Докшичане зажигали на Славянском базаре в Витебске

IMG_6877+З 12 па 20 ліпеня фестывальны Віцебск збіраў сяброў. Докшыччына таксама спрычынілася да “Славянскага базару ў Віцебску”. 2016 год – юбілейны для ўрачыстага Прыдзвінскага свята. Таму сімвалічна, што падчас яго, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, ладзіліся і новыя цікавыя праграмы. Новаўвядзеннем стаў “Славянскі забег”, у якім з запалам паўдзельнічалі шматлікія аматары здаровага ладу жыцця. Сярод бегуноў былі і нашы землякі: выхаванцы Докшыцкай ДзЮСШ і іх трэнеры. Дзеці ўзростам да 10 гадоў пераадольвалі дыстанцыю ў 200 метраў. Прыемна, што ў дзясятку лідараў трапілі і нашы зямлячкі – Настасся Дабравольская і Кацярына Аліноўская. Хлопчыкаў удзельнічала намнога больш. Такая вялікая колькасць юных спартсменаў трошкі збянтэжыла нашых удзельнікаў, але яны змаглі пераадолець хваляванне і таксама годна выступілі ў спаборніцтвах. Кожны фінішор атрымаў памятны медаль. Па даўняй традыцыі спартсменаў, узнагароды спрабаваліся на зуб.
– Мы падумалі, што яны шакаладныя, – усміхнуўся Ілья Зіскін.
– Эмоцыі проста зашкальваюць, – падтрымаў размову Мікіта Уласаў. – Па праўдзе кажучы, калі пабачыў колькасць удзельнікаў, вельмі расхваляваўся. Але амаль праз хвіліну ўсё ж удалося ўзяць сябе ў рукі.
Далучыліся да бегуноў на чатырохкіламетровай дыстанцыі трэнеры ДзЮСШ Марына Ярмаковіч і Алена Таляронак. Усяго ў Славянскім забегу прынялі ўдзел каля пяці тысяч чалавек.
Спартыўнае мерапрыемства ў шосты дзень фестывалю стала не адзінай адметнай падзеяй для дакшычан. Вядома, што на свята мастацтваў збіраюцца шматлікія таленавітыя майстры, якія ўдзельнічаюць у розных конкурсах, што праходзяць падчас так званай славянкі. Сёлета ў міжнародным конкурсе майстроў лозапляцення “Лазовы дубец-2016” з трыумфам выступіла член клуба народных майстроў і

IMG_6772

самадзейных мастакоў “Докша” Таццяна Гаварцова. У намінацыі “Пляценне лазы ў спалучэнні з іншымі прыроднымі матэрыяламі” докшыцкі майстар атрымала Дыплом І ступені.
– Конкурс у гэтым годзе адрозніваўся вялікай канкурэнцыяй, – падзялілася Таццяна. – Вельмі прыемна, што журы адзначыла маю карпатлівую работу над лазовым куфэркам. Заўсёды рада сустрэчы на фестывалі з майстрамі іншых гарадоў і мястэчак. З некаторымі давялося пазнаёміцца менавіта тут, і ўжо шмат гадоў падтрымліваюцца сяброўскія адносіны. Сёлета да беларускіх рамеснікаў далучыліся творцы з Украіны і Латвіі, таму конкурс набыў статус міжнароднага. Вельмі цікава было паназіраць за работай майстроў суседніх дзяржаў, абмяняцца сакрэтамі лозапляцення.
У Горадзе Майстроў гасцінна сустракаў гасцей “Славянскага базару ў Віцебску” “Докшыцкі панадворак”. Чым толькі не здзіўлялі на ім дакшычане! Тут ладзіліся выставы-продажы работ Цэнтра дзяцей і моладзі, Дома рамёстваў, гульнявыя пляцоўкі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Докшыччыну турыстычную прадставіў ФСК “Ураджай”. Сваё майстэрства ў прыгатаванні беларускіх страў дэманстраваў клуб нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”. Мёдам частаваў клуб пчаляроў “Залатая пчолка”. Найгрышамі добра вядомых песень запрашаў пазнаёміцца з гасціннай, багатай на таленты Докшыччынай народны ансамбль народнай песні “Раніца” Докшыцкага ГЦК. У мастацкім афармленні панадворка выкарыстоўвалі элементы эмблемы запланаванага на гэты год “Фестывалю дзвюх рэк” – брэнда нашага раёна. Менавіта на “Славянскім базары ў Віцебску” адбылася яго прэзентацыя.
Ва ўсе дні фестывалю свае паслугі прадстаўляла і Докшыцкае райста. Рэстаран на 40 пасадачных месцаў і адкрытае кафэ на 60 абслугоўвалі кліентаў кругласутачна.
І гэта не адзіныя прадстаўнікі Докшыччыны на фестывалі. Пабывалі на так званай “Алімпіядзе мастацтваў” аркестр і калектыў барабаншчыц з дзіцячай школы мастацтваў імя Несцера Сакалоўскага, народны ансамбль “Вярба”, салісты Андрэй Чабан, Андрэй Воранаў і Алеся Палякова, танцавальны калектыў ГЦК. Гульнявую пляцоўку ладзіла дзіцячая бібліятэка, выставу-продаж – Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Докшыцкія юнакі і дзяўчаты сталі ўдзельнікамі традыцыйнага Дня моладзі ў фестывальным Віцебску.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *