Докшицкий хлебозавод посетил Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь В.П. Андрейченко
Раён наведаў дэпутат, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанка. У час паездкі спікер беларускага парламента пабываў у шэрагу арганізацый і прадпрыемстваў раёна, у тым ліку на Докшыцкім хлебазаводзе. Яго цікавіў стан спраў на прадпрыемстве, смак прадукцыі якога ведаюць за межамі рэгіёна, у тым ліку і ў сталіцы.
Хлебазавод на працягу апошніх пяці год упэўнена нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. За гэты перыяд выпуск хлебабулачных вырабаў павялічыўся на 236 тон, кандытарскіх – на 19 тон, а дыетычных і дыябетычных – у тры разы. У сярэднім кожныя суткі сталі выпякаць на адну тону больш. Палавіна прадукцыі (кандытарскай – 90 працэнтаў) прадаецца ва ўпакаваным і нарэзаным выглядзе. На сённяшні дзень у асартыменце налічваецца больш за 20 назваў хлеба, больш за 10 – булачных вырабаў і 35 – кандытарскіх. Ноў-хаў прадпрыемства стаў хлеб “Вурцэльброт”, які вырабляецца па нямецкай тэхналогіі. Штогод засвойваецца выпуск да 80 працэнтаў новых вырабаў.
Палова прадукцыі рэалізуецца ў суседніх раёнах і ў больш за 100 гандлёвых кропках Мінска.
Каб зрабіць яе канкурэнтназдольнай, апошнія 5 год прадпрыемства ўзмоцнена займаецца тэхнічным пераабсталяваннем. Яго аснову ў 2011 годзе паклаў самы буйны набытак завода – эканамічны кампрэсар і дадатковая газавая печ для вытворчасці чарэневых сартоў хлеба. Тады ўдалося сэканоміць 73 мільёны рублёў. У наступным годзе замена газавай печы для выпуску фармавога хлеба прынесла эканомію ў 219 мільёнаў рублёў. Набылі новы аўтамабіль для дастаўкі мукі і гэтым самым дадалі яшчэ 32 мільёны рублёў.
На працягу апошніх трох год за ўласныя сродкі вядзецца мадэрнізацыя фасада вытворчага корпусу прадпрыемства. Праведзены бягучыя рамонты санпрапускнікоў, бытавых памяшканняў кандытарскага, хлебабулачнага цэхаў. Завершана рэканструкцыя вытворча-тэхнічнай лабараторыі. Зараз яе тэхнічнае аснашчэнне поўнасцю адпавядае патрабаванням Мытнага саюза.
Абнаўляецца абсталяванне, у якога закончыўся тэрмін амартызацыі. Набыты ўстаноўкі для нарэзкі і ўпакоўкі вырабаў. Абнаўляецца аўтапарк для павелічэння паставак прадукцыі за межы раёна.
Высокі госць даў належную ацэнку дзейнасці прадпрыемства, але адзначыў, што, каб рухацца далей наперад, трэба засвойваць новыя рынкі збыту, прычым за межамі Беларусі, напрыклад, у Расіі і імкнуцца рэалізоўваць там да 70 працэнтаў прадукцыі. Тады будуць апраўданы валютныя затраты на мадэрнізацыю завода і перавод вытворчасці на выкарыстанне газу. Адшукаць “сваю” нішу ў шчыльным расійскім спажывецкім рынку нялёгка, але гэта – патрабаванне часу і не паспрабаваць яго выканаць нельга.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: У.П. Андрэйчанка ў час наведвання вытворчага цэха.
Фота А. Варанковіча.