Состоялось заседание Докшицкого районного исполнительного комитета

День Победы Бегомль 032Адбылося  пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім  разгледжана пытанне “Аб выкананні прагнозных паказчыкаў за 5 месяцаў 2015 года і выплаце заработнай платы ў сельгасарганізацыях”. Да яго была прымеркавана калегія райсельгасхарчу, на якой разглядаліся вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за студзень-май 2015 года.  

Пасяджэнне пачалося з наведвання некаторых гаспадарак, дзе можна было ўпэўніцца, што эфектыўная праца сельскагаспадарчай вытворчасці, як, дарэчы, і любой іншай, магчыма, калі ёй кіруюць не дачаснікі, а сапраўдныя гаспадары. Наглядным прыкладам стала ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Гаспадарка – адна з тых, дзе валавая вытворчасць малака за 5 месяцаў перавышае мінулагодні ўзровень на 5,9 працэнта. Адпаведна вырасла яго рэалізацыя і таварнасць. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы з пачатку года складаюць 614 грамаў (на 34 г вышэй, чым у 2014 г.) Плюсы ў жывёлагадоўлі абумоўлены эфектыўнай дзейнасцю такой галіны, як раслінаводства. З кармамі была гаспадарка ў мінулую зімоўку, будзе з імі і сёлета. Такі вывад у стане зрабіць любы, нават самы недасведчаны чалавек, убачыўшы, як наладжана ў гаспадарцы кормавытворчасць. Зайздросны травастой атрымалі на сенажацях, у тым ліку і на выпрацаваных тарфяніках. Яго ўраджайнасць у перакладзе на зялёную масу склала 295 ц з гектара. Ніякіх вялікіх сакрэтаў у гэтым няма: своечасовае перазалужэнне (кожныя чатыры гады) і правільна падабраныя культуры. На тарфяным полі ля вёскі Куты, якое наведалі ўдзельнікі пасяджэння, у травастоі мелі перавагу кастрэц, ліхахвост, цімафееўка, якія выраслі літаральна ў пояс. Арганізацыя працы механізаванага атрада на нарыхтоўцы кармоў таксама заслугоўвае ўвагі, хаця нічога звышнатуральнага ў ёй няма. Звычайныя азбучныя ісціны: добра адладжаная за зіму ўборачная тэхніка (два корманарыхтоўчыя комплексы, з іх адзін “Ягуар”, пяць ПІМаў, чатыры прэсы і столькі ж грабель) з падабранымі кадрамі і своечасова складзены план работы, у адпаведнасці з якім штодзённа налічваецца зарплата. Таму за дзень тут нарыхтоўваюць па 150 тон сена і за 2-3 дні запаўняюць яму ў 1000 тон якасным сенажом, бо строга захоўваецца ўся тэхналогія закладкі. Пры такой арганізацыі працы можна не сумнявацца, што 34 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную жывёліну, як было запланавана, тут будзе нарыхтавана.
Свежым пахучым сенцам ужо падкормліваюць цялятак, і яны выглядаюць надта спраўна. Увесь маладняк знаходзіцца на свежым паветры на бяспрывязным утрыманні, а тым часам вытворчае памяшканне фермы “Альхоўка”, куды таксама зазірнулі ўдзельнікі пасяджэння выканкама, пачысцілі, зрабілі дэзінфекцыю, зараз вапнуюць. Радуе вока добраўпарадкаванне, праведзенае на прылягаючай да фермы тэрыторыі.
Разумна з элементамі франтальнай пасьбы арганізаваны і выпас дойнага статка. Для кароў адводзіцца не клетка, дзе яны таўкліся б, пакуль не вытапталі ўсю расліннасць да чорнай зямлі, а лінія (фронт) у 15 метраў даўжынёй. Прыкладна праз гадзіну статак пераганяецца далей, а страўлены ўчастак тым часам падкошваецца. Такім чынам, пакуль дойдзе чарга да апошняй лініі, на першай ужо зноў вырасце трава. Пашавыя палі перазалужаюцца праз два гады.

День Победы Бегомль 039
Вось такія простыя сакрэты і, галоўнае, што гэта не патрабуе ніякіх дадатковых фінансавых укладанняў. Ёсць толькі адна ўмова: патрэбна наяўнасць разумнага, талковага начальніка, які б лічыў за ганьбу кіраваць людзьмі, калі не можа забяспечыць выплату ім зарплаты. Аграсэрвісу ў гэтым плане пашанцавала: былы дырэктар М.І. Шульгат, які распрацаваў стратэгію развіцця арганізацыі, правільна выбраў пераемніка. Сённяшні дырэктар В.М. Васюковіч дастойна працягвае справу.
Поўнай процілегласцю ўбачанаму ў Райаграсэрвісе сталі сенажаці ДП “АграБераснёўка”. Па полі, дзе травастой месцамі не даставаў і шчыкалаткі, ганялі ўпустую, марнуючы паліва, “Ягуар”, з рукава якога вылятаў рэдзенькі струменьчык здробненай травы. Кармавыя адзінкі, неабходныя для ўтрымання пагалоўя ў наступную зімоўку, на пустым полі, дзе растуць кветачкі-люцікі, не ўзяць. Галоўнаму аграному з 30-гадовым стажам гэта, канечне, вядома, як і кіраўніку гаспадаркі, які, праўда, нядаўна прыступіў да выканання абавязкаў. Работы па перазалужэнні і падсеве траў тут распачаты, але круцей трэба брацца, бо вельмі шмат часу змарнавана дарма.
Яго, мяркуючы, па выніках дзейнасці за студзень-май сельскагаспадарчай галіны раёна, няма наогул. Па інфармацыі начальніка аддзела планавання, уліку і рэфармавання ўпраўлення райсельгасхарчу М.Э. Клімовіч, шэсць гаспадарак раёна знізілі вытворчасць валавой прадукцыі. У выніку аб’ём вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі да ўзроўню 2014 года зменшыўся на 12 мільярдаў рублёў. Валавая вытворчасць малака зніжана на 503 тоны, у асноўным недабор прыйшоўся на май месяц, бо сёлета пазней пачаўся выпас жывёлы. На 318 тон менш атрымана валавых прываг БРЖ. Зніжана рэалізацыя мяса. У трох гаспадарках выручка ад яго продажу за 4 месяцы атрымалася ніжэйшай за ўзровень 2014 года. Гэта ДП “АграСітцы”, ААТ “Таргуны”, “Замастачанскае”.
ДП “Гняздзілава-Агра”, СГФ “Бягомльскі”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, КУСГП імя Чэрныша, забяспечылі рост вытворчасці над заработнай платай. КУП “Докшыцкі” і ДП “АграБераснёўка” на патрэбны паказчык іх суадноснасці, які павінен быць не ніжэйшым за адзінку, выйшлі толькі ў маі. Ніжэйшым ён атрымаўся ў ДП “АграСітцы”, ААТ “Таргуны”, “Замастачанскае”, “Барсучанка”. Пры такім паказчыку пастановай Савета Міністраў забараняецца павышэнне заработнай платы. Але КУП “Докшыцкі”, нягледзячы на наяўнасць каэфіцыента суадноснасці 0,99, на павышаную стаўку першага разраду перайшло ўжо з сакавіка 2015 года. У сярэднім жа па раёне памер сярэднямесячнай заработнай платы вырас на 14,1 працэнта і склаў 3591 рубель, у красавіку – 4199 рублёў. Для параўнання: у ПМК-52 у гэтым жа месяцы яна склала 2894 тысячы рублёў, ПМС – 3270 тысяч рублёў, райста – 3411 тысяч рублёў, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – 3769 тысяч рублёў. Асабліва віртуозна налаўчыліся “маляваць” сабе зарплату ў ДП “АграСітцы”. Пры наяўнасці самых горшых вытворча-фінансавых паказчыкаў не толькі ў раёне, але і вобласці (за 5 месяцаў атрымана толькі палова мінулагодняй выручкі), поўнай адсутнасці крыніц для выплаты зарплаты ў спецыялістаў яна тым не менш самая вышэйшая сярод усіх гаспадарак раёна! Дырэктары там зменьваюцца адзін за другім, але ж галоўны аграном П.Р. Маслаў, галоўны інжынер П.С. Януковіч, намеснік па вытворчасці С.С. Кучко працуюць практычна ўсё жыццё. І ўсе трое маюць неабходныя якасці для таго, каб арганізаваць эфектыўную вытворчасць. Чаму ж тады яны забыліся пра тыя дзве з паловай сотні працаўнікоў, за якіх нясуць адказнасць? Яшчэ з паўгода налічэння такіх зарплат, і прадпрыемства “з’есць” само сябе.
Ніводная гаспадарка не мае на сённяшні дзень крыніц для выплаты заработнай платы. Крэдыторская запазычанасць перад ААТ “Лепельскі МКК” склала 158 мільярдаў рублёў. З гэтай сумы львіная доля належыць ДП “АграСітцы” і “АграБераснёўка”. Усе сельгаспрадпрыемствы праавансаваны наперад, пачынаючы з Райаграсэрвіса (на 137 дзён) і заканчваючы ДП “АграБераснёўка” (на 4 гады). Запазычанасць перад ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” складае 2,7 мільярда рублёў.
Такім чынам, нягледзячы на зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці, узровень зарплаты расце, і наш раён па ёй сярод лідараў у вобласці. Пачынаючы са студзеня, у гаспадарках назіраюцца затрымкі з яе выплатай. У шасці з іх зарплата не выдадзена яшчэ за сакавік. Да сітуацыі, якая склалася, прывяло ўсё вышэйсказанае. Толькі, мяркуючы па той інфармацыі, якая была агучана на калегіі райсельгасхарчу, кіраўнікі і спецыялісты некаторых гаспадарак па-ранейшаму чакаюць, што іх уратуе нябесны цуд, а не ўласныя намаганні.

