В холодной бане помыться — заново на свет родиться
Леакадзія Антонаўна адчувала сябе кепска. Прычым настолькі, што нават няўважліва сачыла за сюжэтам любімай тэлеперадачы “Паненка-сялянка”. Прычынай нервовага стану паважанай кабеты сталі недаравальныя паводзіны мужа Пятра Іванавіча. Мінула тры гадзіны, як ён, заціснуўшы пад пахай венік, паклыпаў у гарадскую лазню і …прапаў. Канечне, Пятро ніколі хутка адтуль не вяртаўся, але ж не да такой ступені! А ўсё гэта дурнота мужыцкая пад назвай “пасядзець з сябрамі”. Не, не за чаркай, а з венікам у парылцы. Прыходзіць іншы раз з лазні, як з таго кірмашу. Усе плёткі прынясе гарадскія. Дзе новага начальніка прызначылі, а ён адразу нос задзёр і не думае, дурненькі, што чым вышэй лезеш, тым больш балюча будзе валіцца адтуль. Вось тады нос і падрапаеш. Перамыюць косці жонкам, павыхваляюцца адзін перад адным, дадуць парады ўсім прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам, а то тыя ж недасведчаныя, у іх не запыталіся, як рабіць правільна. На гэтай думцы Леакадзія Антонаўна адчула лёгкі паварот ключа ў замку. Прыйшоў! Ну я ж яму! Але, убачыўшы цёмны, як хмара, твар мужа з падцятымі вуснамі, вырашыла з расправай крыху пацярпець, а то можна як мусе ў сыраватку ўскочыць у сварку. Пятро Іванавіч жа моўчкі прасунуўся на кухню, сеў за стол. Калі перад яго носам з’явілася талерка, гэтак жа моўчкі ўзяў у руку лыжку. І тут розум Леакадзіі Антонаўны даў маху перад яе жаноцкай існасцю. Не вытрымала, піснула з дакорам: “Трэці раз грэю, пакуль ты парыўся”. Лепш бы яна гэтага не казала, бо без аніякай прычыны стала вінаватай ва ўсім, што адбылося з Пятром Іванавічам у той дзень.
Лазня для былога адказнага работніка, а зараз ужо пенсіянера са стажам, і яго такіх жа сяброў – гэта не проста мыйнае месца, гэта – святое! Некалі ў ёй мыўся ўвесь горад. А потым сталі будаваць асабнякі з асабістымі лазнямі, у некаторых шматпавярховіках з’явілася гарачая вада. Рады наведвальнікаў паменшыліся. Але ці можна параўнаць плёханне ў ванне ці пад душам з лазняй? Ні ў якім разе, і таму аматараў пары яшчэ хапае нягледзячы на высокія цэны за мыйныя паслугі.
– Ты б толькі бачыла, як мы сёння мыліся, – крыху пацішэў Пятро Іванавіч, пасля таго як выплюхнуў першы гнеў на сужэнку. – Сабраліся з мальцамі як заўсёды. Чалавек з дзясятак прыйшло пад першую пару. Толькі дзе яна? Няма. У парылцы пара з роту толькі што не ішла ад холаду. Вада летняя. Але што рабіць? Распрануліся, трэба ж неяк мыцца. Намыліліся, абураемся, за што 5 рублёў плацім. І тут гляджу: Сцяпанавіч, дзядуля наш старэнькі, падслепаваты, з якога мы жартуем, што, пэўна, памятае, як Напалеон Докшыцы паліў, падыходзіць да крана, налівае ў тазік вады, а потым адразу вылівае, і так некалькі разоў. Думаю: што гэта ён робіць? Пайшоў сам. І тут — людцы, ратуйце! — вада ў кране зусім халодная! Паднялі мы вэрхал. Прыбег лазеншчык, паабяцаў, што нешта зараз уключыць, дык, магчыма, пацяплее. Што ўключыць, дзе, чаму раней гэтага зрабіць было нельга? Адным словам, не дачакаліся мы таго пацяплення, пайшлі апранацца. Прасядзелі гадзіны са дзве ў прылазніку, абмяркоўваючы сітуацыю. Прыйшлі да высновы, што ўсё, Лёня, канец нашай лазні. Тут і да варажбіткі не хадзі. Кажуць, што гэта не першы выпадак з халоднай вадой, і начальства ведае, але ж нічога не робіць. Чаму, скажаш? А таму, Лёнечка, што лазня стратная, трымаць яе нявыгадна, нагадвае пра былыя савецкія раскошы. Таму вырашана нас выкурыць з лазні халоднай вадой, калі высокага кошту не спужаліся. Тады лазню ліквідуюць як паслугу, якая не карыстаецца попытам. Нясі, паважаная Леакадзія Антонаўна, каньячку, грэцца буду пасля лазні і хаўтуры па ёй спраўляць.
Мікола ПААЗЕРСКІ.