С молодым энтузиазмом работает ферма «Лаплина» в Докшицком районе

б 189б 194Наведацца на малочнатаварную ферму “Лапліна” ААТ “Барсучанка” ўзахвоціў той факт, што ў дадзенай гаспадарцы валавая вытворчасць малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 130,4 працэнта, а сярэдні надой ад каровы – на 2,8 кілаграма. МТФ “Лапліна” да ўсяго яшчэ ў ліку лепшых фермаў акцыянернага таварыства. Аб працоўных дасягненнях невялікага згуртаванага калектыву, дарэчы, дастаткова маладога, з якім сустрэліся якраз перад пачаткам даення, гутарым з галоўным заатэхнікам Марынай Марыніч.
– Толькі добрыя словы магу сказаць пра дзяўчат, – гаворыць Марына Іосіфаўна. – Старанныя, адказныя, дружныя, па дысцыпліне ніякіх заўваг няма. Загадчыца Алена Піскуновіч чацвёрты год на пасадзе, работу сваю ведае, дакументацыя заўжды ў парадку. Яна ж яшчэ і тэхнік-асемянатар – спраўляецца з усім, і вынікі ёсць.
Сапраўды, лічбы гавораць самі за сябе. На ферме ўтрымліваецца 261 галава БРЖ, у тым ліку кароў – 169. Валавая вытворчасць малака з пачатку года складае 365 тон, што на 96,8 тоны больш, чым у 2015 годзе. Рэалізавана 334 тоны малака (+93,1 тоны), прытым рэалізацыя гатункам “экстра” складае 64 працэнты (летась 15), вышэйшым гатункам – 32 працэнты (34 працэнты ў мінулым годзе) і першым гатункам толькі 4 працэнты супраць леташніх 48. На 2 працэнты павялічылася таварнасць малака і складае 91,5 працэнта. Калі па гаспадарцы сярэдні паказчык надою ад каровы складае 12,2 кілаграма, то на МТФ “Лапліна” ён крыху вышэйшы за 14 кілаграмаў. У гэтым годзе атрымана 107 галоў прыплоду (на 17 больш чым за мінулы год), уведзена ў асноўны статак 46 галоў падцёлкаў.
Як вядома, за кожнай лічбай, кожным паказчыкам стаяць рэальныя людзі. Сёлета на ферме пастаўлена група раздою, 44 галавы, за якую адказвае Ала Залатуха. Асноўныя расцёлы прайшлі ў лютым-сакавіку, і зараз у яе групе налічваецца 12 высокапрадукцыйных кароў, ад якіх надойваецца па 20 кілаграмаў і больш малака. А ў групе Таісы Майсіевіч адна карова дае 30 кілаграмаў малака і дзве – больш за 25.
– Увогуле, – адзначае галоўны заатэхнік, – са 169 кароў тут дояцца 163, і з іх 39 – высокапрадукцыйныя. Безумоўна, у гэтым заслуга ў першую чаргу даярак, а таксама ветурача, тэхніка-асемянатара, якія да абавязкаў сваіх адносяцца заўжды добрасумленна. Словы ўдзячнасці, акрамя вышэйназваных, хочацца адрасаваць і Святлане Касцюк, і Валянціне Станкевіч, і падменнай даярцы Іне Ярохінай, і слесару-механізатару Анатолю Бадуну, які абслугоўвае перасоўную даільную ўстаноўку, хоць ужо і знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
– Працую, дапамагаю гаспадарцы, як магу, хоць, сказаць па праўдзе, ужо і нялёгка гэта для мяне, – прызнаецца Анатоль Іванавіч. – Як-ніяк шэсць дзясяткаў гадкоў за плячыма, ды і стажу працоўнага маю без малога чатыры. Цяжкавата ўставаць кожную раніцу ў палове чацвёртай на ранішнюю дойку, а спазняцца, самі разумееце, не выпадае. Але ж тут дзяўчаты маладыя, дык і я каля іх неяк бадзёруся: калі ўзяўся за гуж, не кажы, што нядуж.
Пасля таго, як ужо зроблены здымак, увішныя працаўніцы без прамаруджвання бяруцца за справу. Думаецца, з такімі адносінамі да работы яны заваяваных пазіцый не здадуць. А магчымасці для далейшага росту заўсёды ёсць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Руплівіцы з МТФ “Лапліна” (злева направа) Таіса Майсіевіч, Валянціна Станкевіч, Алена Піскуновіч, Святлана Касцюк, Ала Залатуха. 2. Па-ранейшаму ў страі механізатар Анатоль Бадун.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *