Пенсионер Виктор Анашкевич из Докшицкого района не стоит в стороне от активной жизни
Старэйшына ў вёсцы – чалавек невыпадковы: яго паважаюць, да яго меркаванняў прыслухоўваюцца, на яго дапамогу спадзяюцца ў вырашэнні розных пытанняў. У Грабучым, што ў Парплішчанскім сельсавеце, такім чалавекам з’яўляецца Віктар Анашкевіч (на здымку). Віктар Іосіфавіч даўно ўжо на заслужаным адпачынку, мае больш за трыццаць гадоў вадзіцельскага стажу. Чвэрць стагоддзя адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы, дзе быў, як гаворыцца, на добрым уліку.
За добраўпарадкаванне і знешні выгляд вёскі старэйшына хварэе ўсёй душой. Узрушана, з дрыготкай ноткай у голасе распавядае, колькі балючых для яго сэрца змен адбылося за два дзесяцігоддзі. Няма ўжо ў Грабучым ні крамы, ні ФАПа, ні бібліятэкі. Павялічваецца колькасць пустых дамоў з халоднымі вачніцамі-вокнамі і помнікаў на мясцовых могілках. Але ж вёска яшчэ населеная, і жыццё працягваецца. Віктар Іосіфавіч адзначае: хоць жыхары тут у асноўным паважанага ўзросту, ды за парадкам на сваіх сядзібах сачыць стараюцца. І за могілкамі разам з прыезджымі дзецьмі-ўнукамі даглядаюць. Усе падтрымалі яго ініцыятыву паставіць там жалеза-бетонная агароджу і выразаць аварыйныя дрэвы, некалькі разоў збіралі неабходныя для гэтага грошы. Старэйшына ўдзячны за дапамогу ў арганізацыі ўстаноўкі агароджы і выразкі сосен дырэктару былога племзавода «Порплішча» Івану Камзакову. Не абыходзілі ўвагай гэтыя пытанні і ў райвыканкаме.
– У мінулым годзе на могілках зрэзалі з дапамогай камунгаса яшчэ і старыя бярозы, якія прыгажосці не дадавалі, – толькі лісце з іх сыпалася ды голле падала, – ганарыцца Віктар Іосіфавіч. – Цяпер ужо там поўны парадак.
Работнікі Дэпартамента аховы разабралі будынак былой бібліятэкі, прыбралі падмурак. Віктар Анашкевіч кінуў кліч вяскоўцам, і ўсе разам канчаткова добраўпарадкавалі гэту тэрыторыю.
– Аднавяскоўцы звяртаюцца да мяне ў асноўным з просьбамі ў вырашэнні пэўных сацыяльна-бытавых пытанняў: выклікаць “хуткую”, завезці хворага ў бальніцу ці забраць адтуль, заказаць дровы. Адзін раз у месяц у Грабучае прыязджаюць медыкі, дык прыём вядуць у мяне дома. Дзе ж яшчэ яго можна арганізаваць, як не ў старэйшыны?
Ідзе вясна, і Віктар Іосіфавіч разам з жонкай плануюць абнаўленні і на ўласным панадворку: пафарбаваць дом і агароджу, зрабіць сякі-такі дробны рамонт.
– Пакуль жывеш і здароўе дазваляе, нельга апускаць рукі, – сцвярджае суразмоўца. – Трэба рабіць жыццё вакол сябе прыгажэйшым, іншых радаваць. Для гэтага чалавек і жыве.
Тэкст і фота А. Несцяронак.