Фестиваль православной молодёжи прошёл в Докшицком районе в пятый раз
На працягу чатырох дзён (з 5 па 8 жніўня) больш за сотню юнакоў і дзяўчат бралі ўдзел у фэсце праваслаўнай моладзі, які ў пяты раз ладзіўся ў нашым раёне. На думку яго арганізатараў, ды і ўдзельнікаў, якія прыязджаюць на фестываль “Пакуль мы маладыя” не ўпершыню, сёлетні атрымаўся адным з самых насычаных на падзеі.
Падрыхтоўку да праваслаўнага форуму ўдзельнікі моладзевага руху пры храме Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне разам з айцом Віктарам Гмірам пачалі задоўга да яго пачатку. Яны не толькі збіраліся суполкай і вырашалі, чым зацікавіць моладзь, але і вялі значную інфармацыйную работу. Стварылі групу фестывалю ў папулярнай сацыяльнай сетцы, дзе прымалі заяўкі і інфармавалі пра змены, ахвотна дзяліліся інфармацыяй са СМІ. Да падрыхтоўкі фестывалю далучыліся святары Докшыцкай акругі начале з благачынным протаіерэем Георгіем Мялешкам. Свецкая ўлада таксама аказала значную дапамогу арганізатарам.
У выніку, акрамя мясцовых школьнікаў і студэнтаў, на фестываль прыехалі прадстаўнікі праваслаўнай моладзі з Мінска, Полацка і Наваполацка, Глыбокага, Браслава і Пастаў.
У першы дзень сустрэчы ішоў актыўны прыём дэлегацый, а ўвечары адбылося ўрачыстае адкрыццё форуму ў Крулеўшчыне. У гэты ж дзень ладзіліся рэпетыцыі творчага конкурсу “Мая вялікая сям’я”, які прайшоў у межах фестывалю.
У суботу моладзь накіравалася ў Крыпульскі сельсавет, дзе пабывала на нядаўна адчыненай купелі з гаючай крынічнай вадой у вёсцы Буй, пабачыла мясцовы храм. У межах патрыятычнага накірунку работы фестывалю для моладзі былі запрошаны прадстаўнікі вайсковай часці, што базіруецца ў Заслонава пад Лепелем, якія прадэманстравалі вайсковую тэхніку і зброю, а таксама цікавы відэафільм.
Затым хлопцы і дзяўчаты, якія за гэты невялікі час паспелі моцна пасябраваць, вярнуліся ў Крулеўшчыну, дзе ўвечары іх чакаў шэраг забаў, падрыхтаваны мясцовымі аднагодкамі. У гэты ж дзень адбыўся конкурс візітовак дэлегацый.
У нядзелю, на свята Успення святой прападобнай Ганны, моладзь пабывала ў аднайменным храме ў вёсцы Слабада, дзе пасля Божай літургіі здзейсніла крыжовы шлях. Апоўдні дэлегацыі чакалі ў райцэнтры. Пасля службы ў храме яны ўсклалі кветкі да брацкай магілы на плошчы І.С. Палявога, тым самым аддаўшы даніну павагі салдатам Вялікай Айчыннай вайны.
Планавалася, што канцэртная праграма адбудзецца на летняй сцэне гарадскога возера, як было ў мінулым годзе, аднак надвор’е капрызіла, і свята перанеслі ў ККЗ “Іскра”. Тым не менш гэта не перашкодзіла сабрацца досыць значнай колькасці гледачоў. Канцэрт праходзіў пад дэвізам “Мы сталі як адна сям’я”. І сапраўды, як госці, так і гаспадары ўпэўнена адчувалі сябе на сцэне.
Вельмі чулымі і пранікнёнымі былі выступленні ўдзельнікаў дэлегацыі нашай краіны, якія бралі ўдзел у IX Міжнародным з’ездзе “Садружнасці праваслаўнай моладзі”, што днямі завяршыўся ў Крыме. Дарэчы, сярод іх быў і наш зямляк, кіраўнік моладзевага праваслаўнага руху з Крулеўшчыны Аляксандр Плыгаўка. На раённай сцэне былі адзначаны лепшыя з лепшых па выніках конкурсу візітовак удзельнікаў фэсту (на здымку).
За некалькі тыдняў да пачатку фестывалю стартаваў і конкурс сямейных фотаздымкаў, які праходзіў па намінацыях “Сямейныя традыцыі”, “Фота з сямейнага архіву” і “Сям’я – твой маленькі свет”.
Дзесяць лепшых работ былі прадстаўлены на выставе ў Цэнтры культуры і вольнага часу ў Крулеўшчыне. Там жа ў панядзелак – апошні дзень фестывалю – адбылася адукацыйная канферэнцыя “На шляху да свету”.
Замест пасляслоўя: Па прафесійных абавязках і асабістай цікавасці давялося пабываць на некаторых мінулых фестывалях праваслаўнай моладзі ў нашым раёне, паразмаўляць з арганізатарамі і ўдзельнікамі. І ўвесь час не пакідала пачуццё захаплення ад штодзённай, часам нябачнай, але такой важнай справы, якой яны займаюцца. З кожным днём і годам ўсё больш сціраецца з усведамлення грамадства стэрэатып таго, што праваслаўная моладзь – гэта рэлігійны фанатызм і ўнутраная закамплексаванасць. Зусім наадварот. Гэтыя маладыя людзі адкрытая свету і навакольным, са сваімі светапоглядамі і прыхільнасцямі ва ўсім: музыцы, стылі адзення, літаратуры і інш. Яны цікаўная, смелыя і непасрэдныя, лёгка кантактуюць, і не толькі з аднагодкамі. Вылучае іх хіба тое, што за жыццё і магчымасці яны дзякуюць бацькам і Богу. Не верыце? Прыязджайце і прыходзьце тады на шосты фестываль у наступным годзе, каб пераканацца ў адваротным.
Наталля НАВІЦКАЯ.