В рамках фестиваля двух рек прошел комплекс развлечений «Семейные забавы» в Докшицах
Ці ведаеце вы найлепшы спосаб згуртаваць сям’ю? Гэта з лёгкасцю ўдалося арганізатарам сямейных забаў, што прайшлі ў парку ля возера ў фестывальную нядзелю.
Мамы і таты, бабулі і дзядулі, браты і сёстры і нават блізкія сябры з задавальненнем злучыліся ў каманды (колькасць якіх – СЕМ – сімвалічна супала са словам СЯМ’Я), каб разам, плячо ў плячо, прайсці адзінаццаць розных тэматычных конкурсаў. Для іх пераадолення спатрэбіліся эрудыцыя, фантазія, кемлівасць, спрыт, фізічная падрыхтоўка і нават уменне трымаць у руках іголку. І бацькі, і дзеці змаглі праявіць сябе, а некаторыя нават адшукалі ў сабе схаваныя здольнасці артыстаў, музыкантаў і мастакоў. Але пра ўсё па парадку.
Каманды, многія з якіх выдзяляліся падрыхтаванымі да іспытаў касцюмамі, павінны былі выканаць заданні на тэматычных пляцоўках, за што атрымлівалі сімвалічныя жэтоны. Па агульнай суме жэтонаў і выяўляліся пераможцы. Конкурсы ў асноўным былі творчыя. На пляцоўцы “Забаўлялька” трэба было з прадстаўленага матэрыялу вырабіць ляльку. На “Востраве шчасця” з розных кветак і раслін прапаноўвалі сплесці вяночкі. На “Прычале творчасці” майстравалі сямейны абярэг: зробленыя з саломкі маленькія венікі трэба было ўпрыгожыць скуранымі фігуркамі збаноў і засушанымі кветкамі. Не толькі ўменне маляваць, але і веданне сваіх дзядоў і прадзедаў патрабавалася на пляцоўцы “Сямейны прыстанак”. Тут сем’і стваралі “радавое дрэва”: адны запісвалі родзічаў на
папяровых яблычках, другія – на намаляваных далоньках, трэція – расфарбоўвалі сямейны карабель, які трымаўся на хвалях-дзядулях і хвалях-бабулях, а ветразямі кіравалі ўнукі. У “Музычным заліве” трэба было стварыць вакальна-інструментальны ансамбль і выканаць песню на выбраную тэму. На “Лебядзінай затоцы” ўсёй сям’ёй складалі пазлы эмблемы Фестывалю дзвюх рэк. “Бераг забаў” прапаноўваў пагуляць у жартаўлівы боўлінг. Фізічную падрыхтоўку ацэньвалі ў “Спартыўнай гавані” – удзельнікі лазілі праз хулахуп, скакалі ў бульбяных мяшках і паказвалі меткасць у дартсе. Вельмі смешна, нават да колікаў у жываце, праходзіў конкурс пантамімы ў “Бухце сяброўства”. Заданне паходзіла на вядомую гульню “Кракадзіл”, падчас якой адзін гулец каманды моўчкі, толькі рухамі і мімікай, паказваў зададзеныя словы і нават выразы, а астатнія адгадвалі іх за адведзены час. На “Літаратурным пірсе” ўсе дружна ўспаміналі творы К. Чукоўскага, разгадвалі жартаўлівую крыжаванку і па радках з дзіцячай кнігі складалі прыказку. Сапраўднай разумовай зарадкай прапанавалі заняцца ў “Вытоках мудрасці”: са слоў Бярэзіна і Вілія трэба было скласці як мага больш новых слоў.
З колькасцю ў 33 жэтоны ў прызёры выйшлі сем’і Сакаловых, Загорскіх і Грыгаровічаў. Уладальніка галоўнага прыза “Сямейных забаў” – насценнага гадзінніка – выявіў дадатковы іспыт, у якім перамаглі Ірына Сакалова з дачушкамі.
Конкурс спадабаўся ўсім сем’ям-удзельніцам, бо сваімі станоўчымі ўражаннямі яны падзяліліся з сябрамі і знаёмымі, а па рэакцыі апошніх бачна, што ў наступны раз канкурсантаў будзе намнога больш.
Яўгенія МАЛЕВІЧ,
удзельніца “Сямейных забаў” з каманды “Буслікі”.