Популярность ансамбля Бегомльской детской школы искусств «Сакавіца» набирает обороты
Штогод папулярнасць ансамбля Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў “Сакавіца” набірае абароты. Сёлета ён пабываў на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Нашы зямлячкі прывезлі з культурнага мерапрыемства некалькі ўзнагарод. На свяце “Ручнік як лёс”, якое праходзіла ў межах фестывалю, “Сакавіца” прадставіла аўтарскую песню “Ручнік-вышыванка” (словы – Маі Лісічонак, музыка – Алены Шаркевіч), і атрымала Дыплом за захаванне народных традыцый. Бягомльскі ансамбль пакуль не мае звання народнага, але артыстаў з задавальненнем прынялі на свяце народных калектываў “А музыкі граюць, граюць…” і адзначылі спецыяльным Дыпломам. Атрымала “Сакавіца” Падзяку за актыўны ўдзел у кірмашы рамёстваў “Горад майстроў”, які таксама праводзіўся ў межах “Славянкі”.
Дарэчы, аўтарская песня – своеасаблівы “канёк” у творчасці ансамбля з Бягомля. У дуэце паэтэсы Галіны Дземянковай і музыканта Алены Шаркевіч нарадзіўся не адзін цудоўны твор. У гэтым годзе з аўтарскай песняй “Каханне салдаткі” жанчыны былі адзначаны на конкурсе “Таленты Бягомльшчыны”.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.