Коллектив Замосточанского лесничества Докшицкого района получил подарок к Новому году
На гэтым тыдні Бягомльскі лясгас зрабіў шыкоўны падарунак калектыву Замастоцкага лясніцтва – адбылося ўрачыстае адкрыццё новага адміністрацыйнага будынка.
Падзякаваць за будаўніцтва аб’екта на мерапрыемства завітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Перад тым, як перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку, кіраўнік раёна адзначыў, што Бягомльскі займае годнае месца сярод лепшых лясгасаў рэспублікі. У разрэзе нашага раёна прадпрыемства мае самы вялікі аб’ём экспарту – 2,8 мільярды даляраў — і высокую культуру вытворчасці. Аднак такі ўзровень работы ўжо не дазваляе расслабіцца і спачываць на лаўрах. Кіраўніцтва лесагаспадарчай установы павінна добра ўсведамляць, што дасягнутыя паказчыкі неабходна калі не пераўзыходзіць, то хаця б трымаць на належным узроўні. А.Л. Пінчук падзякаваў дырэктару Аляксею Пракопаву і ўсім спецыялістам за работу і не прамінуў магчымасці павіншаваць калектыў з Новым годам і Калядамі.
А.І. Пракопаў звярнуў увагу на тое, што Замастоцкае лясніцтва знаходзіцца акурат на ўездзе ў вобласць, і пасля завяршэння ўвядзення новага адміністрацыйнага будынка, гаражоў, добраўпарадкавання тэрыторыі за гэты аб’ект лясгасу ні ў якім разе не будзе сорамна.
Узначальвае структурнае падраздзяленне малады перспектыўны ляснічы Юрый Конанаў. Гэта той выпадак, калі будучага кіраўніка не прагледзелі яшчэ на стадыі яго станаўлення. Юрый прыйшоў у лясгас маладым спецыялістам, быў памочнікам, а зараз узначальвае лясніцтва. Яго структурнае падраздзяленне мае добрыя вынікі работы. А зараз яшчэ і створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы калектыву. У светлых памяшканнях, дзе ёсць уся неабходная мэбля, цёпла і камфортна.
Да наваселля Віцебскае ДВЛГА, а таксама Бягомльскі лясгас уручылі калектыву новую аргтэхніку.
Прыемны той факт, што лясніцтва ўзведзена “з нуля” сіламі ўласнай будаўнічай брыгады лясгаса, у якой працуе шэсць чалавек. Работы пачаліся ў маі, а напрыканцы года былі завершаны. Акрамя гэтага, у 2015-м годзе былі таксама пабудаваны сучасны паляўнічы комплекс, гадавальніцкая гаспадарка і іншыя аб’екты.
Увогуле летась было прыцягнута 9 мільярдаў рублёў інвестыцый. Плануецца, што сёлета ўдасца завершыць маштабны рамонт вытворчых і адміністрацыйных аб’ектаў прадпрыемства. На чарзе – Вітуніцкае лясніцтва.
НА ЗДЫМКУ: калектыў Замастоцкага лясніцтва каля новага адмістрацыйнага будынка.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.