Коллективный договор Докшицкой ПМК-52 стал лучшим в области

Сёлета Даччынаму камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Докшыцкая ПМК-52” прысуджана першае месца сярод прамысловых арганізацый у абласным аглядзе-конкурсе на лепшы калектыўны дагавор 2015 года.

IMG_4916

У арганізацыі працуе без малога 180 чалавек, усе яны ўваходзяць у склад прафсаюзнай суполкі. Па словах старшыні прафкама, інжынера па ахове працы ПМК-52 Алены Галоўчыц, апошнім часам у арганізацыю ўладкавалася шмат моладзі. Усе выказваюць жаданне быць у прафсаюзе, які дае шэраг гарантаваных выплат.
Зразумела, што бюджэт прафсаюзнага рахунку не гумовы, таму частку абавязкаў па яго выкананні бярэ на сябе адміністрацыя арганізацыі. З вялікай падтрымкай да ўсіх пачынанняў прафсаюзнага актыву ставіцца дырэктар арганізацыі Аляксандр Трахінін.
Падарункі ці грашовае заахвочванне згодна з калектыўным дагаворам работнікі атрымліваюць да Дня абаронцаў Айчыны, Восьмага сакавіка, Дня маці, Новага года. Выплату ў дзесяць базавых велічынь прадугледзелі ў калектыўным дагаворы для супрацоўніц, якія нараджаюць дзіця, тры базавыя атрымліваюць таты пры з’яўленні ў сям’і немаўляці.
Грашовая падтрымка аказваецца ў выпадку, калі чалавек доўга хварэе і больш за месяц знаходзіцца на бальнічным. Ніколі не застаюцца па-за ўвагай удзельнікі спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Найбольшай актыўнасцю вылучаюцца Ларыса Махонь, Алена Васілевіч, Арцём Малевіч, Сяргей Голубеў, Сяргей Жалейка.
Вельмі згуртаваную каманду ўяўляў сабой калектыў
ПМК-52 на сёлетнім турыстычным злёце арганізацый і ўстаноў раёна (на здымку).
Адна з частак узорнага калектыўнага дагавору прысвечана належнай арганізацыі мерапрыемстваў па ахове працы. Напрыклад, усю неабходную спецвопратку шыюць у арганізацыі самастойна. Для гэтых мэт створана паўнацэннае рабочае месца швачкі.
Тры супрацоўнікі абраны на пасады грамадскіх інспектараў па ахове працы. У кола іх абавязкаў уваходзіць пастаянны маніторынг арганізацыі рабочага працэсу. Грамадскі інспектар Кацярына Салаўёва, якая працуе інжынерам па забеспячэнні, у мінулым годзе заняла першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы ў прафсаюзных арганізацыях галіны.
У планах прафсаюзнага актыву – аднавіць у арганізацыі калектыў мастацкай самадзейнасці.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *