Бегомльский лесхоз празднует юбилей
Гістарычная даведка. 2 ліпеня 1936 года Пастановай СНК ССР на базе Бягомльскага леспрамгаса быў арганізаваны Бягомльскі лясгас. Ён складаўся з чатырох лясніцтваў: Бягомльскага, Бярэзінскага, Жамойскага і Мсціжскага і ўваходзіў у Мінскае тэрытарыяльнае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў.
Значнае змяненне мяжы лясгаса адбывалася ў другой палове мінулага стагоддзя. У 1960 годзе было арганізавана Вітуніцкае лясніцтва, Жамойскае перайменавалі ў Замастоцкае, Мсціжскае перадалі Барысаўскаму лясгасу. У гэтым жа годзе ў склад лясгаса прынята Докшыцкае лясніцтва Глыбоцкага лясгаса. Менавіта яно адносіцца да ліку 25 лясніцтваў, якія былі створаны яшчэ у 1896 годзе. У 1971 годзе – Параф’янаўскае.
Падчас лесаўладкавання 1975 года канчаткова склалася тэрыторыя, якая праіснавала без пэўных змен да лесаўладкавання 1996 года. У 2000 годзе ў склад лясгаса прынялі больш за 16 тысяч гектараў зямель ад сельгаспрадпрыемстваў. Гэта стала падставай для стварэння Валкалацкага лясніцтва, Бярэзінскае ж было перададзена ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.
У свой час арганізацыю ўзначальвалі Ярмакоў, К.Д Патапенка, У.М. Скірдзінскі, Шалапуха, М.Л. Дзербан, Д.Я. Акаловіч, Р.І. Здораўцаў, В.І. Казіцкі, М.Я. Зайцаў, Г.М. Артамонаў, У.А. Яцкевіч, В.М. Казлоўскі, І.С. Матэцкі.
На сённяшні дзень ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” мае ў падначаленні восем лясніцтваў, гадавальнік, лесанарыхтоўчыя ўчасткі, цэх дрэваапрацоўкі, участак загрузкі вагонаў, завод па вытворчасці паліўных гранул. Арганізацыя забяспечвае працоўнымі месцамі чатырыста чалавек. Не першы год Бягомльскі значыцца ў ліку лепшых лясгасаў вобласці і рэспублікі. З нагоды юбілейнай даты мы пагутарылі з дырэктарам установы Аляксеем Пракопавым.
– Аляксей Іванавіч, лясгасу сёлета 80, а колькі з гэтага часу вы знаходзіцеся “ля руля” арганізацыі і якім быў шлях у прафесію?
– Давайце падлічым. Дзесяць гадоў як я ўзначаліў лясгас, а ўсяго на Бягомльшчыне больш за дванаццаць. Калі шчыра, то класа з чацвёртага дакладна вырашыў, што работа мая будзе звязана з лесам, прыродай. Хаця ў сям’і леснікоў не было. Бацька мой працаваў у сельскай гаспадарцы, маці – у адміністрацыі сельсавета. Жылі ў буйной на тыя часы вёсцы Палата на Полаччыне. Прайшоў усе прыступкі прафесіі. Маладым выпускніком пасля тэхнікума працаваў майстрам лесу ў Дрэтунскім лясніцтве аднайменнага лясгаса, потым стаў яго ляснічым. Паралельна вучыўся ў інстытуце. Затым працаваў ляснічым Обальскага лясніцтва Полацкага лясгаса, з утварэннем Шумілінскага лясгаса перавялі туды. На Бягомльшчыне пачынаў галоўным ляснічым. Цвёрда ўпэўнены ў тым, што пераскокванне адразу праз некалькі прыступак па кар’ернай лесвіцы для маладога чалавека, які пасля навучальнай установы толькі прыйшоў у лясную гаспадарку, не паслужыць яму на карысць. Трэба, як кажуць, “па зямлі пахадзіць”, зведаць працэс знутры, а ўжо затым – калі ласка, расці далей.
– У момант заснавання Бягомльскага лясгаса плошча лясных насаджэнняў складала крыху больш за 20 тысяч гектараў. Пра якія памеры ідзе гаворка ў 2016 годзе?
– Па дадзеных апошняй прыёмкі, плошча лясгаса складае больш за 80 тысяч гектараў. Мы мяжуем з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, Тумілавіцкім лясніцтвам Глыбоцкага лясгаса, Пастаўскім, Лагойскім, Барысаўскім лясгасамі і Мядзельскім нацыянальным паркам.
