Сабраў гасцей багата фэст у Валкалатах
Як вядома, у Валкалацкім касцёле захоўваецца абраз святога Роха – апекуна хворых, лекараў, земляробаў і вязняў. Менавіта да гэтага святога прынята звяртацца з малітвай аб здароўі або, калі чалавек захварэў, аб яго хутчэйшым выздараўленні. Фэст у гонар святога Роха ладзіцца з даўніх часін і збірае вялікую колькасць вернікаў. Традыцыйна мясцовыя жыхары загадзя рыхтуюцца да гэтага свята, з асаблівым імпэтам наводзяць парадак у дамах, на панадворках, на вуліцах, гатуюць смачныя стравы, бо да іх – а гэта таксама даўняя традыцыя – прыязджаюць адусюль родныя, сваякі і сябры.
У апошнія гады ўрачыстасць мае пэўную праграму. Як заўсёды, у 9 гадзін пачынаецца Святая Імша пры алтары святога Роха, у 11 гадзін – урачыстая Адпустовая Святая Імша. Ніводнае свята і богаслужэнне ў храме не абыходзіцца без касцельнага хору. Хвалу Госпаду праз чароўныя спевы ўзносяць Марыя і Вікторыя Кімстач, Аксана Малькевіч, Марына Мацюшонак, Уладзімір Чыкун і Вольга Янковіч – удзельнікі аматарскага аб’яднання пры СДК “Голас душы”. Спевы суправаджаюцца цудоўнай арганнай музыкай у выкананні музычнага кіраўніка Дома культуры Уладзіміра Чыкуна і студэнткі БДУ Вольгі Янковіч. Вольга мае выдатныя голас і слых, і дасканалую ігру на аргане асвоіла самастойна (здымак 1).
Па-за сценамі храма таксама віруе свята. Гандлёвыя палаткі, гульнявая пляцоўка для дзяцей, выстава “Шчодрыя дары валкалацкія” – выбірай на любы густ. Працуе таксама і карчма “Святочная”, у якой гаспадыні Раіса Вярцінская і Валянціна Раманоўская (здымак 2) прапаноўваюць разнастайнае дамашняе печыва і смачныя вітамінныя напоі ўсім ахвотным.
І, вядома ж, якое свята без вясёлай песні – сёлета добры настрой валкалатцам дарыў народны ансамбль “Раніца”, а вечарам адбыўся канцэрт, арганізаваны сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці мясцовага Дома культуры, пад назвай “Вера. Надзея. Любоў”.
У праграме канцэрта былі цудоўныя песні на беларускай мове з глыбокім філасофскім зместам: пра веру ў Госпада, любоў да яго і да бліжніх, пра вялікае шчасце, дараванае ўсім нам, – жыццё, а таксама пранікнёныя і ўзнёслыя вершы і вясёлыя танцы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.