В семье Дарануца из деревни Глинное Докшицкого района царит идиллия
Вёска Гліннае, вуліца Лясная… Месца знаходжання дома гаспадароў Дарануца поўнасцю адпавядае назве вуліцы. Да лесу, як кажуць, рукой падаць. А на ганку сустракае гасцей прыветлівая жанчына, маці пяцярых дзяцей. У доме пахне духмянымі пірагамі, з пакояў даносяцца звонкія дзіцячыя галасы.
На пытанне, ці разлічвалі, што будзеце выхоўваць столькі дзетак, Марына адказвае:
– Тое, што стану шматдзетнай, мабыць і не. Зразумела, спраўляцца з дзецьмі нялёгка, але не падумайце, што я скарджуся. Калі большыя падраслі, сталі даглядаць меншых, а гэта, паверце, значная дапамога.
Падчас вучобы ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме Марына пазнаёмілася з адным са студэнтаў – прыгожым статным малдаванам, якога звалі Іван. І ўжо пасля другога курса вучобы на пальцах маладажонаў заззялі заручальныя пярсцёнкі.
– Мама плакала тады, – успамінае Марына. – Казала: “Не магла з нашых, беларускіх, хлопца выбраць?” Але ўжо потым, калі бліжэй пазнаёмілася з зяцем, пераканалася, што лепшага мужа для дачкі і быць не магло. Першынца, сына Ваню, я нарадзіла ў 17 гадоў. Сямімесячнае немаўля было зусім слабенькае, думалі, што не выжыве. Зараз жа наш Ванька – пекны здаровы хлопец, на галаву вышэй за бацьку.
Пасля сына ў нашай сям’і нарадзілася дачушка Таня. У яе, на жаль, затрымка псіхамоўнага развіцця. З гэтым дыягназам дзяўчынка жыве ўжо 20 гадоў. Яна ў нас спакойная, добрая, у яе ёсць свой асабісты маленькі свет, у які з задавальненнем пускае меншых брацікаў Ігнація, Данііла і сястрычку Юлечку.
– Пасля Тані было жаданне яшчэ нарадзіць дзяцей, але вельмі баяліся, што і ў іх будуць праблемы са здароўем, – працягвае Марына. – Але ўрачы запэўнілі, што баяцца няма чаго. Так нашу сям’ю папоўнілі яшчэ трое дзетак. Сёння Юля вучыцца ў чацвёртым класе, Данііл толькі рыхтуецца пайсці ў першы, а самы маленькі, якога мы завём ласкава Натусік, наведвае дзіцячы сад. Адно з важных месцаў у нашай дружнай сям’і належыць маёй маме Марыі Іванаўне. На пенсіі яна толькі чатыры гады, а дагэтуль працавала поварам, прадаўцом і даяркай. Для нас яна першы памочнік і дарадца, без якога нам не справіцца.
Па прафесіі Марына заатэхнік – некаторы час працавала загадчыцай фермы “Загалаўе”, а потым заняла нішу ў іншай сферы, да якой у яе ёсць прыродныя здольнасці. Падрыхтоўка разнастайных канцэртаў і мерапрыемстваў, работа гурткоў – за ўсё была ў адказе загадчыца сельскага клуба, што ў Глінным. Спявае жанчына вельмі прыгожа, а разам з ёй і ўсе члены сям’і. Пакуль жа яна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.
Асобныя словы трэба сказаць пра галаву сям’і – мужа і тату. Іван Ністаравіч – сапраўдны гаспадар, які заўсёды стараўся, каб ні дзеці, ні жонка ні ў чым не мелі патрэбы і жылі ў дастатку. Некалькі год ён адпрацаваў у былым саўгасе “Камунар” трактарыстам, пасля быў асемянатарам, зараз працуе на птушкафабрыцы пад Мінскам. А яшчэ, па словах дзяцей, іх тата – “добры чараўнік”, які здзяйсняе любыя жаданні. Самым важкім падарункам стала машына для каханай жонкі.
– Прызнацца, вадзіць аўтамабіль ніколі не марыла, больш таго не любіла, – прызнаецца Марына. – Прымусілі сямейныя абставіны. А ўвогуле лічу, што ўсё ж такі машына – не раскоша, асабліва ў наш час, а сродак, які дапамагае хутка вырашаць штодзённыя справы.
– Пра што марыць шматдзетная маці?
– Напэўна, як і ўсе – каб родныя былі здаровыя. Калі ж гаварыць наконт задумы, то хацелася б усёй сям’ёй выбрацца на некалькі дзён на прыроду з начоўкай і пажыць у палатках. Спадзяюся, што сёлета для гэтага знойдзецца час.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Марына Дарануца з маленькім Ігнаціем спрабуюць, наколькі смачны атрымаўся суп. 2. Юлія рыхтуе дамашняе заданне, побач з ёй Данііл. 3. Душэўна размаўляюць бабуля Марыя з унучкай Таней.
Фота аўтара.