В Докшицкой СШ №1 состоялся правовой марафон
У мінулыя выхадныя ў спартыўнай зале Докшыцкай СШ №1 адбыўся прававы марафон “Спорт, здароўе, сяброўства”. У фінальнай сустрэчы спрытам, хуткасцю і сілай мераліся каманды “Адрэналін” (Глінская СШ), “Сяброўства” (Барсукоўская СШ), “Вікторыя” (Сітцаўская СШ) і “Альтаір” (СШ № 1 г. Докшыцы). Калі з першага конкурсу поспех усміхаўся докшыцкім хлопцам і дзяўчатам, то бліжэй да сярэдзіны “разагрэліся” і іншыя каманды. На пяты “Альтаіру” ўвесь час наступала барсукоўская дзятва. Цікавым быў капітанскі конкурс, падчас якога лідары каманд Аляксандр Чарвінскі, Яўген Яленскі, Арцём Кучыц і Віталь Кухто паспрабавалі свае сілы ў знакамітай старадаўняй гульні на спрыт – більбоке. Юнакі за хвіліну павінны былі закінуць на нос фігуры Бураціна кальцо, прывязанае вяроўкай да асновы (здымак 1). А вось самым цяжкім іспытам, на думку ўдзельнікаў, стаў конкурс “Рыбалка”, калі трэба было магнітам на лёсцы “злавіць” за сашчэпку папяровую рыбку. Паміж конкурсамі, для адпачынку ўдзельнікаў спаборніцтва, з музычнымі нумарамі выступалі юныя артысты СШ № 1 г. Докшыцы.
У выніку пераможцамі ў спартландыі сталі ўдзельнікі каманды “Альтаір”. Другое месца заваявала Барсукоўская СШ. Два трэція месцы атрымалі сітцаўскія і глінскія вучні. Інтрыгай мерапрыемства стала спаборніцтва паміж камандай-пераможцай і камандай-журы “Ураганны мікс”. У склад апошняй увайшлі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РАУС, МНС, ГА “БРСМ”, Дэпартамента аховы, следчага камітэта, ДзЮСШ, а таксама курсант Акадэміі МУС. Дзеці шчыра радаваліся кожнай перамозе над дарослымі, а апошнія стараліся не адставаць і часам у апошнія секунды “вырывалі” званне лідараў у сапернікаў (здымак 2). У выніку ўсё ж перамагло сяброўства.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.