Анне Юнцевич из деревни Литовцы Докшицкого района подвластно всё

img_7413Колькі ж у свеце жанчын, якімі не перастаеш захапляцца! Захапляцца не толькі іх прыгажосцю, а і моцаю духа, талентам, працавітасцю, уменнем зрабіць штосьці немагчымае. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што сучаснай жанчыне падуладная любая работа, нават самая цяжкая.
Ганна Юнцэвіч з Літоўцаў (на здымку) у маленстве аддавала перавагу не гульням у лялькі, як большасць дзяўчынак, а футболу і хакею, сябравала выключна з хлапчукамі. Нават пасля заканчэння школы прафесію выбрала не зусім жаноцкую: паступіла ў Вілейскае тэхнічнае вучылішча, дзе набыла спецыяльнасць слесара механазборачных работ 3 разрада. З лёгкасцю магла сабраць папулярны на той час фотаапарат “Зеніт”. З тэхнікай яна сябруе і па сённяшні дзень, але так вызначыў лёс, што рэалізавала сябе зусім у іншай сферы – 30 гадоў прысвяціла культуры, з’яўлялася загадчыкам Літоўскага сельскага клуба.
– Якія гэта былі часы! – узгадвае Ганна Антонаўна. – Калі арганізоўваліся танцы (дыскатэкамі іх не прынята было называць), вялікі натоўп моладзі штурмаваў клуб. Хлопцы і дзяўчаты, каб адпачыць пад музыку, ішлі нават з Крулеўшчыны. Часта ставілі канцэрты, на якіх артыстам акампаніраваў на баяне Франц Лубнеўскі. На сцэне сельскага клуба адкрыліся таленты ў Юрыя Зязюлі, Людмілы Юнцэвіч, Іны Таляронак. Заявілі пра сябе спевакі Дзмітрый Міхайлаў і Андрэй Чабан. Настолькі было весела! Заўсёды з настальгіяй успамінаю той час. Сёння, на жаль, клуб ужо не працуе, рэарганізацыя закранула і нас.
Таму зараз больш часу з’явілася, каб займацца хатняй гаспадаркай, а яна ў нас з мужам немалая: і свінні, і качкі, і трусы, і дзве кароўкі маем. Догляду патрабуе не толькі жыўнасць, а і тэхніка. Калі за рамонт трактара бярэцца гаспадар, то з легкавушкай з лёгкасцю спраўляюся сама.
– Няўжо і кола зможаце памяняць? – цікаўлюся.
– Канешне. А што, сумняваецеся? – смяецца Ганна. – І не толькі кола. А яшчэ ўмела трымаю ў руках касу, пілу і сякеру.
– Паслухаеш, дык вы з любой работай управіцца можаце. Ці ёсць такая справа, займаючыся якой, адпачываеце?
– З нядаўняга часу захапілася вырабамі з паперы. Шмат работ сплецена ў выглядзе розных кошычкаў, вазачак, якія люблю дарыць родным і сябрам. Але ж самы лепшы – душэўны адпачынак. Гэта, калі побач знаходзяцца самыя блізкія людзі: мае дочкі, зяці. Асабліва ўнукі, з імі чытаем, малюем, прыбіваем цвікі… Увогуле ў нашым доме любяць збірацца родныя, ён, як тая прыцягальная сіла, аб’ядноўвае ўсіх разам.
За плячыма Ганны Юнцэвіч дваццаць гадоў дэпутацкай дзейнасці, апошнія тры гады яна з’яўляецца старэйшынай вёскі Літоўцы. У мінулым годзе была завершана работа па высечцы дрэў на мясцовых могілках. На гэта было зрасходавана больш за 2 тысячы рублёў, і ўсё дзякуючы грашовым ахвяраванням вяскоўцаў і актыўнай неабыякавай пазіцыі Ганны Антонаўны.
У Дзень жанчын, 8 Сакавіка, яна, як прадстаўніца самай прыгожай паловы чалавецтва, атрымае сваю порцыю кампліментаў і ўвагі і, зразумела, вясеннія кветкі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *