Деликатная тема

01У бізнес прыходзяць па-рознаму, але агульнае, што аб’ядноўвае гэтых людзей, – жаданне мець больш, жыць лепш і, наколькі гэта магчыма, быць сабе гаспадаром. Аднаго жадання, канечне, мала, патрэбны і мэтанакіраваны, рызыкоўны характар, і вялікая працавітасць, і прыродныя здольнасці да прадпрымальніцтва. Інакш ва ўмовах рынку немагчыма выжыць, а тым больш развівацца далей. 

Анатоль Бута стаў іпэшнікам, калі яшчэ загадваў крамай спажывецкай кааперацыі “Будматэрыялы”, што ў Параф’янаве. Каб мець дадатковы рубель у сямейны бюджэт, сталі з сынам ліць помнікі. Потым рашыліся адкрыць краму па продажы рытуальных прыналежнасцей. Справа крыху прыносіла прыбытак, бо ёсць дзве падзеі ў жыцці чалавека, на якія ён ніякім чынам не можа паўплываць: нараджэнне і смерць. І калі першая – гэта найвялікшая радасць для ўсіх, то другая… Але якой бы далікатнай і нават інтымнай ні была апошняя тэма, нічога не зробіш. Як казаў герой адной з кінастужак: “Усе мы госці на гэтай планеце”. Дык чаму не дапамагчы людзям зрабіць так, каб ім лягчэй было развітвацца з блізкім чалавекам, які іх пакінуў, адышоу ў іншы свет? Пра гэта Анатоль Іванавіч глыбока задумаўся, калі ўжо пасля васьмі гадоў знаходжання на рынку аказання рытуальных паслуг самому давялося хаваць любімую цётачку. Пасядзець бы каля нябожчыцы апошнія хвіліны, развітацца, ды дзе там! Трэба было займацца арганізацыяй пахавання. І энергічны мужчына, уладальнік асабістага транспарту, здолеў зрабіць гэта, але не без цяжкасцей. Асабліва прыйшлося прыкласці намаганні, каб адшукаць ахвотнікаў выкапаць дол (адзіная брыгада РУП ЖКГ, якая аказвала падобную паслугу, была занята гэтым часам у іншым месцы. Пасля хаўтур Анатоль Іванавіч ужо ведаў, чым зоймецца ў бліжэйшы час.
Зараз яго фірма па аказанні рытуальных паслуг “Бутрэал”, умоўна кажучы, у стане выканаць любое пажаданне кліента, калі той яго аплаціць. Улічваюцца розныя патрэбы і фінансавыя магчымасці заказчыка. Так, напрыклад, кошт помнікаў на любы густ: ад 50 рублёў і да некалькіх тысяч. Але помнікамі сёння ўжо нікога не здзівіць, гэты рынак дастаткова запоўнены. Адметнасць “Бутрэала” ў іншым. Фірма аказвае паслугі па падрыхтоўцы месца пахавання, дастаўцы да яго нябожчыка (калі трэба, і з морга), наступным добраўпарадкаванні і далейшым доглядзе могілак. Давялося неяк прысутнічаць на хаўтурах, у час якіх на развітанне са старэнькай матуляй з’ехаліся дзеці з Расіі, Латвіі. Усе яны не прамінулі адзначыць цывілізаваны ўзровень арганізацыі пахавання нябожчыцы. На могілках гэтым займаўся “Бутрэал”. Спадабалася выканаўчая дысцыпліна, апранутыя ў акуратную форму рабочыя, якія не толькі своечасова падрыхтавалі месца пахавання, але і неслі крыж, труну. Зручная металічная падстаўка, на якую паставілі дамавіну на могілках, паклапаціўшыся пра тых, хто будзе развітвацца з нябожчыцай, наогул уразіла. Латышы зазначылі, што гэта ўжо па-еўрапейску. Яшчэ большым было іх здзіўленне, калі даведаліся, што фірма дапаможа, у адпаведнасці з заключаным дагаворам, правесці ўсе неабходныя далейшыя работы па добраўпарадкаванні месца пахавання, а потым і яго доглядзе. Прысутнасць саміх заказчыкаў неабавязковая, калі толькі з мэтай кантрольнай праверкі. Падобная практыка ўжо ёсць. Жыхары Польшчы, чые родныя спачываюць на могілках у Докшыцах, якасцю супрацоўніцтва з фірмай задаволены. Не адмовіліся ад яго, выказаўшы шчырыя словы падзякі за зробленае, і ўзгаданыя вышэй грамадзяне.
