Молодёжь из Торгунов Докшицкого района ищет помещение для занятий спортом

img_7578Вову Малюжанца, Улада Малюжанца і Мікіту Варанковіча (на здымку) аб’ядноўвае не толькі тое, што ўсе трое з Таргуноў, сябруюць і вучацца ў першай гарадской школе райцэнтра. Ёсць у гэтай тройцы агульнае выдатнае захапленне. І імя яму – спорт. А дакладней – воркаўт, ці вулічная гімнастыка. Ухіл у воркаўце робіцца на працу з уласнай вагой і развіццём сілы і вынослівасці. Аматары і ідэйныя натхняльнікі воркаўта выконваюць розныя практыкаванні на спортпляцоўках. Ім скараюцца турнікі, брусы, рукаходы, шведскія сценкі і іншыя канструкцыі.

Зараз у сеціве шмат відэа спартсменаў-воркаўтэраў, якія яшчэ называюць сябе дваровымі спартсменамі, вулічнымі гімнастамі, турнікмэнамі. Адметна, што воркаўт, як частка моладзевай субкультуры, становіцца папулярным у нашым раёне.
Але ж аднымі трэніроўкамі на свежым паветры тут не абыдзешся. Патрэбна яшчэ і прафесійная парада, а таксама стацыянарнае месца для трэніровак у памяшканні, спартыўны інвентар.
– Улетку гасціў у дзядзькі ў Мінску, – расказвае Мікіта. – Шчаслівы выпадак пазнаёміў з прафесійным трэнерам. Ён згадзіўся падрыхтаваць для нас праграму. Па ёй пакуль і размяркоўваем нагрузкі.
– Першы, хто з нас пачаў займацца воркаўтам, – гэта Вова, – дадае Улад. – Гледзячы, як крута ў яго атрымліваюцца розныя элементы, і мы зацікавіліся вулічнай гімнастыкай.
– Зараз да нашай каманды дадаліся навічкі. Чалавек сем збіраецца на трэніроўкі, – дапаўняе сяброў Вова.
У хлопцаў ёсць стымул, вялікае жаданне займацца спортам, але вось жывуць яны ўсё ж не ў райцэнтры, куды кожны дзень не наездзішся на трэніроўкі. А таму мараць таргуноўскія хлопцы пра ўласны куток для заняткаў спортам. Нават інвентар сёй-той пачалі рабіць самастойна. Самі зварылі штангу, замкі да яе, падабралі дыскі. Затым зрабілі разборныя гантэлі. Зноў жа не без дапамогі Інтэрнэту сабралі з аўтапакрышак баксёрскую грушу.
Пакуль з гэтым дабром хлопцам, акрамя бацькоўскіх гаражоў і ўласных пакояў, няма куды падацца. Ды і пра трэнера, не далёкага сталічнага, а мясцовага, яны вельмі мараць. Толькі існуе шэраг бюракратычных “але”, якія падлеткам без дапамогі і падказкі дарослых не пераадолець.
Ці стануць гэтыя мары рэальнасцю, пакажа час. А яго ўжо не так і шмат, год-другі і закончаць яны школу, паедуць з роднага мястэчка ў навучальныя ўстановы… Добра, калі вяртаючыся да бацькоў на канікулы, будуць мець магчымасць схадзіць на трэніроўку і расказаць падрослым таргуноўскім хлапчукам, як у аграгарадку спартыўную залу марылі зрабіць. Спадзяёмся, што мары ўсё ж увасобяцца ў жыццё, а гэты газетны фотаздымак упрыгожыць сцяну таргуноўскай “качалкі”.
А пакуль Вова, Улад, Мікіта і іншыя мясцовыя хлопцы ганяюць летам на веліках, якія самі ж удасканальваюць, ходзяць зімой на лыжах да бліжэйшага лесу, кожны дзень бегаюць адрэзкі і ўласным прыкладам паказваюць, што спорт – гэта крута!

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *