Не увлечение, а часть жизни
Так гаворыць пра занятак, якому прысвячае кожную вольную хвілінку, Наталля Каляда. Кожны, хто ведае гэтую энергічную, няўрымслівую, як мне здаецца, вечна маладую жанчыну, мабыць, пацвердзіць: за што б яна ні бралася – укладвае душу, сілы, натхненне без астатку. Ці гэта ўрокі рускай мовы і літаратуры, ці пазакласная дзейнасць, ці любімы КВЗ, у якім, дзякуючы Наталлі, каманда Сітцаўскай школы з’яўляецца адной з самых моцных у раёне. А кветкі…
– Проста не магу без іх, – усміхаецца гаспадыня чароўнага дворыка, дзе кожны квадратны метр зямлі любоўна дагледжаны, апрацаваны, акультураны. – Калі ў мяне пытаюцца, дзе ў такой шалёнай жыццёвай гонцы знаходжу час на занятак, які патрабуе шмат сіл, але не прыносіць матэрыяльнай карысці, тлумачу, што кветкі – гэта частка майго жыцця, як сям’я, работа, хатнія клопаты.
Сапраўды, няўжо не варта ўсіх намаганняў хараство, якое падуладнае рукам Наталлі і яе мужа Віктара? “Хочаш зрабіць свет лепшым – пачні з сябе” – не намі прыдумана, але мудра і праўдзіва. Адна справа захапляцца прыгажосцю прыроды, наваколля, зусім іншая – самому ствараць гэту прыгажосць. І, мабыць, не ў мяне адной, калі наведаеш такіх гаспадароў, узнікае жаданне таксама зрабіць нешта арыгінальнае, прыгожае, чаму будзеш радавацца сам і радаваць іншых. І ніякая купленая ці падараная рэч не сагравае так душу, як тое, што стварыў ці вырасціў сам.
Такой жа думкі прытрымліваецца і яшчэ адна жыхарка Сітцаў, хатняя гаспадыня Марына Лушчынская. Кветкі ў яе паўсюль – і на вуліцы, і ў доме. З задавальненнем паказвае свае шыкоўныя фіялкі, архідэі, бегоніі. А дворык проста патанае ў рознакаляровых петуніях, бальзамінах, геранях. Безумоўна, знайшлося месца і лілеям, і ружам, і яшчэ многім самым розным кветкам. Карціна проста ідылічная, бо дапаўняюць яе сонная котка і жэўжыкі-кацяняты, таксама рознакаляровыя, якія весела і бесклапотна гуляюць у кветкавым царстве. Марына Мікалаеўна таксама не адзінокая ў сваёй прыхільнасці: муж Сяргей Уладзіміравіч раздзяляе яе захапленні і з’яўляецца памочнікам (а часам і кіраўніком) ва ўсіх цікавых задумах і пачынаннях. У гаспадароў, акрамя кветак, вядома, і агарод вялікі, і цяпліцы, і газон – усюды патрэбны моцныя мужчынскія рукі. А калі разам, калі дружна, дык і работа спорыцца, і вынік ёсць, і радасць ад зробленага.
Варта дадаць, што любові Марыны Мікалаеўны хапае не толькі на кветкі. У сям’і Лушчынскіх, акрамя ўласных траіх дзяцей – дзвюх ужо дарослых дачок і сыночка-школьніка, гадаваўся пэўны час, пакуль родная маці не стала на правільны шлях, прыёмны хлопчык, а пасля шмат гадоў – дзяўчынка Аліна. Марына называе яе дачушкай, ганарыцца тым, што Аліна стала студэнткай педуніверсітэта імя М.Танка.
Безумоўна, ніякі фотаздымак не зможа перадаць сапраўднае хараство гэтых двух сітцаўскіх дворыкаў, дзе нам пашчасціла пабываць, гасціннасць, прыветнасць і шчырасць іх гаспадароў. І тую цеплыню, якую могуць стварыць толькі працавітыя рукі і поўныя натхнення душы.