Семейная династия врачей из Докшиц
“Чысціце, дзеці, зубы”, – так гаварыла сваім першым маленькім пацыентам малады ўрач-стаматолаг Валянціна Салавей, калі 26 год таму пасля заканчэння Мінскага медінстытута прыехала працаваць у Сітцаўскую ўчастковую бальніцу. Дзеці тыя даўно сталі дарослым і зараз сваіх дзяцей вучаць чысціць зубы, каб не было карыесу. Таму паважанаму ва ўсёй акрузе доктару сёння менш клопату з прафілактычнай работай. З гігіенай роту знаёмы кожны школьнік. Валянціна Міхайлаўна задаволена плёнам сваёй шматгадовай працы, але, на жаль, пацыенты з зубным болем яшчэ не перавяліся, і таму работы сельскаму стаматолагу хапае.
Толькі Валянціна Міхайлаўна яе зусім не баіцца, бо да сённяшняга часу ўлюбёная ў сваю прафесію. І зусім не дзіўна. Хто мог вырасці з маленькай дзяўчынкі, якая гадавалася побач з бормашынай, з якой працаваў тата? А калі дома збіраліся госці і прыязджаў з Параф’янава дзядзька Коля, то размовы пра стаматалогію доўжыліся да раніцы. Таму тое, што Валянціна будзе прадаўжальнікам сямейнай дынастыі зубных урачоў Салаўёў, усе ўспрынялі як само сабой зразумелае.
Шмат часу прайшло з той пары. Жыхары Сітцаў і бліжэйшых вёсак абагаўляюць свайго ўрача, якая разам з мужам-педагогам сталі без ваганняў сельскімі жыхарамі. Вяскоўцы ў раён да стаматолага наведваюцца толькі тады, калі Валянціна Міхайлаўна ідзе ў водпуск. Загадчыца стаматалагічнага кабінета Людміла Падгайская называе Салавей урачом агульнай практыкі, якому падуладна ўсё ў стаматалогіі, і вельмі спадзяецца, што ў хуткім часе Валянціна Міхайлаўна будзе мець магчымасць працаваць на новай сучаснай тэхніцы, якая дазволіць карыстацца навейшымі пламбіравальнымі матэрыяламі. Сельскія пацыенты гэта заслужылі.
Тамара СТАДНЮК.
НА ЗДЫМКУ: урач-стаматолаг Сітцаўскай амбулаторыі В.М. Салавей.
Фота В. Чарвінскага.