Бывшая гордость Докшицкого района
На відным месцы ў вясковай хаце пенсіянеркі з Варганоў размешчаны партрэт мілавіднай жанчыны. “Кроў з малаком” – выказванне, якое і сёння бытуе ў народзе, здаецца, вунь як падыходзіць да гэтай кабеты. Беласнежны твар, акуратна зачасаныя ўверх валасы і сабраныя ў гулю, прыгожы разлёт броваў, мяккасць у поглядзе вачэй. А на лацкане дзелавога касцюма – узнагароды: ордэн, медалі.
– Прыгожая маладуха, – не стрымалася ў сваіх выказваннях.
– Такой я была ў зеніце славы, – гаворыць Яўгенія Іванаўна. – Прыкладна так выглядала на карціне, якую намаляваў спецыяльна прысланы з выставы дасягненняў народнай гаспадаркі мастак. Я доўга пазіравала на фоне цялятак (смяецца), як быццам, больш не было чым заняцца, а затым на мяне глядзелі ўсе ўдзельнікі ВДНГ.
Яўгенія Іванаўна Вайцяховіч (на здымку) не асабліва любіць перабіраць сямейны архіў. Фотаздымкі перагледзець – адна справа, бо там маладосць, прыгажосць, натхнёнасць. Прыемна патрымаць у руках і былыя ўзнагароды, якія атрыманы за цяжкую добрасумленную працу. Але ж гэта была праца: паўсядзённая, ручная, практычна без выхадных. Так, папрацаваць жанчыне давялося на сваім вяку!
Яе працоўная біяграфія пачалася ў 10 гадоў. Дзяўчынку са шматдзетнай сям’і адправіла маці ў калгас: трэба было нейкім чынам пракарміцца, бо бацька сядзеў у турме за веру. Баптыст (хрысціянін-евангеліст) адмовіўся браць зброю ў рукі, а таму быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі. Без яго гадавалася пяцёра дзяцей. Самі сабе на хлеб зараблялі. Хаця ці можна назваць заробкам працу за працадні – палачкі, як назвалі іх у народзе. Па заканчэнні сельскагаспадарчага года мела Жэнька 800 палачак, зарплату ў памеры паўпуда зерня і крыху алею. Сям’я трымала хатнюю гаспадарку, працавала на сваім участку зямлі, а таму ад голаду не пухла, але жыла цяжка. Між тым юнацкія гады, нягледзячы на гэта, былі найбольш вясёлымі і запамінальнымі. Помніцца: працавала на кароўніку – даіла па 25 кароў тры разы ў дзень уручную. Іншым даяркам дапамагалі родзічы, а ёй не было каму. А гады пасляваенныя, галодныя. Каровы іншы раз не маглі на ногі стаць, даводзілася паднімаць іх. Цягне-цягне на сабе кароўку малалетняя даярка, ірве жылы, каб не адстаць ад іншых, не страціць жывёліну. А вечарамі, здаецца, з новымі сіламі бегала на танцы, спявала, танцавала – ад хлопцаў адбою не было. Праходу не даваў Аляксандр Вайцяховіч. Замуж за яго выйшла. Праз нейкі час з’явілася магчымасць працаваць з цяляткамі, і Яўгенія Іванаўна стала даглядчыцай. Свякроў глядзела дзяцей, муж – дапамагаў. А з цягам часу і сам Аляксандр Аляксандравіч перайшоў у даглядчыкі. Працоўныя дасягненні Вайцяховічаў былі вядомыя далёка за межамі племзавода “Порплішча”. У кіпе ўзнагарод, што захоўваюцца ў хаце, першая грамата датуецца 1971 годам. Увогуле, штогод праца жывёлаводаў, як жонкі, так і мужа, высока адзначалася. Яўгенія Іванаўна мае ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР “За дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972 — 1973 года”, 10 медалёў з ВДНГ, знакі “Ударнік камуністычнай працы”.
Я. І. Вайцяховіч ужо даўно на пенсіі. Днямі адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Пра гэта расказала нам нявестка і вельмі прасіла напісаць пра жанчыну, якая заслугоўвае павагі і ўдзячнасці.
Нэлі Бяляўская.