10 вопросов про деноминацию директору АСБ «Беларусбанк» г. Докшицы
Да пачатку дэнамінацыі засталося крыху больш за два тыдні. У сувязі з гэтым наша інтэрв’ю з дырэктарам ЦБУ № 209 у г. Докшыцы філіяла № 216 ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргеем Зубарам (на здымку).
1. Пачнём з невялікага лікбезу. Што такое дэнамінацыя і па якой прычыне прымаюць рашэнне аб яе правядзенні?
– Калі кажуць пра дэнамінацыю, разумеюць змену намінальнага кошту грашовых знакаў пасля інфляцыі. Яе праводзяць, каб стабілізаваць валюту і спросціць разлікі. Гэта выключна тэхнічная мера. Падчас дэнамінацыі старыя грашовыя знакі мяняюць на новыя, якія, як правіла, маюць меншы намінал. Усе ведаюць, як складана працаваць з вялікімі лічбамі: тысячамі, мільёнамі, мільярдамі. Мы з вамі ў бытавых сітуацыях часта “дэнамініруем” грошы, напрыклад, кажам не адна тысяча, а проста рубель.
2. Вядома, што маштаб дэнамінацыі 1:10 000. Гэта значыць, што сённяшнія 10 тысяч будуць роўныя 1 рублю. А колькі ўсяго наміналаў манет і банкнот выпушчана?
– Выпушчана восем наміналаў манет вартасцю 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі і сем наміналаў банкнот – 5, 10, 20, 50, 100, 200, 500 рублёў.
3. Якія асаблівасці новых грошай?
– Пачнём з капеек. Яны будуць мець розныя колеры: вартасцю 1,2, 5 – меднага колеру, крыху чырванаватыя. Манеты 10, 20, 50 капеек – жоўтыя, 1 рубель – стальнога, шэрага колеру, 2 рублі – стальнога колеру з жоўтым абадком. Усе яны розных памераў. Купюры таксама розных памераў. Многія параўноўваюць іх з еўра. Так, у нечым яны знешне падобныя, аднак па ступені абароненасці нашы новыя банкноты не толькі не саступаюць гэтай валюце, але і пераўзыходзяць яе. У іх павышаная зносатрываласць, прысутнічаюць меткі для людзей з аслабленым зрокам і многае іншае. На кожнай банкноце – выявы архітэктурных каштоўнасцей абласцей. Напрыклад, на 10-ці рублёвай — выява Спаса-Праабражэнскай царквы г. Полацка.
4. З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года будзе весціся паралельная абарачальнасць. Што гэта азначае і да якога часу можна абменьваць старыя купюры на новыя?
– Гэта азначае, што ўсе гандлёвыя кропкі, банкі, пошта і гэтак далей абавязаны прымаць як новыя, так і старыя грашовыя знакі. Рэшта таксама можа выдавацца новымі і старымі купюрамі. Аднак увесь кошт тавараў будзе ўлічвацца ў новых грашовых знаках. Да канца перыяду паралельнага хаджэння вытворцы, прадаўцы, пастаўшчыкі, выканаўцы і іх прадстаўнікі пры прадстаўленні спажыўцам інфармацыі пра тавары, работы, паслугі абавязаны ўказваць цэны ў грашовых знаках узору 2000 і 2009 гадоў.
Абмен старых грашовых знакаў на новыя будзе весціся без абмежаванняў і спагнання ўзнагароды з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх фінансава-крэдытных арганізацыях рэспублікі. З 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021 года ўключна – у Нацыянальным банку.
5. Банкаматы з першага дня дэнамінацыі будуць выдаваць толькі новыя банкноты, ці плануецца, што банкамат зможа выдаваць таксама манеты і якую найменшую купюру будзе выдаваць банкамат?
– У нас банкаматы не прадугледжваюць работу з манетамі, таму і надалей у банкамаце можна будзе атрымаць толькі купюры пачынаючы з 5 рублёў (у старых грашовых знаках 50 тысяч) і заканчваючы 50 рублямі. Мы плануем з 1 ліпеня выдачу банкаматамі грашовых знакаў новага ўзору па меры іх перазагрузкі.
6. Інфакіёск з купюрапрыёмнікам будзе прымаць толькі новыя банкноты ці не?
– Зараз разглядаецца пытанне аб тэхнічнай магчымасці прыёму інфакіёскам купюр новага і старога ўзору.
7. Калі кліент 1 ліпеня вырашыць закрыць рублёвы ўклад, якімі банкнотамі ён атрымае свае сродкі на рукі?
– Па-першае, хочацца папярэдзіць нашых кліентаў, што 1 ліпеня банкі працаваць не будуць. Неабходна правесці ўсе рэгламентныя работы па дэнамінацыі. А ўжо з 2 ліпеня мы пачнём працаваць у звычайным рэжыме. Па-другое, з-за паралельнага хаджэння на рукі можна атрымаць як новыя, так і старыя банкноты. Канечне, банкі будуць імкнуцца выдаваць грошы новага ўзору, аднак няма нічога страшнага, калі вам выдадуць уклад ці рэшту старымі купюрамі.
8. Наколькі новыя банкноты абаронены ад падробкі і на што ў першую чаргу неабходна звяртаць увагу?
– Як згадвалася вышэй, у банкнот новага ўзору высокая ступень абароны ад падробак. Напрыклад, ахоўная нітка ў купюрах нырае і выходзіць на вонкавы бок у выглядзе прамавугольнікаў. Пры праглядзе купюры на прасвет ахоўная нітка выглядае суцэльнай цёмнай паласой са светлым тэкстам у прамой і перавернутай выяве. Таксама фрагмент наміналу на вонкавым баку сумяшчаецца на прасвет з фрагментам наміналу на адваротным баку і ўтварае цэльную выяву наміналу банкноты.
9. Зараз у крамах спажыўцы бачаць “двайныя” цэннікі, а як будзе выглядаць інфармацыйнае табло курсаў валют у банках пасля дэнамінацыі?
– На электронным табло мы не зможам адлюстраваць двайную інфармацыю, аднак знойдзем спосаб данесці яе да кліентаў і ў старых цэнах.
10. У якім рэжыме ў першыя выхадныя пасля дэнамінацыі будуць працаваць банкаматы, інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг?
– Нягледзячы на тое, што банк 1 ліпеня не працуе з кліентамі, банкаматы будуць выдаваць грошы, а інфакіёскі і інтэрнэт-банкінг прымаць плацяжы.
Звяртаю ўвагу грамадзян на тое, што грошы новага ўзору з’явяцца толькі з 1 ліпеня. І калі да вас звернецца хто-небудзь з прапановай памяняць старыя грошы на новыя да гэтай даты, абавязкова паведаміце ў органы ўнутраных спраў.
Хачу папрасіць жыхароў нашага раёна ў перыяд паралельнага хаджэння грошай з разуменнем аднесціся да работы спецыялістаў у касах банкаў, паштовых аддзяленняў, прадаўцоў у арганізацыях гандлю і сэрвісу. Ім вельмі складана ў гэты перыяд не памыліцца ў разліках.
І яшчэ адна парада: каб усім нам было камфортна прайсці адаптацыю да новых цэннікаў і пазбегнуць пралікаў пры аплаце, карыстайцеся плацежнай карткай. Хто не мае яе, можа аформіць і атрымаць кансультацыю па карыстанні ў банку.
Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.