе на пасаду старшыні Докшыцкага райвыканкама прыйшоў Алег Леанідавіч Пінчук. 5-гадовы тэрмін – не такі вялікі адрэзак часу. Але дастатковы для таго, каб людзі паспелі ацаніць свайго кіраўніка, і як чалавека, і як лідара.
Патрабавальны і строгі да падначаленых. Непрымірымы і нават рэзкі, калі сутыкаецца з фактамі бяздзейнасці. Але справядлівы. У зносінах з людзьмі просты, вельмі ўважлівы да іх патрэб.
Аднак чалавека лепш за ўсё характарызуюць яго справы. Усе мы заўважаем, што ў апошні час як сам раённы цэнтр, так і яго сельскія населеныя пункты намнога папрыгажэлі, а некаторыя змяніліся да непазнавальнасці. І гэта адзначаюць самі жыхары, для якіх умовы жыцця заўсёды на першым плане.
І ўсё ж вытворчасць – аснова, бо хоць і кажуць, што не хлебам адзіным жыве чалавек, аднак жа і другая прымаўка – “Хлеб – усяму галава”– вельмі правільная.
Таму і гутарку нашу са старшынёй раённага выканаўчага камітэта пачнём з галоўнага – хлеба.
Карэспандэнт: – Алег Леанідавіч, вось і яшчэ адзін год адышоў у гісторыю. Якім ён быў для хлебаробаў раёна, ці задаволены Вы самі вынікамі работы раслінаводчай галіны?
А.Л. Пінчук: –У цэлым для сельскіх працаўнікоў быў спрыяльным. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у параўнанні з двума папярэднімі гадамі вырас прыкладна ў паўтара раза. Хлебаробамі нямала для гэтага было зроблена. Збожжавых з кожнага гектара сабрана 28,6 цэнтнера, бульбы – 157, кукурузы на корм – 451 цэнтнер. У асобных гаспадарках ураджайнасць намнога вышэйшая. Так, у ДП “Порплішча” намалот збожжавых з кожнага гектара склаў 31,4 цэнтнера, у ДП “АграБераснёўка” – 32,6, ДП “АграСітцы” – 31,5 цэнтнера. Выдатна ўрадзіла кукуруза. Па 552 цэнтнеры зялёнай масы з кожнага гектара атрымана ў ДП “Гняздзілава-Агра”, па 530 – у ААТ «Барсучанка». Перавышана 500-цэнтнерная ўраджайнасць гэтай кармавой культуры і ў ДП “АграБераснёўка”, і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.
І тым не менш нашы сельскія працаўнікі здольны атрымліваць лепшыя вынікі. Для гэтага кіраўнікам, спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў неабходна больш увагі ўдзяляць пытанням арганізацыі працы. Вельмі важнае значэнне для ўраджайнасці мае хімічная праполка, трэба больш мэтанакіравана працаваць з насеннем, набываць новыя элітныя перспектыўныя сарты, асабліва гэта датычыцца насення льну. І, канечне ж, клапаціцца пра павышэнне ўрадлівасці глебы: удзяляць увагу вывазцы арганікі, назапашваць мінеральныя ўгнаенні, своечасова праводзіць сяўбу, расшыраць пасяўныя плошчы. Усё гэта разам узятае дазволіць хлебаробам раёна значна павысіць ураджайнасць сельгаскультур. І мы да гэтага павінны імкнуцца. Яшчэ ў 60-х гадах, калі кіраўніком раёна была У.Ф. Крышталевіч, на докшыцкай зямлі ўраджайнасць збожжавых перавышала 40 цэнтнераў. Сёння наша мэта – не толькі дасягнуць гэтага паказчыка, але і пераўзысці яго.
Кар.: – Ад поспехаў у раслінаводстве ў многім залежаць справы ў жывёлагадоўлі. З якімі вынікамі завяршылі 2011 год працаўнікі гэтай галіны і якія ставяць задачы на год 2012-ты?
А.Л.: – Каб мець высокія надоі малака і добрыя прывагі жывёлы, трэба ўдосталь карміць жывёлу. На сёлетні зімова-стойлавы перыяд у раёне нарыхтавана дастаткова кармоў. У разліку на ўмоўную жывёліну прыходзіцца па 37,8 цэнтнера кармавых адзінак.
У апошні час вялікая ўвага ўдзяляецца тэхнічнаму перааснашчэнню ферм: заменьваюцца і ўстанаўліваюцца малакаправоды, ахаладжальнае абсталяванне, сістэма гноевыдалення, праводзіцца ўстройства кормараздатчыкаў і кармавых сталоў. Лепшымі гаспадаркамі ў гэтым плане з’яўляюцца ДП “Порплішча”, дзе ад кожнай каровы за 11 месяцаў атрымана 4355 кілаграмаў малака, ААТ “Таргуны”, дзе гэты паказчык складае 4350 кілаграмаў, ДП “Гняздзілава” – 4187 кілаграмаў. Сярод тых, хто недапрацоўвае ў гэтай галіне, ДП “АграСітцы”.
З мэтай атрымання вышэйшых надояў малака, паляпшэння яго якасці, вышэйшага працэнта таварнасці, а значыць і павелічэння рэнтабельнасці вытворчасці, у раёне пачата і будзе весціся ў далейшым работа па рэканструкцыі малочнатаварных ферм. У 2011 годзе была рэканструявана 21 МТФ, у 2012-м у кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве правядзём рэканструкцыю адной ферме.
Акрамя гэтага, асаблівая ўвага будзе звернута на тэхналогію кармлення жывёлы і збалансаванасць кармоў, на пытанні маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці людзей, якія працуюць на фермах. Бо ёсць у гэтым плане яшчэ і недапрацоўкі, асабліва ў арганізацыі работы свінагадоўчых ферм.
Кар.: – Мяркуючы па тых упэўненых кроках, якімі ідзе раён у заўтрашні дзень пад Вашым кіраўніцтвам, Вы за плячыма маеце ўжо немалы вопыт арганізатарскай работы ў вытворчай і сельскагаспадарчай сферах?
А.Л.: – На працягу адзінаццаці год я ўзначальваў саўгас у Лёзненскім раёне. Далёка не перадавы. Потым да яго былі далучаны яшчэ дзве гаспадаркі. Не буду падрабязна расказваць, як няпроста было дабівацца лепшых вынікаў. Але гаспадарка з адстаючых усё ж выйшла ў лік перадавых.
Кар.: – Кіраўнік вертыкалі – фігура палітычная. Яго справы насельніцтва раёна ацэньвае, перш за ўсё, па адносінах да інтарэсаў і клопатаў людзей. Што ўдалося зрабіць у вырашэнні сацыяльных праблем рэгіёна?
А.Л.: – Магу сказаць, што ў гэтай сферы зроблена нямала. І асабліва, што тычыцца медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Распачаты рамонтныя работы ў цэнтральнай раённай бальніцы. Там абноўлена медыцынскае абсталяванне. Паляпшаюцца ўмовы як для лячэння хворых, так і для работы медыцынскага персаналу. Не так даўно пераабсталявалі і перамясцілі ў тэрапеўтычнае аддзяленне буфет, у якім цяпер можна не толькі купіць пачак пячэння ці ліманад, але і добра паабедаць, паколькі у меню прысутнічаюць гарачыя стравы.
Вялікія пераўтварэнні адбываюцца і ў сферы гандлю. У апошні час у раёне пабудавана нямала новых магазінаў, праводзіцца пераабсталяванне ўжо існуючых. Пры гэтым звяртаецца ўвага не толькі на стварэнне лепшых умоў для нашых пакупнікоў, але і аб работніках прылаўка праяўляюцца клопаты: у магазінах, дзе праведзены рамонт, цёпла, светла, утульна.
А паглядзіце, як расшырыўся ў апошні час наш гарадскі рынак. І ўсё ж галоўнае – гэта здаровы лад жыцця нашых людзей. Удзяляецца ўвага заняткам фізічнай культуры сярод моладзі, набываецца спартыўны інвентар, будуецца басейн. Калі маладым у вольны час будзе чым заняцца, думаю, што і шкодных звычак стане менш.
Кар.: – Алег Леанідавіч, як паспелі заўважыць жыхары раёна, Вы асабіста неабыякава адносіцеся да парадку на зямлі. Гэта бачна па вялікіх зменах, што адбываюцца ў райцэнтры, ды і ў іншых населеных пунктах. А якім Вам бачыцца наш раён у будучым?
А.Л.: – Работа па навядзенні парадку як на зямлі ўвогуле, так і ў саміх населеных пунктах будзе прадоўжана і ў 2012 годзе, і ў наступныя гады. Як кожны з нас клапоціцца пра чысціню ў сваім доме, кватэры, так трэба ўсім разам клапаціцца і пра свой раён, які з’яўляецца нашым агульным домам. А значыць, і ствараць прыгажосць і ўтульнасць у ім павінны ўсе разам. Асноўнае тут — добраўпарадкаванне вёсак, знос старых, трухлявых дамоў, заворванне пустуючых участкаў, у буйных населеных пунктах – развіццё інфраструктуры з месцамі адпачынку для дзяцей, моладзі.
