Вопрос о самоубийстве остается острым не только в Докшицком районе
Ва ўсім свеце суіцыд з’яўляецца сур’ёзнай праблемай.
У сярэднім больш за 32 тысячы чалавек у год у асобнай развітай краіне заканчваюць жыццё самагубствам і каля 80 суіцыдаў адбываецца штодня.
Акрамя здзейсненых суіцыдаў, кожны дзень адбываецца 1500 спроб, якія завяршаюцца “непаспяхова”.
Ва ўзроставай групе 18 — 65 гадоў насельніцтва развітых краін самагубства з’яўляецца чацвёртай вядучай прычынай смерці. Некалькі гадоў таму мы знаходзіліся на другім месцы ў свеце пасля Літвы. І сітуацыя не змянілася ў лепшы бок, таму што павялічылася колькасць парасуіцыдаў (несмяротных наўмысных самапашкоджанняў). Людзей, якія спрабуюць пазбавіць сябе жыцця, менш не стала. У нашай краіне ад самагубства паміраюць часцей, чым ад дарожна-транспартных здарэнняў і пажараў разам. Каля 55% тых, хто здзейсніў суіцыд, нідзе не працавалі. Часцей за ўсё заканчваюць жыццё самагубствам мужчыны ва ўзросце пасля 50 гадоў з сельскай мясцовасці. Толькі адзін з чатырох чалавек, хто здзейсніў суіцыд, але застаўся жывым, сутыкаецца з прафесійнай сістэмай аховы здароўя, астатнія выпадкі не фіксуюцца.
Аднак лічбы статыстыкі нічога не раскажуць пра пакуты, боль, адчуванне віны родзічаў, сяброў, калег самагубцы пасля неверагоднага факта самаразбурэння. У акружэнні кожнага чалавека, які пазбавіў сябе жыцця, у сярэднім застаецца 6 чалавек, для якіх гэта цяжкая душэўная траўма. У 8% працэнтаў тых, хто здзейсніў такі страшны ўчынак, адзін з бацькоў быў самагубцам. Перыяд “пікаў узроставай суіцыдальнасці” знаходзіцца паміж 15 і 24 гадамі і паміж 40 і 50 гадамі.
Найбольшую занепакоенасць выклікае рост частаты спроб і завершаных суіцыдаў у маладых людзей. За апошняе дзесяцігоддзе іх колькасць сярод моладзі вырасла ў тры разы. Штогод кожны дванаццаты падлетак ва ўзросце 13 — 19 гадоў спрабуе здзейсніць самагубства. Колькасць завершаных самагубстваў сярод мужчын у сярэднім у 4 разы большая, чым у жанчын. Разам з тым жанчыны спрабуюць развітацца з жыццём у 4 разы часцей, чым мужчыны, толькі выбіраюць “літасцівыя” спосабы, якія значна радзей прыводзяць да смерці.
Пазбаўленне сябе жыцця – гэта апошні крок, да якога прыводзіць мноства прычын, і кожная з іх вынікае з папярэдняй. Прычыны адрозніваюцца ў залежнасці ад узросту. Так, у падлеткаў да 16 гадоў самагубствы адбываюцца з-за нераздзеленага кахання і складаюць практычна палову ад агульнай колькасці. Пасля 25 гадоў маладыя людзі па гэтай прычыне зводзяць рахункі з жыццём значна радзей. Да лятальнага зыходу могуць прывесці таксама наступныя прычыны: перасычанасць жыццём, грашовыя страты, душэўная і фізічная хваробы, канфлікты і гвалт, выхад на пенсію і інш. Самыя высокія паказчыкі самагубстваў адзначаюцца сярод наркаманаў, інвалідаў, падлеткаў, псіхічна хворых, а таксама хранічных алкаголікаў. Людзі, якія злоўжываюць спіртным, здзяйсняюць каля трэці ўсіх завершаных самагубстваў і чвэрць усіх спроб. Алкаголь пры жыцці ўжываюць каля 60% самагубцаў. Па статыстыцы, тыя, хто знаходзіцца ў шлюбе, зводзяць рахункі з жыццём значна радзей. Высокі ўзровень самагубстваў у тых, хто страціў партнёра.
Дадзеная сумная статыстыка не абыходзіць бокам і Докшыцкі раён. За 10 месяцаў бягучага года ў сектары судова-медыцынскіх экспертыз Глыбоцкага Міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь было здзейснена 135 судова-медыцынскіх экспертыз памерлых грамадзян, у тым ліку 47 паступілі з Докшыцкага раёна. З іх прычынай смерці 6 грамадзян (13%) стала самагубства шляхам павешання. Гэты былі 5 мужчын і 1 жанчына. Іх сярэдні ўзрост быў 42,5 гадоў. Самаму малодшаму – 33, старэйшаму – 55 гадоў. Пяцёра з гэтай колькасці знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, канцэнтрацыя якога была ў межах ад 0,38% да 3%.
А. Драбовіч,
начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз
Глыбоцкага міжраённага
аддзела Дзяржкамітэта
судовых экспертыз.