Мы такие, как все

Месячнік, што быў прысвечаны дню інвалідаў, атрымаўся даволі плённым: акрамя іншага, значнай яго падзеяй стаў круглы стол пад назвай “Мы такія, як усе”. Цэнтр дзённага прабывання інвалідаў у чарговы раз запрасіў шматлікіх гасцей, каб пагутарыць па важнай для ўсіх прысутных тэме. Прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – начальнік Уладзімір Петрушэнка і яго намеснік Алена Тулоўская – закранулі патрэбнае пытанне, якое тычылася льгот, пенсійнага забеспячэння і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў. Было адзначана, што ў раёне пачалося стварэнне працоўных месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і гэта значнае дасягненне. У снежні Таццяна Супрун на базе Цэнтра дзённага прабывання інвалідаў (яна з’яўляецца яго наведвальніцай) была прынята на працу па вырабе рытуальных вянкоў.

– Гэта толькі пачатак, – распавядае дырэктар Цэнтра дзённага прабывання інвалідаў  Алена Сарокіна. – Дзякуючы сабраным сродкам, нядаўна для нашага цэнтра была набыта шматаперацыйная электрычная швейная машына. У будучыні плануецца таксама выкарыстанне яе ў якасці працоўнага, а можа і двух сапраўдных працоўных месцаў для нашых наведвальнікаў. Такім чынам людзі з абмежаванымі магчымасцямі становяцца паўнапраўнымі членамі грамадства, яны прыносяць плён стараннай працай і атрымліваюць за гэта матэрыяльнае задавальненне. Нашы наведвальнікі вельмі ўдзячныя за карысны падарунак упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Таксама выступалі з патрэбнай інфармацыяй дырэктар Марыя Курдзека і загадчыца аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН Таісія Клімко. Пра медыцынскае абслугоўванне інвалідаў у рэабілітацыйных цэнтрах, ільготы на лякарствы для іх расказала намесніца галоўнага ўрача ЦРБ Ганна Даніловіч. Айцец Георгій Мялешка прачытаў акафіст Іаана (Крысцьянкіна) пра духоўную падтрымку людзей, якія пакутуюць з-за хвароб, і пра тое, як Гасподзь умацоўвае іх сілы. Завяршылася мерапрыемства добрымі песнямі ў выкананні салістаў эстраднай студыі “Калейдаскоп” ГЦК для гасцей, работнікаў, наведвальнікаў Цэнтра дзённага прабывання інвалідаў і іх бацькоў.

Таццяна МАЦЮШОНАК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *