Молодая учительница из Докшицкого района увлекается фотоохотой
Прыгожая як кветка. Менавіта так падумалася пры знаёмстве з настаўніцай Парплішчанскай школы Ганнай Маркевіч. Яркая, вытанчаная, далікатная, з вялікімі добрымі вачыма і шчырай усмешкай – так яе характарызуюць вучні.
– Кветкі – мая слабасць, – прызнаецца маладая жанчына. – Я настолькі зачароўваюся імі, што не ўяўляю і хвілінкі без захаплення рознакаляровымі, духмянымі, трапяткімі ружамі і архідэямі, рамонкамі і пралескамі. А таму маё хобі – гэта кветкаводства.
У дзяцінстве я марыла
стаць доктарам. Але мая любоў да прыроды перамагла – скончыла хімічны факультэт БДУ і выбрала прафесію выкладчыка біялогіі і хіміі. Да таго ж маімі натхняльнікамі на абраную справу былі таленавітыя настаўніцы Таццяна Ждановіч і Алена Сарокіна, якія і сёння дапамагаюць слушнымі парадамі.
Першым месцам працы Ганны стаў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.
– Працаваць там было не зусім лёгка, але вельмі цікава. Лічу, што ў цэнтры атрымала добры педагагічны вопыт, які вось ужо чатыры гады падмацоўваю ў Парплішчанскай школе. У гэтай установе адукацыі вялікая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню дзяцей, а таму я сябе тут адчуваю як рыба ў вадзе. Тым больш, што кіраўніцтва школы не баіцца маіх крэатыўных прапаноў і заўсёды ідзе насустрач усім задумам і планам. Мне пашчасціла стаць кіраўніком школьнага экалагічнага атрада “Экадазор” і клуба “Крылаты дазор”. Дарэчы, яшчэ адно маё захапленне – фотапаляванне на птушак. З вучнямі мы займаемся даследчай і праектнай дзейнасцю, удзельнічаем у праекце “Зялёныя школы”, а таксама ў розных экалагічных акцыях. Іншымі словамі – вядзём актыўную прыродаахоўную дзейнасць. Тое, што мы крочым правільным шляхам, падкрэсліваюць нашы шматлікія ўзнагароды не толькі ў раённых, але абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Напрыклад, школьная агітбрыгада “Экафеерыя” станавілася першай у раённым і абласным экалагічных фестывалях “Жывому жыць!” У мінулым годзе мы заваявалі другое месца ў раённым экалагічным фестывалі “Эха Чарнобыля”. Дыпломам І-й ступені быў узнагароджаны калектыў юных аўтараў нашай школы ў абласной культурна-экалагічнай акцыі “Зберажом зялёную елку!” у намінацыі “Лепшая публікацыя”. Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі парплішчанскія вучні за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. Я ганаруся шматлікімі перамогамі ў розных конкурсах сваіх выхаванцаў Настассі Камінскай, Кацярыны Зубаравай, Дар’і Ліпчык.
Сёлета Ганна Маркевіч удзельнічала ў раённым этапе конкурсу “Настаўнік года Беларусі-2016”. У сваім творчым прадстаўленні яна выкарыстоўвала мудрыя цытаты з любімага літаратурнага твора “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы, якія, як лічыць Ганна Станіславаўна, вельмі дапамагаюць і ў жыцці, і ў рабоце з дзецьмі. Два гады запар маладая настаўніца ўшаноўваецца на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі. Поспехам сваёй дачкі-разумніцы радуюцца і бацькі – Людміла Чаславаўна і Станіслаў Браніслававіч, якія выхавалі чулага, добрага чалавека, прыгожага і звонку, і знутры.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.