В Докшицком районе летом работали студотряды
Адным лета – для адпачынку, другім – для заробку грошай. Гэта тычыцца тых юнакоў і дзяўчат, якія выбралі актыўнае баўленне часу – працу ў студатрадзе.
– Штогод у раёне арганізоўваецца занятасць моладзі ў летні перыяд, – паведаміла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. – Студатрады, у якія можна ўладкавацца на часовую работу, даюць магчымасць зарабіць свае асабістыя грошы. Прыемна, што з кожным годам колькасць тых, хто жадае працаваць, павялічваецца. Рабяты вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку, з іх заработнай платы ўтрымліваецца толькі 4 працэнты на развіццё студатрадаўскага руху.
Сёлета ў раёне працавала пятнаццаць атрадаў. Вучні дзвюх гарадскіх школ, а таксама Крулеўшчынскай СШ, шэсцьдзясят чатыры чалавекі, былі заняты ў фермерскай гаспадарцы “Лайкпол”. У аздараўленчым лагеры “Бярозка” традыцыйна не толькі працуюць вучні, але і праходзяць практыку студэнты. Дзейнічалі атрады ў фермерскай гаспадарцы “Брадок” і “Бягомльскім лясгасе”.
Студэнцкая і школьная моладзь прыняла актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі: працавалі на зернесушылках, памочнікамі камбайнераў.
Дзесяць маладых хлопцаў былі ўладкаваны падсобнымі рабочымі ў складзе студэнцкага сельскагаспадарчага атрада імя Героя Савецкага Саюза А.І. Чэрныша (на здымку). Дарэчы, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі шматлікія студэнцкія атрады называюць сябе імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Па словах юнакоў, працаваць ім тут вельмі падабаецца, тым больш што можна не толькі падзарабіць, але і з карысцю правесці свой вольны час.
Усяго за лета было працаўладкавана 237 чалавек.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.