Тропические чудеса можно наблюдать в агрогородке Крулевщина Докшицкого района
Каб пабачыць пальмы, ехаць у Афрыку не трэба. Гэтыя прыгажуні з цёплага поўдня пасяліліся ўжо на многіх панадворках. Праўда, усе яны штучныя, але ўсё роўна экзатычна. На сядзібе Івана Шпіляка пальмы, а таксама страусы, малпачкі і іншыя дзівосы выглядаюць літаральна “як жывыя”. А ўсё таму, што выраблялі іх рукі мастака. Іван Васільевіч жывапісу нідзе не вучыўся, карыстаўся толькі тымі здольнасцямі, якія дала прырода. Але і іх хапала, каб пісаць усім арганізацыям у Крулеўшчыне лозунгі і плакаты. Спрабаваў нават маляваць партрэты членаў палітбюро. Было гэта даўно, калі яшчэ працаваў разам з жонкай на чыгунцы. З Феняй яны ў згодзе і ладзе пражылі разам 56 год. Мелі адны захапленні і ва ўсім падтрымлівалі адзін аднаго. Яна вельмі любіла сцэну: спявала, танцавала, але больш запомнілася як драматычная актрыса. У дуэце з зубным урачом Уладзімірам Шчэбетам, яны адважыліся нават на ўрыўкі з “Анны Карэнінай”. Муж, каб быць побач, засвоіў самастойна ігру на многіх інструментах, у тым ліку і кларнеце. Тады на канцэрты ў клуб чыгуначнікаў, а было гэта ў 50-60 гады, збіралася ўся Крулеўшчына.
Калі выйшлі на пенсію, Фяўронія Ігнатаўна падбухторыла мужа заняцца стварэннем драўляна-пластыкавых скульптур. Ён паспрабаваў, спадабалася. І зараз кожны год на сядзібе з’яўляецца адзін, а то і некалькі ўсё больш дасканалых вырабаў. Перш, чым “апрануць” іх у пластык, майстар вырабляе скульптуру з дрэва па ўласных эскізах, а потым кожны лісцік, пярынку прыбівае цвіком. Заканчваецца карпатлівая праца – фарбаваннем. Восем месяцаў таму любімай сужэнкі не стала. Зараз Іван Васільевіч вучыцца жыць адзін. З бытам дапамагае справіцца меншая дачка Таццяна. Часта прыязджае і старэйшая Алена з Мінска.
Яны падтрымліваюць тату ва ўсіх пачынаннях і вельмі радуюцца ўсім яго здабыткам: ці то новай скульптуры, ці то перамозе ў шахматна-шашачным турніры на прыз газеты “7 дзён”. Да наступнага лета яшчэ далёка, але Іван Васільевіч ужо зараз прадумвае, як будзе “саджаць” на пальмы малпачак, павялічваць сямейства мядзведзяў. Вырашыў замахнуцца нават на паўлінаў.
Актыўнасці гэтага немаладога чалавека можна толькі пазайздросціць. А калі будзеце ў Крулеўшчыне, завітайце, калі ласка, на вул. М. Горкага, 19, не пашкадуеце.
НА ЗДЫМКУ: малыя архітэктурныя формы Івана Шпіляка.
Фота В. Чарвінскага.
Тамара Альшэўская.