«Мистер-артистизм» работает в районном узле электросвязи г. Докшицы
На шоу “Містар-Докшыцы”, якое сёлета ўпершыню прайшло ў райцэнтры, Аляксея Кнырко (на здымку) назвалі Містарам-артыстызм. Адным з самых запамінальных нумароў несумненна стала тэатральная мініяцюра “Танцуюць усе!” у яго выкананні.
Здавалася, што сціплы ў звычайным жыцці хлопец на сцэне адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Насамрэч, ён яшчэ ў школе дэманстраваў свае творчыя здольнасці: захапляўся брэйк-дансам і рэпам. Яго выступленні на “ўра” праходзілі на мерапрыемствах у родным Крулеўшчынскім доме культуры.
Ёсць у Аляксея і працоўныя дасягненні – фотаздымак электрамеханіка раённага вузла электрасувязі знаходзіцца на раённай Дошцы Гонару.
– Калі вучыўся ў каледжы сувязі, то праходзіў практыку ў РВЭС, – распавядае наш герой. – На той час у Крулеўшчыне адкрываўся Цэнтр грамадскага доступу да сеткі Інтэрнэт, у якім мне прапанавалі пасаду аператара сувязі. Працаваў там амаль два гады, пакуль не прызвалі ў армію. Пасля службы ўладкаваўся электраманцёрам на Белтэлекам. У мае абавязкі ўваходзіла ўстараненне пашкоджанняў, звязаных з Інтэрнэтам і тэлебачаннем ZALA. Калі скончыў каледж – перавялі на электрамеханіка. З цягам часу з лінейнага ўчастка перайшоў на дыстанцыйны: у кожным населеным пункце стаяць аўтаматычныя тэлефонныя станцыі (АТС), якія трэба абслугоўваць, гэта значыць, устараняць няспраўнасці, праводзіць прафілактычныя работы. Акрамя гэтага, мы падключаем абанентаў да Інтэрнэту і ZALA. Так, амаль штодня ездзім па раёне, павялічваем колькасць карыстальнікаў сусветнай сеткі.
За час размовы Лёша пастаянна ўспамінаў калег. На яго думку, не было б у яго адметных поспехаў, каб не падтрымка і дапамога тых, хто побач.
На сённяшні дзень Аляксей Кнырко – студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. І гэта не выпадкова. Ён заўсёды лічыў, што вышэйшая адукацыя патрэбна кожнаму чалавеку, бо яна не толькі дае прафесійны ці кар’ерны рост, але і павялічвае інтэлектуальны ўзровень, пашырае кругагляд. Дыплом – гэта як своеасаблівы білет у жыццё. А яно ў Аляксея яшчэ наперадзе.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.