В Парафьяновской СШ Докшицкого района действуют восемнадцать объединений по интересам
Яшчэ Яўгеній Шварц у сваёй “Казцы пра страчаны час” зрабіў вывад наконт абібокаў: чалавек, які дарэмна траціць час, не заўважае, як губляе сваю энергію, а з ёю і маладосць. Каб стрэлкі жыццёвага гадзінніка не збіваліся і ішлі сваім ходам, з самага маленства нас выхоўваюць і вучаць асаблівым правілам жыцця. Баўленне вольнага часу – адно з гэтых правілаў, якому шмат увагі надзяляюць установы адукацыі. Школы заўсёды былі зацікаўлены, каб іх вучні набывалі не толькі веды, але і добрыя звычкі, былі ўсебакова развітыя, эрудзіраваныя.
Вольны час — не страчаны час
У Параф’янаўскай СШ дзейнічаюць васямнаццаць аб’яднанняў па інтарэсах, з іх дзевяць – ад установы адукацыі, два ад дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сем – раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Пяцьдзясят чатыры факультатывы дазваляюць вучням розных класаў пашыраць і ўдасканальваць свае веды па любімых прадметах. Асобным пытаннем стаіць занятасць хлопчыкаў і дзяўчынак у так званы шосты школьны дзень. Так, традыцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя розным святам і падзеям, у асноўным праводзяцца па суботах. Акрамя гэтага, кожная другая субота – дзень здароўя. Шмат сярод параф’янаўскай моладзі аматараў здаровага ладу жыцця: добраахвотны моладзевы клуб “Лідар”, што збірае зацікаўленых спартыўнай гульнёй у баскетбол, вызначаецца масавасцю наведвальнікаў, сярод якіх не толькі цяперашнія вучні, але і былыя. Па пятніцах аматары спорту займаюцца агульнай фізічнай падрыхтоўкай або гуляюць у валейбол. Дзейнічаюць у шосты дзень і аб’яднанні па інтарэсах.
У таленавітых педагогаў і дзеці таленавітыя
Шмат параф’янаўскіх школьнікаў зацікаўлены мастацтвам. Напэўна таму, што настаўніцы – Вольга Сазановіч і Святлана Ючкавіч – сваімі талентам і педагагічным майстэрствам даўно авалодалі сэрцам амаль кожнага вучня. Вольга Антонаўна выкладае грамадскую працу, кіруе гуртком “Мастацтва рукадзелля” і грамадскакарыснай працай. Пра здольнасці і поспехі яе навучэнцаў мы ўжо расказвалі на старонках раёнкі. Святлана Мар’янаўна – педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. На базе Параф’янаўскай СШ яна займаецца выяўленчым мастацтвам і дэкаратыўным дызайнам.
– Заняткі па дэкаратыўным дызайне наведваюць у асноўным вучні 5-6 класаў, – расказвае Святлана Мар’янаўна. – Мы вывучаем тэхнікі бісерапляцення і папяровай пластыкі. Сама вельмі цікаўлюся керамікай, таму і дзецям хацелася б паказаць што-небудзь з гэтага віду мастацтва.
У аб’яднанні па выяўленчым мастацтве тры ўзроставыя групы – усяго дзесьці 45 чалавек. Калі ў малодшых класах амаль кожны другі вучань любіць і хоча маляваць, то у старэйшых на заняткі ідуць толькі тыя, хто можа, і каму такі від творчасці вельмі падабаецца. А такіх у школе нямала. Ганарыцца Святлана Мар’янаўна сваімі таленавітымі вучнямі, многія з іх і пасля школы працягваюць мастацкую дзейнасць. У ліку такіх Аліна Зорычус, Таццяна Маркевіч, Дзмітрый Каросцік, Валянціна Вашчонак, Віка Каляга і многія іншыя.
Вольга Сазановіч і Святлана Ючкавіч заўсёды знаходзяць з вучнямі агульную мову. Можа таму і атрымліваецца гэты тандэм – майстэрства педагогаў і вучнёўскай зацікаўленасці. Як вынік – перамогі на розных мастацкіх конкурсах і школьныя выставы, на якіх можна проста моўчкі любавацца сапраўды па-майстэрску выкананымі вырабамі.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Паліна Пашкоўская (майстар партрэтаў) і Ксенія Грыгаровіч (пейзажы) на школьнай выставе ля сваіх работ.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.