***

Як бачна з выступлення на калегіі першага намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Н.У. Зямчонак, сёння трывогі не выклікае праца такіх сельгасарганізацый, як СГФ “Бягомльскі”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, у якіх назіраецца адладжаная сістэма развіцця вытворчасці. Паляпшаецца становішча спраў у КУСГП імя Чэрныша, ДП “Гняздзілава-Агра”, ААТ “Барсучанка”, чаго пакуль што нельга сказаць пра ААТ “Таргуны”. Мінус па валавым надоі малака да ўзроўню 2014 года амаль у 400 тон, пры ўсіх намаганнях, немагчыма ліквідаваць у бліжэйшы месяц. Палепшылі мінулагоднія паказчыкі па надоях малака і сярэднясутачных прывагах жывёлы ДП “Аграбераснёўка” і КУП “Докшыцкі”. Сур’ёзна трэба брацца за справу ААТ “Замастачанскае”. Суцэльныя мінусы ў вытворчасці назіраюцца ў ДП “АграСітцы”, а сярэднясутачны надой малака ад каровы выклікае смех праз слёзы (922 кг). Іншых вынікаў і быць не можа пры ўсіх тых парушэннях тэхналогіі вытворчасці малака, якія прысутнічаюць у гаспадарцы.

ДП “АграСітцы” раскрытыкавала ў сваім выступленні і намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Л.А. Бальчэўская. У гаспадарцы ўзарана толькі палова плошчы. Незасеянымі засталіся каля 900 гектараў. Не выкананы заданні па перазалужэнні, хаця насеннем гаспадарка забяспечана. Прамаруджваюць з гэтай работай таксама ў КУП “Докшыцкі”, ААТ “Замастачанскае”.

Наогул жа, як адзначыла дакладчык, за апошнія гады якасны састаў траў палепшыўся. На 565 гектарах пасеяна люцэрна. Закладзена больш чым 4 тысячы гектараў шматкампанентнай пашы. Завезена насенне сенакоснай сумесі для тарфянікаў на плошчу прыкладна 700 гектараў. Але па-ранейшаму нізкай застаецца прадукцыйнасць лугавых угоддзяў, а менавіта ад іх напрамую залежаць аб’ёмы нарыхтоўкі кармоў. Каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос, першы ўжо трэба завяршыць не пазней як 25 чэрвеня і атрымаць з яго 28,9 тысяч тон кармавых адзінак травяных кармоў. Пакуль што, як бачна, на поўную сілу нарыхтоўка кармоў ідзе толькі ў Райаграсэрвісе.

Л.А. Бальчэўская паўшчувала аграномаў, на сумленні якіх несвоечасовае падкошванне пашы пасля яе страўлівання. Спынілася таксама на правядзенні догляду пасеваў яравых культур, а таксама кукурузы, росту якой не спрыяе сёлетняе надвор’е.

Па разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя пастановы, рашэнні, у тым ліку і кадравыя. Вінаватым службовым асобам вынесены пакаранні.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: травастой у ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» і ДП “Аграбераснёўка”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *