Подарок Докшицкому отделу ЗАГСа сделал Владимир Шуткин
У мінулым годзе і знутры, і звонку змяніўся выгляд раённага аддзела ЗАГСа: набыла сучасны выгляд зала для рэгістрацыі шлюбу, з’явіўся сквер для закаханых з аўтамабільнай стаянкай. Вядомы каваль Уладзімір Шуткін вырабіў браму-маставую, што стала сімвалам кахання, сям’і і шлюбу. Да 608-годдзя Докшыц майстар зноў падрыхтаваў падарунак – выкаваў лаўку закаханых, якая стане яшчэ адной славутасцю мястэчка. А каб такіх мецэнатаў, як майстар Шуткін, было больш, то і выгляд горада мяняўся б толькі ў лепшы бок, чым радаваў і жыхароў, і гасцей.
– Сёлета ніводная маладая пара не заказвала якое-небудзь іншае месца для рэгістрацыі, – дзеліцца начальнік ЗАГСа Ірына Баговіч. – А вось наконт сцэнарыя правядзення мерапрыемства, то некаторыя праяўляюць фантазію і крэатыў. Сярод самых запамінальных – вяселлі стыляг, байкераў, дальнабойнікаў. Традыцыйнымі сталі ўрачыстасці, на якіх у строях гасцей пераважае адзін колер. Зусім нядаўна рэгістравала шлюб пара, госці якой уваходзілі ў залу для рэгістрацыі з падтанцоўкай. Выглядала гэта незвычайна і цікава. Большасць пар выбіраюць класічную рэгістрацыю шлюбу.
За перыяд са студзеня па верасень 2015 года ў раённым аддзеле ЗАГСа атрымалі статус сям’і 84 пары. За гэты ж перыяд у горадзе нарадзілася 76 дзяцей.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: стаж сямейнага статусу Аляксея і Настассі Чурко – тры гады. Маладыя людзі працуюць у райцэнтры і радуюцца таму, што з кожным годам горад квітнее і прыгажэе.