– Лясгасу даводзіцца займацца двума супрацьлеглымі накірункамі. З аднаго боку, лесаўзнаўленне і лесаразвядзенне, з другога – актыўная лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. Як дасягаецца баланс?
– У сучасных умовах адна дзейнасць без другой для нармальнага функцыянавання прадпрыемства, своечасовай выплаты заробку і мадэрнізацыі тэхналагічнага працэсу немагчымыя. Наконт балансу адказ відавочны: кожны спецыяліст павінен якасна выконваць даручаную справу.
– ДЛГУ “Бягомлькі лясгас” – сертыфіцыраваны па міжнародных стандартах, якія перспектывы гэта дало прадпрыемству?
– Калісьці мы пачыналі гэту справу групай у некалькі лясгасаў з усёй рэспублікі. Потым вылучыліся ў самастойную адзінку, што, як сведчыць час, было цалкам правільным рашэннем. Маем сертыфікаты па сістэмах FSC і PEFC. Сертыфікацыю неабходна штогод пацвярджаць групе экспертаў, якія прыязджаюць на прадпрыемства і правяраюць абсалютна ўсё: арганізацыю працэсу лесаўзнаўлення, нарыхтоўкі, перапрацоўкі, экалагічнае стаўленне да прыроды ў цэлым. Вялікая ўвага надаецца пытанням аховы працы. Усё гэта ў цэлым стымулюе пастаяннае павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Толькі сёлета мы правялі работы па лесаўзнаўленні на плошчы ў 214 гектараў пры плане 135. На 139 гектарах праведзены рубкі догляду. Нарыхтоўка драўніны па ўсіх відах рубак склала 78,5 тысяч кубаметраў, рэалізавалі 43 тысячы кубаметраў драўніны, 7,7 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў. Аб’ём экспарту склаў 1596 тысяч долараў пры плане ў 960 тысяч.
Стараемся зрабіць працэс нарыхтоўкі максімальна механізаваным. За апошнія пяць гадоў былі закуплены два харвэстэры “Амкадор”, адзін замежны для рубак догляду, чатыры фарвадэры. Усяго іх у лясгасе пяць. Для сённяшняга аб’ёму нарыхтоўкі дастаткова, пры павелічэнні разліковай лесасекі будзем вырашаць гэтае пытанне.
Паралельна займаемся вырошчваннем насеннага матэрыялу дрэў, у тым ліку і з закрытай карэннай сістэмай па фінскай тэхналогіі, нарыхтоўкай насення, аказаннем паслуг па аграэкатурызме, паляўнічым турызме. Маем нядрэнны сярэдні заробак – амаль 6 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
– Адміністрацыйны будынак, вытворчыя тэрыторыі, тэрыторыі падраздзяленняў – гэта аб’екты ўзорнага парадку. Што яшчэ плануеце аднаўляць, рамантаваць сёлета?
– У работнікаў павінны быць камфортныя ўмовы працы і элементарныя выгоды. Менавіта гэтымі прынцыпамі мы кіраваліся пры рамонце і рэканструкцыі ўсіх адміністрацыйных будынкаў. Зроблена па аб’ектах шмат, дзе трэба – праводзім дадатковы касметычны рамонт. Сёлета плануем увесці новы будынак Вітуніцкага лясніцтва па такім жа праекце, як Замастоцкае, якое ўвялі ў канцы 2015 года. Яно будзе знаходзіцца на месцы былой школы ў гэтым населеным пункце. Дарэчы, там ужо быў у свой час закладзены дэндрапарк, за што кажу вялікі дзякуй галоўнаму ляснічаму лясгаса Аляксандру Давідовічу, які калісьці ўзначальваў гэта лясніцтва. Рамонтныя работы вядуцца ў Докшыцкім лясніцтве, у Параф’янаве будуем жыллё для ляснічага. Увогуле стараемся дапамагаць сваім кадрам вырашаць жыллёвае пытанне. У сельскіх населеных пунктах ёсць службовае жыллё лясгаса, у Бягомлі пабудавалі некалькі кватэр для маладых спецыялістаў.
– Што б вы пажадалі свайму калектыву з нагоды дня нараджэння арганізацыі?
– У першую чаргу хачу сказаць, што я ганаруся тым калектывам, які склаўся. Сёння ў нас няма цякучкі кадраў, ёсць і старэйшае пакаленне, і моладзь, і нават працоўныя дынастыі. Дзякуй усім за работу. А пажаданні самыя звычайныя – здароўя вам і вашым блізкім, дабрабыту і ўдачы ў жыцці.
Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.