Докшицкий Дед Мороз приветствовал лучших учеников района
У гэты дзень у фае ККЗ “Іскра”збіраліся ўдзельнікі святочнага мерапрыемства для пераможцаў прадметных алімпіяд, прызёраў спартыўных і творчых конкурсаў. Перад урачыстасцю – традыцыйная гульнявая праграма, якую для дзяцей з году ў год ладзяць артысты народнага тэатра гульні “Балагуры” Докшыцкага ГЦК.
Пасля вясёлых конкурсаў і навагодніх карагодаў усе спяшаліся заняць свае месцы ў глядацкай зале ККЗ “Іскра”. Ля кожнага рада было пастаўлена па некалькі дадатковых крэслаў – у гэтым годзе колькасць удзельнікаў мерапрыемства зноў павялічылася.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў усіх прысутных прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, якая выказала словы вялікай падзякі за працавітасць, за тое, што запрошаныя на свята вучні сваімі ведамі, поспехамі, творчасцю праслаўляюць наш край. Таксама яна пажадала кожнаму адважвацца, тварыць, ставіць перад сабой мэты і ўпэўнена ісці да іх.
А якое ж навагодняе свята без падарункаў? Вядучыя мерапрыемства Дзед Мароз і Снягурка ўручылі Валянціне Уладзіміраўне саламянае пано “Гаспадар пушчы” Лізаветы Пруднік, з якім наведвальніца аб’яднання па інтарэсах “Беларуская саломка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі стала ўладальніцай Дыплома І ступені ў традыцыйнай абласной акцыі “На добрую памяць!”
– Сёння ў гэтай зале прысутнічаюць 230 пераможцаў і прызёраў школьных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, – адзначыў у сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Парцянка. – Кожны з вас – зорачка, якая ў будучыні можа ператварыцца ў сапраўдную зорку і будзе асвятляць сабой усіх, хто побач. Для гэтага ў вас ёсць талент і працавітасць.
Цярпення, дабрабыту і рэалізацыі сябе праз сваіх вучняў пажадаў Дзмітрый Данілавіч настаўнікам раёна, без карпатлівай работы якіх многія з пераможцаў не трапілі б у лік лепшых. Асобныя словы падзякі прагучалі ў гонар юных спартсменак Докшыччыны – Настассі Кацейка і Лізаветы Дорц, якія праслаўляюць наш раён не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні.
Узнагароджанні чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі, якія дарылі прысутным выхаванцы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.