В Докшицком районе есть супруги — единомышленники

Сям’ю Навіцкіх у Глінным паважаюць за працавітасць. Як вядома, гэта рыса спрадвеку асабліва цанілася і працягвае цаніцца ў наш час у вяскоўцаў. Сапраўды, гаспадарка – толькі паспявай упраўляцца: тры каровы (а раней, калі былі студэнтамі дачка і старэйшы сын, трымалі ажно шэсць!), свінні, трыццаць індыкоў, агароды… Здавалася б, дзе ў такім кругавароце знайсці вольную хвілінку, каб адпачыць? А Алена і Уладзімір знаходзяць, толькі не для адпачынку – для новых цікавых спраў.

IMG_3545 IMG_3525
– Мне часта гавораць: круцішся, як вавёрка ў коле, паляжала б хвілінку, серыял які паглядзела, – смяецца Алена (на здымку). – І як тут патлумачыць, што для мяне адпачынак – гэта змена відаў дзейнасці. А калі зай­маюся доглядам кветак, добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол дома, увогуле трачу адчуванне часу – так гэта зацягвае і захапляе. Што тыя серыялы? Я жыву не чужым, а сваім насычаным жыццём, нешта ўвесь час планую, майструю, ствараю… І дома, і на ФАПе, дзе працую. Мне пашчасціла: муж Валодзя – мой аднадумца. І хоць асноўным генератарам ідэй выступаю, мабыць, я, без яго ўмелых і моцных мужчынскіх рук, грунтоўнасці ў падыходзе да любой справы многія замыслы ажыццявіць нізавошта не атрымалася б. Зараз у нашых планах пабудова каменна-драўлянай летняй кухні. Гэта мая даўняя мара, павінна ж яна ўрэшце здзейсніцца!
Дворык у Навіцкіх – проста любата! Роўныя дарожкі, газон, штучная сажалка, у якой, тым не менш, весела плюхаюцца дзясяткі са тры карасікаў, утульны куточак для адпачынку з драўляным столікам і лавачкамі, садовыя скульптуры, у большасці сваёй самаробныя – асабліва ўражвае страус, якога сужэнцы зрабілі з выкарыстаннем ПЭТ-бутэлек яшчэ тады, калі не было інтэрнэтных майстар-класаў: проста ўбачылі ў нейкім часопісе на фотаздымку. І кветкі, кветкі… На кожным кроку. Звяртаем увагу таксама на драўляныя разныя парэнчы на ганку дома.
Яшчэ адзін элемент дызайну, які нельга не заўважыць, – каменная агароджа, вельмі прыгожая і даволі прафесійна зробленая. Аказваецца, Уладзімір і Алена займаюцца каменнай кладкай таксама ўдваіх, а жанчына ў гэтай справе, пагадзіцеся, вялікая рэдкасць. Гаспадыня ахвотна распавядае пра тэхналогію вырабу агароджы, пра тое, што не толькі для сябе яе зрабілі, а і заказы паступаюць.
У размову ўступае Валянціна Дранковіч, якая добраахвотна ўзяла на сябе вялікі і свяшчэнны клопат – арганізацыю будаўніцтва царквы Уздвіжання Крыжа Гасподня ў Глінным.
– Унутры храма работы практычна завершаны, – распавядае Валянціна Анатольеўна, – а вось для таго, каб звонку царква і тэрыторыя вакол яе радавалі вока, давядзецца яшчэ прыкласці шмат намаганняў. Валодзя з Ленай паабяцалі, як толькі знойдзецца час, пабудаваць там прыгожую агароджу. І, як вы змаглі ўпэўніцца, работа ўжо распачалася. Аплаты за яе нашы майстры ніякай не патрабуюць.
– Вельмі хочацца зрабіць унёсак у гэту агульную святую справу, – у шчырасці Аленіных слоў не прыходзіцца сумнявацца. – Дык пра якія грошы тут можа ісці гаворка? Задавальненне і радасць ад зробленай справы, якая, да ўсяго, табе па душы і людзям на карысць, нельга ні ацаніць, ні купіць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *