Наперад — і з песняй
Пра тое, што гэта выказванне стала яго жыццёвым крэдам, ваенны лётчык Валерый Іванавіч Гмырак, мабыць, і не задумваўся. Але жыў і выконваў пастаўленыя задачы лёгка, бо з песняй не разлучаўся.
Пярвічная раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” налічвае 28 чалавек. Усе яны сапраўдныя абаронцы – прафесійныя ваенныя. Пасля выхаду ў запас кожны з іх заняўся сваёй справай, у большасці – для душы. Трывогі і раннія пад’ёмы, жыццё ў аддаленых кропках краіны, на граніцы, за мяжой альбо проста ўдалечыні ад радзімы, родных і блізкіх, прывычных жыццёвых укладаў выклікалі ў нейкай ступені дыскамфорт, далі свой адбітак на характары, мабыць, на здароўі, на адносіны да акаляючага. Аднак у кожным руху, поглядзе, выказванні адчуваецца годнасць чалавека, які стаяў на абароне Айчыны, нашага спакойнага, мірнага жыцця – выконваў галоўны абавязак мужчыны. А да таго кожны з іх прайшоў дасканалы адбор, каб атрымаць самую важную прафесію – абаронцы Айчыны.
Валерый Іванавіч Гмырак (на здымку) – сённяшні падпалкоўнік у адстаўцы, былы воін-інтэрнацыяналіст, у мінулым лётчык-аператар, штурман звяна, штурман эскадрыллі, начальнік паветранай агнявой і тактычнай падрыхтоўкі асобнага баявога верталётнага палка. Ён – старшыня ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. А за плячамі вясковага хлопца – вучоба ў Віцебскім ДСААФ, Саратаўскім вышэйшым ваенна-авіяцыйным вучылішчы, служба ў Прыморскім краі, на Далёкім Усходзе, у Германіі, Калузе. Быў і Афганістан. Год пад абстрэлам душманаў. Год, калі браў агонь на сябе, каб даць магчымасць калоне машын з палівам і боепрыпасамі, прадуктамі харчавання даставіць груз у самыя гарачыя кропкі баявых дзеянняў. Адтуль – параненых. У Афганістане “вяртушкі”, альбо “МІ-24”, прыкрывалі “МІ-8”, якія выконвалі, здавалася б, больш важныя задачы, але без падтрымкі прыкрыцця справіцца з імі, практычна, не маглі.
Пад верталётным прыкрыццём знаходзіўся ваенны аэрадром у сяброўскім Афганістане, нейтральныя воды Ціхага акіяна, порт Находка…
– Мы – людзі ваенныя, – гаворыць падпалкоўнік у адстаўцы. – Ёсць прыказ — значыць, трэба яго выканаць. У нашым выпадку інакш нельга. Працоўная дзейнасць была звязана з рызыкай для жыцця нават у мірны час. Часта даводзілася дастаўляць трывогу членам сваёй сям’і. Пэўны перыяд мае дочкі жылі ў бабулі, бо так складвалася сітуацыя. Жыццё пад прыцэлам…
З цеплынёй успамінае Валерый Іванавіч сваё дзяцінства і юнацтва. Прайшло яно ў вялікай і дружнай сям’і, дзе, апрача яго, выхоўваліся тры сястры і брат. Усе на летніх канікулах працавалі ў полі, хлопцы былі памочнікамі камбайнераў. Разам з бацькам хадзілі на паляванне і рыбалку. Бацька заклаў у характар сыноў мужчынскі стрыжань. У строгасці выхоўвала дзяцей і маці.
Пасля выслугі гадоў у лётнай часці ваенны чалавек вярнуўся да мірнага жыцця. Пасека, якую трымае В.І. Гмырак, знаходзіцца каля невялічкага дачнага доміка, які стаіць побач з рэчкай і лесам. Тут ён працуе, тут адпачывае душой. Развесці пчол, заняцца пчалярствам на прафесійнай аснове Гмырак вырашыў выпадкова. Праўда, нельга сказаць, што ніякага дачынення да іх ён не меў ніколі. Дзед яго быў вясковым пчаляром: песціў пчол, даглядаў, лячыў мёдам сваіх родных, суседзяў. У юнацкія гады Валерый не думаў, што сам зоймецца пчалярствам, але пасля выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю, прыйшоў да высновы, што менавіта пчаліная размераная мітусня дапаможа набыць душэўны спакой.
Валерый Іванавіч, пакуль “спісваўся” з лётнай службы, а доўжылася гэта каля месяца, які ён правёў у Маскве, накупіў каля чатырох дзясяткаў кніг – энцыклапедый пчаляра, заняўся ўласным “лікбезам” і цяпер вельмі задаволены выбарам. Жыццё сваё лічыць удалым і шчасцем называе пачуццё ўласнай патрэбнасці.
– Сям’я – гэта як мост, які без падпоркі не тое, што гнуткі, але і зусім нетрывалы. У мяне ёсць жонка, дзве дачушкі, зяць і ўнучак. Я патрэбен ім, а яны мне. Мабыць, яшчэ больш яны мне, чым я ім. Дзеля іх спакойнага жыцця я гатоў на многае.
Тэкст і фота
Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.