«Вода — это всё», — считает начальник ВКХ «Докшицы-коммунальник» Александр Новицкий

Фота Н. Сташэвіч

Фота Н. Сташэвіч

Для начальніка водна-каналізацыйнай гаспадаркі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандра Навіцкага сёлетняе прафесійнае свята – сёмае. Менавіта столькі гадоў мінула з той пары, калі спецыяліст агранамічнай службы з Глыбоччыны пераехаў на радзіму бацькоў у Докшыцкі раён і ўладкаваўся на працу ў камунгас. Аляксандр Уладзіміравіч да таго часу, як узначаліў водна-каналізацыйную гаспадарку, паспеў папрацаваць на розных яе ўчастках і даведацца пра нюансы сістэмы.

ВКГ – гэта адна з тых службаў, пра якія не згадваюць надта, калі ўсё добра з падачай вады. Але няхай толькі адбудзецца перабой – тэлефон дыспетчара ў камунгасе не сціхае, а дзяжурная брыгада накіроўваецца на ліквідацыю аварыі ў любы час сутак і пры любой тэмпературы паветра. Такіх брыгад у камунгасе створана дзве. Абслугоўваюць яны Докшыцы і іншыя населеныя пункты раёна ў тым выпадку, калі з аварыяй не спраўляюцца ўчасткі камунгаса. Па словах Аляксандра Навіцкага, у апошні час атрымліваецца значна паскорыць працэс ліквідацыі прарываў. Вады за іх час выліваецца нямала, а кожны кубаметр каштуе грошай, ды і людзей, звыклых да камфорту, нерваваць не хочацца. Менавіта таму кіраўніцтвам камунгаса было вырашана першачаргова ўкамплектаваць дзяжурныя брыгады сучасным інструментам і абсталяваннем. Каардынуе работу кожнай брыгады майстар.

Чым яшчэ займаецца служба ВКГ? Калі коратка, то сочыць за бесперабойным функцыянаваннем водна-каналізацыйнай сістэмы. Трэба пастаянна займацца абслугоўваннем каналізацыйных і водаправодных сетак, праводзіць замену зношаных. Да таго ж востра стаіць пытанне эканоміі і беражлівых адносін да рэсурсаў. Напрыклад, са снежня мінулага года па цяперашні час 15 помпаў былі заменены на энергазберагальныя. У структуру ВКГ уваходзяць таксама ачышчальныя збудаванні, куды практычна з усяго горада трапляюць сцёкавыя воды. Не так даўно на іх таксама была праведзена буйная рэканструкцыя. Штодня на ачышчальныя трапляе каля 800 кубаметраў вады. Іх максімальная магутнасць – 1200 тон. І на перспектыву яна запатрабавана. У горадзе будуюцца шматпавярховікі, якія таксама трэба будзе ўзяць на абслугоўванне.

IMG_6430

Фота В. Чарвінскага.

Забеспячэнне бесперабойнага функцыянавання станцыі абезжалезвання, усталяванне якой дазволіла значна палепшыць якасць вады ў адным з мікрараёнаў райцэнтра (на здымку), таксама ў спісе абавязкаў ВКГ. А яшчэ служба выяўляе незаконныя заборы вады і вядзе барацьбу з даўжнікамі. Пасля аднаго з рэйдаў па гэтай праблеме сумесна з камунгасам у аўтара гэтых радкоў з’явіўся артыкул “Вада бясцэнная, але не бясплатная”. Згадваючы яго, сённяшні герой дадае, што вада – гэта ўсё. Але толькі пры яе адсутнасці чалавек разумее сапраўдны кошт. І няма аргументаў, каб супярэчыць дадзенаму меркаванню.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *