Мария Плюто считает деревню Старое село Докшицкого района своим родным уголком
У вёсцы Старае сяло Сітцаўскага сельсавета жывуць добразычлівыя, працавітыя людзі, і хоць іх зусім нямнога – дзесьці 13 чалавек, а ўзрост большасці перавышае за 70 год – кожны стараецца, каб уласная сядзіба была дагледжанай, прыгожай, вызначалася сярод іншых.
Старэйшынай гэтай вёсачкі некалькі год таму была абрана Марыя Плюта (на здымку) – чалавек просты і ўважлівы. Да каго, як не да старэйшыны, звяртацца вяскоўцам з хвалюючымі пытаннямі. Аднак, па словах Марыі Уладзіміраўны, іх шмат не бывае, бо ўсе службы працуюць як след. Хіба толькі пасадзейнічаць у завозе паліва і расчыстцы дарогі. Ды і тую ў апошнія гады дарожнікі без просьбы аператыўна чысцяць ад снегу, каб у час змагла даехаць аўтакрама да старасельцаў. Вяскоўцы паважаюць сваю старэйшыну за ўвагу і разуменне, за працавітасць і гаспадарлівасць.
Так склалася, што спецыяльнай адукацыі Марыя Плюта ў юнацтве не атрымала, а закончыла толькі сямігадовую школу. У сям’і выхоўвалася пяцёра дзяцей, старэйшай была Марыя. Прыйшлося дзяўчыне папрацаваць і на мясцовай цагельні, і на ферме даяркай. Рукі не баяліся ніякай працы. З такім жа старанным чалавекам і наладзіла сямейны быт. Муж Марыі Уладзіміраўны – Віктар – з суседніх Курдзекаў. Уся яго работа была звязана з працай на зямлі. Механізатар не раз выходзіў пераможцам у раённых спаборніцтвах і лічыўся адным з лепшых работнікаў гаспадаркі. Пасля вяселля маладыя некаторы час жылі ў кватэры, што ў Лісавічах, а потым пабудавалі ўласны дом, у якім гаспадараць і сёння. Абодва знаходзяцца на пенсіі і адпачываюць душой. У доме заўсёды чысціня і парадак. Умовы нават падобныя да гарадскіх: ёсць уся неабходная бытавая тэхніка, якой звычайна не ўбачыш у вясковых хатах. А перад домам размясцілася шыкоўная драўляная альтанка, у якой збіраюцца ўсе родныя, каб адзначыць, напрыклад, нейкую сямейную дату. У канцы лета такой нагодай стала залатое вяселле Віктара і Марыі Плютаў.
За добрае выхаванне сёння гэтым людзям удзячны іх дзеці. Дачка працуе вадзіцелем трамвая, сын – намеснікам дырэктара кабельнага завода. Абое жывуць у сталіцы, але часта прыязджаюць на сваю радзіму, каб адведаць бацькоў і дапамагчы ім па гаспадарцы.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.