На бліжэйшую перспектыву запланавана стварэнне аранжарэі плошчай 0,3 гектара, дзе круглы год будуць вырошчвацца кветкі. Дырэктару РУП ЖКГ дадзена заданне ажыццявіць намечанае ўжо ў 2012 годзе.
Кар.: – У раёне падрастае маладое пакаленне. Докшыччына стала першым месцам працы для многіх маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць сюды пасля заканчэння адпаведных навучальных устаноў. Што, на Ваш погляд, можа замацаваць маладыя кадры ў сельскім рэгіёне, якім з’яўляецца наш?
А.Л.: – У першую чаргу, гэта наяўнасць уласнага жылля. Маладым будзе аказана садзейнічанне ў будаўніцтве індывідуальнага жылля. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, куды прыйшлі працаваць маладыя кадры, дадзены ўказанні – з разуменнем адносіцца да іх жыццёвых патрэб і быць гатовымі разгледзець усе магчымасці, каб забяспечыць спецыялістаў жыллём, стварыць камфортныя ўмовы працы. Бо замацаванне моладзі ў раёне – у нашых інтарэсах.
Кар.: – Алег Леанідавіч, ці часта прыходзіцца Вам бываць непасрэдна на вытворчых сацыяльных аб’ектах і што Вы маеце на мэце ў час гэтых паездак?
А.Л.: – Не скажу, што кожны дзень, але бываю часта. У час такіх паездак я сам асабіста ўпэўніваюся, што з раней запланаванага зроблена. Гэта дазваляе ацэньваць сітуацыю не па чутках або чыіхсьці довадах, а бачыць, як усё ёсць на самой справе, без скажэння фактаў. Падчас такіх паездак асабіста з кожным кіраўніком вызначаем, што канкрэтна будзе зроблена і за які час.
Кар.: –. Чаго Вы патрабуеце ад падначаленых?
А.Л. – Я хачу, каб побач са мной былі чэсныя, адказныя, дастойныя людзі. А патрабую таго, чаго патрабуюць Прэзідэнт, сённяшняе жыццё і людзі нашага раёна. Гэта і рамонт жылля, і павелічэнне заработнай платы, і занятасць насельніцтва, і многае іншае.
Кар.: – Кожны раз, сустракаючы Новы год, мы ўскладваем на яго ажыццяўленне нейкіх сваіх планаў, здзяйсненне мэт. У кіраўніка раённай вертыкалі, безумоўна, яны больш маштабныя, бо ён у адказе за ўвесь раён…
А.Л.: – Не бывае такога, каб поспех прыходзіў сам па сабе. Каб дабіцца добрага выніку, трэба на яго папрацаваць. Прытым – напружана. Той, хто працуе добрасумленна, ведае, якой цаной даецца вынік.
Хацелася б у новым годзе завяршыць будаўніцтва і ўвесці ў дзеянне спартыўна-аздараўленчы комплекс. Пачаць будаўніцтва новай фермы ў в. Вецяра. У кожным сельгаспрадпрыемстве рэканструяваць па 1-й МТФ. Хочацца падняць заработную плату жывёлаводам. Павялічыць аб’ём прамысловай прадукцыі. Завяршыць будаўнічыя работы па ўвядзенні ў дзеянне Цэнтра кругласутачнага прабывання адзінокіх пажылых людзей у Крулеўшчыне, правесці рамонт асфальтавага пакрыцця на дарогах і вуліцах і, улічваючы, наколькі складана вырашаецца гэта пытанне, – то хаця б пачаць рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў.
Па меры магчымасцей будзе працягвацца і будаўніцтва жылля, хаця з гэтым пытаннем складаней у сувязі са скарачэннем ільготных крэдытаў, некаторымі іншымі абмежаваннямі.
Планаў і добрых задумак нямала, і трэба будзе напружана працаваць для іх ажыццяўлення.
Віншую ўсіх жыхароў Докшыцкага раёна з Новым 2012 годам, жадаю моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця, поспехаў у працы, дабрабыту і згоды ў сем’ях. Няхай новы год будзе больш багатым на нашы агульныя працоўныя дасягненні, а кожнаму прынясе ажыццяўленне асабістых планаў і надзей.