Задаволенне работай кліентаў – гэта, канечне, для дырэктара самы галоўны ацэначны крытэрый дзейнасці фірмы, але дасягнуць яго ў названай далікатнай справе вельмі няпроста.
Даводзіцца мець справу з людзьмі, якія знаходзяцца ў стане высокага нервовага напружання, і гэта накладвае свой адбітак на адносіны. Таму Анатоль Іванавіч ад сваіх супрацоўнікаў патрабуе: як бы ні паводзіў сябе заказчык, ён не павінен адчуць абыякавасці, непавагі і тым больш хамства ці грубасці ў свой адрас. Кліент заўсёды мае рацыю, тым больш у стане жалобы. Вытрымаць такі падыход да працы, на якую ўплываюць многія аб’ектыўныя фактары ў выглядзе надвор’я, колькасці штодзённых заказаў, псіхалагічнага стану заказчыка, вельмі складана. Анатоль Іванавіч шчыра прызнаецца, што лепш, калі родныя нябожчыка звяртаюцца з просьбай аб наступным добраўпарадкаванні месца пахавання праз некалькі месяцаў пасля сумнай падзеі. Да гэтага часу яны ўжо супакойваюцца і дакладна ведаюць, чаго хочуць, а значыць, заказ не прыйдзецца перарабляць па некалькі разоў, як гэта часцяком бывае.
Сваім крэда ў дзейнасці Бута лічыць надзейнасць у любым выпадку. Пэўна, таму, пабыўшы яго кліентамі адзін раз, людзі вяртаюцца да супрацоўніцтва з фірмай зноў і зноў. “Бутрэал” ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і суседніх: Глыбоцкім, Мядзельскім і іншых. У бліжэйшых планах дырэктара адкрыць рытуальную залу ў райцэнтры. Гэта для тых выпадкаў, калі па прычыне цесных кватэр, няўдалай планіроўкі пад’ездаў нябожчыкаў неабходна выносіць на дыване або труну транспарціраваць праз акно. Цывілізавана? Канечне. Праўда, адной фірме такую паслугу не пацягнуць. Пры арэндзе памяшкання яна будзе стратная. Патрэбны партнёры, і імі, пры жаданні, могуць стаць РУП ЖКГ ці Бытавік. У больш далёкай перспектыве займець распараджальніка ўсяго пахавальнага працэсу: ад арганізацыі пахавання, памінальнага стала да добраўпарадкавання месца пахавання. Гэты чалавек замяніў бы тую процьму добраахвотных дарадцаў, якія абавязкова з’яўляюцца на любых хаўтурах і заўсёды ведаюць, “як правільна”.
“Бутрэал” – гэта ў нейкай ступені сямейны бізнес. У ім заняты два сыны Анатоля Іванавіча, жонка Таццяна. Са сваіх спытаць лягчэй, але і адказнасць на іх большая. Анатоль Бута з тых людзей, якія ўмеюць і любяць працаваць, імкнуцца да развіцця, удасканалення, інакш жыццё страчвае для іх сваю асалоду. Анатоль Іванавіч шчыра не разумее тых, хто скардзіцца на недахоп грошай. Трэба не ныць, а шукаць спосаб, як іх зарабіць, лічыць ён. Дарэчы, заробленыя грошы ён накіроўвае не толькі на развіццё вытворчасці ды зарплату супрацоўнікам, але і на дабрачынныя справы. Займацца ж імі можа толькі добры чалавек.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
УНП 391074999.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *