Коллектив Докшицкого филиала УП «Витебскоблтоп» продаёт топливо по сниженным ценам

IMG_3352Калектыў Докшыцкага філіяла УП “Віцебскаблпаліва”, якім кіруе Мікалай Шульгат, сёлета мэтанакіравана працаваў над тым, каб паліва, без якога не абыходзіцца сёння ніводная вясковая хата, стала больш танным. І яму гэта ўдалося.

Дрывамі забяспечана 1882 домаўладанні, у тым ліку 329 чалавек ільготнай катэгорыі, і 804 – брыкетам. За 11 месяцаў на гэтыя патрэбы выкарыстана 2 млрд 400 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Трэба адзначыць, што цэны на гэтыя два віды паліва на працягу года і паслугі па дастаўцы і распілоўцы дроў, якія аказвае філіял, засталіся на ўзроўні 2014 года. Асноўная колькасць дроў завозілася з Бягомльскага лясгаса (7720 кубічных метраў), прадукцыя якога вызначаецца патрэбнай якасцю, за што яму вельмі ўдзячны вяскоўцы. З Браслаўскага і Ганцавіцкага заводаў атрымана 2238 тон брыкету. З гэтай колькасці 700 тон філіял вывез сваім транспартам. Для дастаўкі паліва ў аддаленыя вёскі пры падтрымцы раённай выканаўчай улады ўдалося набыць трактар з прычэпам “Нокіа”. Па разліках, дадзеная мера дазволіць зрабіць больш таннай гэту паслугу: у 3,5-4 разы.

За 11 месяцаў калектывам атрымана 148 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку пры рэнтабельнасці 19 працэнтаў. Каэфіцыент эканоміі рэсурсаў склаў 0,93 пры плане 0,98. Скарыстана электраэнергіі 4 тысячы кВт/гадз. пры планавым заданні 17,7 тысяч кВт/гадз.

Эканамічныя поспехі дасягнуты за кошт граматнай эксплуатацыі тэхнікі, эканоміі запчастак, выкарыстання бензапіл імпартнай вытворчасці і самавывазу паліва.

Акрамя выканання асноўных вытворчых задач, філіял актыўна працаваў на добраўпарадкаванні вёскі Вознаўшчына. Працаўнікоў на прадпрыемстве няшмат, толькі 15 чалавек. Тры рабочыя месцы створаны сёлета. Узяты два работнікі на распілоўку дроў і кіроўца — на новую адзінку тэхнікі. Але і ў невялічкім калектыве справы ідуць добра, калі і кіраўнік, і людзі знаходзяцца на сваім месцы. За выніковую працу яны маюць і адпаведную зарплату, якая за 11 месяцаў у сярэднім склала 5479 тысяч рублёў.

Тамара СТАДНЮК.
НА ЗДЫМКУ: на вытворчай тэрыторыі філіяла паліва з запасам.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *