Афганістан — нашы гістрыя і боль
У 1979 годзе ў Афганістане перамагла красавіцкая рэвалюцыя і адной дружалюбнай краінай стала ў Савецкага Саюза больш. Аднак перамогай рэвалюцыі не вырашыліся ўнутраныя супярэчнасці афганскага народа: ішла міжусобіца, адны групы насельніцтва ваявалі з другімі, чым умела карысталіся рознага роду праціўнікі. Афганскі ўрад неаднойчы прасіў СССР аб аказанні ваеннай дапамогі. Не адразу было прынята гэта рашэнне, а пасля таго, як ЗША зрабілі спробу размясціць новую магутную зброю каля паўднёвай граніцы нашай краіны. Гэта ўяўляла сур’ёзную пагрозу. Тады ні ў каго не было сумнення ў правільнасці прынятых рашэнняў. Нашы войскі, верныя прысязе, адправіліся на чужую зямлю абараняць інтарэсы свайго народа і выконваць інтэрнацыянальны доўг. Колькі разоў бывала: войны задумваюць сівыя палітыкі, а ў акопах аказваюцца тыя, каму па 20-30 гадоў.
Згодна з заключаным у красавіку 1988 года Жэнеўскім пагадненнем аб палітычным урэгуляванні становішча вакол ДРА, вывад савецкіх войск з Афганістана пачаўся 15 мая 1988 года. 15 лютага 1989 года для многіх стаў днём, калі закончыўся лік стратам нашых салдат і служачых. Цяжкі, сумны вынік… Многа маці і бацькаў не дачакаліся сваіх сыноў. Не сказалі яны: “Мама, я жывы…”
Кожны год 15 лютага альбо напярэдадні гэтай даты праходзяць урачыстыя сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзел у якіх прымаюць прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскасць. У нашым раёне стала традыцыйным шэсце калоны па цэнтральнай вуліцы Докшыц. Маладыя, моцныя, з ордэнамі і медалямі мужчыны ўскладваюць кветкі да падножжа помніка Герою Савецкага Саюза І.С. Палявому. Схіляюць галовы ў паклоне. Яны свята захоўваюць традыцыі беларускай арміі, уносяць вялікі ўклад у грамадска-палітычнае жыццё краіны і патрыятычнае выхаванне моладзі.
Урачыстае мерапрыемства з нагоды вываду савецкіх войск з Афганістана працягваецца ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. Сцэна прыгожа аформлена. Дэманструецца відэазастаўка “Мы уходим”. Гучыць музыка. У зале – старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане падпалкоўнік запасу Валяр’ян Мацкевіч, воіны-інтэрнацыяналісты, старшыні пассельвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый, гараджане, школьнікі.
Першым звярнуўся да прысутных з невялікай прамовай ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята Г.В. Пацэвіч. Ён спыніўся на падзеях 23-гадовай даўнасці.
– Сённяшняя сустрэча – даніна памяці ўсім, хто меў дачыненне да гераічнай і трагічнай вайны, якая доўжылася ў два разы больш, чым Вялікая Айчынная, – гаварыў Генадзь Вацлававіч. – Там, у далёкім Афганістане, савецкія воіны праявілі лепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць.
– Афганістан – гэта наша біяграфія, – сказаў з трыбуны старшыня абласной арганізацыі ГА БСВВА Валяр’ян Мацкевіч. – Пра яе доўга маўчалі, дазіравалі праўду пра герояў і страты. Нават плакаць над магіламі не дазвалялі. Скупіліся на ордэны і медалі.
Баі закончыліся, а гісторыя вечная. Афганская вайна застанецца ў памяці людзей, бо напісана крывёй салдат і слязамі маці.
А.Л. Пінчук пажадаў здароўя ўсім тым, хто выжыў у гэтай вайне, іх родным і блізкім. Тым, хто прысутнічаў у зале. І выказаў надзею, што ніхто і ніколі не адчуе на сабе страшную і бязлітасную вайну.
Не праходзяць такога кшталту мерапрыемствы без узнагароджанняў. Юбілейнымі медалямі “20 гадоў вываду Савецкіх войск з Афганістана” адзначана працоўная дзейнасць і асабісты ўклад у падтрымку воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыні раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчука, ваеннага камісара раёна падпалкоўніка Г.В. Пацэвіча, юрыста К.Б. Радкевіча.
Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў атрымаў вадзіцель РУВП “Докшыцкі хлебазавод” П.А. Таразевіч. Юбілейныя медалі Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане “За заслугі” II ступені і нагрудныя знакі атрымалі таксама І.Д. Багдановіч, М.С. Войніч, П.Р. Вязнікаў, У.М. Гапанёнак, В.І. Гмырак, В.І. Грыгаровіч, В.В. Жыткавіч, В.І. Залатароў, Т.А. Ісакаў, В.А. Казачэнка, А.Р. Кеда, С.М. Каляга, Л.В. Каляга, У.У. Капытка, В.В. Латковіч, В.В. Лібоза, М.Л. Маслоўскі, А.А. Майсіевіч, Д.І. Разумовіч, М.І. Рошчупкін, Я.І. Сакалоўскі, М.У. Ставер, А.М. Стульба, П.А. Таразевіч, С.В. Ціханавец, А.У. Ткачэнка, Ч.І. Шавардак.
Было высока адзначана жыццё і дзейнасць старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, былога воіна-інтэрнацыяналіста, аднаго з першых, хто быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, Валянціна Андрыеўскага. За асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху і ўмелае кіраўніцтва Докшыцкай раённай ветэранскай арганізацыяй ГА БСВВА ён удастоены Ганаровай граматы абласной ветэранскай арганізацыі, а таксама кнігі пра легендарнага камандуючага В.Ф. Маргелава з подпісам “Дзякуем, што вы ёсць”. Сяржант запасу В.С. Андрыеўскі – адзін з 28 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ўзнагароджаны медалём “За заслугі” II ступені і нагрудным знакам.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.
Я вот только одного не понимаю.. если такая «боль в сердце», почему об этом вспоминают один раз в году только..