Делегатом на V Всебелорусское народное собрание выбрали врача из Докшицкой ЦРБ

У рабоце V Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Мінску 22-23 чэрвеня, прымуць удзел 7 дэлегатаў ад Докшыччыны. Да палітычнай падзеі рыхтуецца і ўрач-тэрапеўт ЦРБ Павел Хадаровіч (на здымку).
З якімі думкамі збіраецца ў паездку, чаго чакае ад маштабнага форуму, Павел Канстанцінавіч падзяліўся напярэдадні:

IMG_2914

– Вельмі прыемна, што давядзецца паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, тым больш што ў маім жыцці гэта ўпершыню. Пакуль не ўяўляю, як будзе праходзіць сход, але разумею ўсю яго важнасць. Гэта не толькі падвядзенне вынікаў развіцця краіны за апошнюю пяцігодку, але і абмеркаванне важных пытанняў, якія паслужаць новым штуршком у развіцці Беларусі. Паколькі мая прафесійная дзейнасць непасрэдна звязана з медыцынай, то, зразумела, цікава будзе пачуць і абмеркаваць, што плануецца зрабіць для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва наогул. Калі ж канкрэтна, то хвалююць пытанні, звязаныя з аснашчэннем менавіта раённых паліклінік больш сучасным абсталяваннем, якія ёсць у буйных гарадах. Чакаю ўкаранення новых метадаў даследаванняў, якія б дапамаглі выяўляць захворванні на ранніх стадыях.
Спадзяюся на тое, што адкрыты дыялог улады і грамадства дасць свой плён і будзе выпрацавана стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця на далейшую перспектыву.

Прыход у медыцыну для Паўла Хадаровіча, па яго словах, быў абсалютна выпадковым. Яшчэ ў школе хлопцу лёгка даваліся такія прадметы, як хімія і біялогія. Толькі тое, што будзе праз колькі гадоў клапаціцца пра здароўе людзей, у свае планы не запісваў. Напэўна, добрыя адзнакі па вышэйназваных дысцыплінах і настойлівасць настаўніцы Сітцаўскай СШ Ніны Сцяпанаўны Казлоўскай, якая дапамагала разумець не самыя лёгкія прадметы школьнай праграмы, і вызначылі далейшы лёс Паўла. За плячыма – 6 гадоў вучобы ў Мінскім беларускім дзяржаўным медуніверсітэце (лячэбны факультэт) і амаль тры, як працуе тэрапеўтам у раённай паліклініцы.
– Розныя людзі прыходзяць на прыём і трэба да кожнага знайсці свой падыход, паставіць правільны дыягназ, назначыць лячэнне, – гаворыць Павел Канстанцінавіч. – Работа ўрача патрабуе ўважлівасці, пэўных ведаў, адказнасці, у ёй не павінна быць урачэбных памылак. Трэба любіць кожнага чалавека. Калі ўжо выбраў шлях у медыцыну, павінен ведаць з самага пачатку, што прыйдзецца сутыкацца з болем і звязанымі з ім адмоўнымі эмоцыямі. Сапраўдны ўрач павінен усё гэта прыняць душой, нават палюбіць, каб стаць здольным дапамагчы кожнаму пацыенту. Акрамя гэтага, неабходны настойлівасць, уменне мабілізаваць сябе, здольнасць адшукаць унутраны матыў для самааддачы. І безумоўна, магчыма нават больш, чым у іншых прафесіях, патрэбна пастаяннае імкненне да ведаў, да пастаяннага павышэння прафесіянальнага ўзроўню. Для гэтага трэба больш чытаць новай літаратуры, бо з кожным годам усё больш з’яўляецца новых прэпаратаў і рэкамендацый лячэння. Сапраўдную ж асалоду ад сваёй дзейнасці атрымліваеш, калі пацыент сустракае цябе са словамі вялікай удзячнасці. Вось гэта, бадай што, самая вялікая ўзнагарода за тую справу, якую кожны дзень выконваюць людзі ў белых халатах.
Дзяцінства маладога ўрача прайшло ў Сітцах. Ад бацькоў, лічыць Павел, атрымаў добрае выхаванне, за што ім вельмі ўдзячны. У сям’і выхавацеля дзіцячага сада і брыгадзіра мясцовага сельгаспрадпрыемства ёсць яшчэ адзін сын. Дарэчы, ён таксама выбраў высакародную прафесію, зараз вучыцца на педыятрычным аддзяленні.
Прафесія медыка цалкам прысвечана служэнню людзям. Яна патрабуе не толькі вернасці клятве Гіпакрата і багатых ведаў, але і бясконцага цярпення, стойкасці, душэўнай шчодрасці. Няхай жа ў доктара Паўла Хадаровіча хапае ўсяго гэтага на працягу далейшай прафесійнай дзейнасці.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *