Докшицкие танцоры с удовольствием выступают в костюмах от Натальи Гутор
Наталля Гутар з дзяцінства ведала, што абавязкова будзе шыць. Яе абедзве бабулі ў свой час былі добрымі майстрыхамі, умелі так перакроіць і перашыць старыя рэчы, што яны станавіліся як новыя. Маленькая Наташа фарсіла ў гэтых уборах і марыла, што бабуліна машынка “Зінгер” некалі будзе яе. А пакуль прыдумляла мадэлі адзення для лялек і ладзіла хатнія модныя паказы.
Да сваёй дзіцячай мары яна наблізілася на занятках па швейным майстэрстве ў старэйшых класах. Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж, у які яна паступіла, раскрыў перад дзяўчынай яшчэ большыя магчымасці. Пайшла ў групу закройшчыкаў мужчынскага адзення, раскрой якога лічыцца больш складаным.
– Шмат заказаў па пашыве адзення выконвалі яшчэ падчас вучобы, – расказвае Наталля. – Гэта былі касцюмы для мажарэтак на выступленне ў Францыі. Яшчэ адно цікавае і няпростае заданне – пашыў мужчынскага касцюма з “жаночай” тканіны. Але, напэўна, самым запамінальным стаў паляўнічы касцюм на мужчыну, у якога ахоп сцёгнаў быў 1 м 75 см!
Засвоіўшы прафесію закройшчыка-краўца верхняга мужчынскага адзення, Наталля вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася швачкай на Докшыцкі хлебазавод. Яна шыла спецадзенне, але душа патрабавала палёту. Хацелася фантазіраваць, ствараць, радаваць і сябе, і навакольных. Як на руку, у раёне пачалі праводзіць конкурс “Таленты Докшыччыны”, і самадзейным артыстам з хлебазавода спатрэбіліся сцэнічныя касцюмы. Пашытыя Наталляй прыгожыя зялёныя сукенкі і кашулі запрыкмецілі і пачалі пазычаць іншыя арганізацыі. Потым да краўчыхі сталі звяртацца з просьбай аб пашыве новых касцюмаў. Яна і сёння ўспамінае прыгожыя атласныя строі для ўсходніх танцаў, якія заказвала кіраўнік харэаграфічнага калектыву гарадскога цэнтра культуры “Акцэнт” Марына Чабан. Супрацоўніцтва з Марынай працягваецца. Яны разам прадумваюць кожную мадэль да новых нумароў. Ад работы над сцэнічнымі касцюмамі швачка атрымлівае вялікае задавальненне, а ў адметных строях выступленне артыстаў становіцца больш выразным і запамінальным.
НА ЗДЫМКУ: Наталля Гутар за шыццём новых танцавальных касцюмаў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.