Праздник вело- и мотолюбителей «Навстречу ветру» прошёл в Докшицком районе
Вельмі ажыўлена было 26 ліпеня на цэнтральнай вуліцы аграгарадка Крулеўшчына, дзе ўвечары, у дваццаць гадзін, парадам матацыклістаў і веласіпедыстаў распачалося свята вела- і мотааматараў (здымак 1). Асноўная частка мерапрыемства, прысвечанага людзям, якія не ўяўляюць свайго жыцця без “жалезнага сябра”, ведаюць, як гэта здорава – імчаць насустрач ветру, любіць волю, слухаць гул матора, праходзіла на плошчы каля Цэнтра культуры і вольнага часу. На арганізаваных пляцоўках можна было ўбачыць работнікаў бібліятэкі, якія падрыхтавалі для прысутных розныя гульнявыя праграмы, прадстаўнікоў Дома рамёстваў з уласнай сувенірнай прадукцыяй, прадаўцоў папкорна і салодкай ваты. Усе, хто жадаў, маглі зрабіць на памяць фотаздымак на сапраўдным “крутым” байку.
Вядучыя мерапрыемства паведамілі прысутным цікавыя факты з гісторыі ўзнікнення і мадэрнізацыі матацыклаў і веласіпедаў, а затым далі старт квэст-гульні “Насустрач ветру”. Спаборнічалі між сабой шэсць веласіпедыстаў і, па гэтым жа прынцыпе, шэсць матацыклістаў. Умовы гульні былі такія: у пункце адпраўлення кожны ўдзельнік атрымліваў канверт, у якім знаходзілася частка эмблемы свята, а таксама быў зашыфраваны наступны пункт назначэння, даехаўшы да якога ўдзельнік павінен быў правільна і хутка выканаць заданні, атрымаць канверт з другой часткай эмблемы і гэтак далей. На апошнім пікеце патрэбна было склеіць усе часткі эмблемы і даставіць яе ў пункт адпраўлення.
Гульня стартавала, балельшчыкі вельмі актыўна і эмацыянальна падтрымлівалі ўдзельнікаў. І ў гэты ж час каля сцэны разгарэлася яшчэ адно спаборніцтва – сярод самых юных веласіпедыстаў. Шэсць маленькіх велааматараў дэманстравалі сваё ўменне хутка і акуратна аб’язджаць перашкоды. Пераможцаў у гэтай гульні не вызначалі, усе ўдзельнікі атрымалі падарункі, а дыпломам была ўзнагароджана самая юная веласіпедыстка Каця Кавалёва, якая яшчэ наведвае дзіцячы садок і катаецца на трохкалёсным “жалезным кані”.
Пакуль прадаўжалася спаборніцтва паміж удзельнікамі квэст-гульні, гледачы маглі паглядзець таксама канцэртную праграму, у якой прынялі ўдзел салісты Крулеўшчынскага Цэнтра культуры і вольнага часу Лізавета Міхмель, Яна Асон, Аксана Козел, Міхаіл Багданаў, а таксама салістка народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” з Докшыц Вольга Стадольнік, усім нам вядомыя Андрэй Чабан і Андрэй Воранаў, які, дарэчы, на сваім “харлеі” быў яшчэ і ўдзельнікам парада (здымак 2).
Па выніках квэст-гульні каралём матацыкла быў прызнаны і атрымаў памятны падарунак Уладзіслаў Чайко, а Вольга Козак стала каралевай веласіпеда.
Цікавая фотавыстаўка на свяце таксама была арганізавана не проста так. Па выніках інтэрнэт-галасавання ў намінацыі “Жалезная ледзі” перамогу атрымаў фотаздымак Алесі Цяслёнак, у намінацыі “Жалезны прынц” перамагла Паліна Шкелка, у намінацыі “Жывая сталь” – Максім Пургін, а прыз глядацкіх сімпатый за сваё фота атрымала Вікторыя Мажанская.
Завяршылася свята канцэртам рок-груп з г. Докшыцы і г. Мінска.