Лучшую многодетную семью выбрали в Докшицком районе (+фото)
У раённым аглядзе-конкурсе, які па традыцыі праводзіўся ў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, удзельнічалі тры творчыя сям’і: Гільнічаў з Сітцаў, Рабцавых з Докшыц і Карніловічаў з Таргуноў.
Першае знаёмства з сем’ямі адбылося на выставе-прэзентацыі іх работ. “Вясёлкавы настрой” – пад такой назвай сваю творчасць прадставіла сям’я Гільнічаў з Сітцаў. Марына і Дзмітрый выхоўваюць траіх дзетак. Старэйшы, васьмігадовы Уладзіслаў, марыць стаць прафесійным спартсменам, а таму ўвесь вольны час праводзіць на стадыёне. Сямігадоваму Аляксандру вельмі падабаецца вучыцца. Яго любімы прадмет у школе – матэматыка. Сапраўднай лэдзі ў акружэнні старэйшых братоў адчувае сябе двухгадовая Яначка. Сярод сямейных захапленняў Гільнічаў – прыгожыя папяровыя вырабы ў тэхніках арыгамі, тарцавання і інш.
Бісерапляценне, маляванне, музыка і спевы – гэта невялічкі пералік хобі сям’і Карніловічаў з Таргуноў. Старэйшая дачка Вольга з задавальненнем іграе на флейце ў Докшыцкай ДШМ. Да таго ж яна цудоўна малюе. Разам з мамай Ліліянай на конкурс яны нават прыдумалі герб сваёй сям’і. Несумненна, ім дапамагала і трохгадовая Маргарыта, якая добра ведае, што такое пэндзаль і фарбы. Самаму маленькаму члену сям’і Ярыку толькі год. Галава сям’і Андрэй захапляецца рыбалкай.
“Чатыры сыночкі і лапачка-дачка” – гэта выказванне вельмі падыходзіць да сямейства Рабцавых з Докшыц. Пра свае захапленні яны паведамілі ў намаляванай сценгазеце. Да таго ж на конкурс прадставілі не толькі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленыя рукамі Косці, Васіля, Цімафея, Рамана і Віялеты, але і свежанькую агародніну, вырошчваннем якой займаюцца Святлана Іванаўна і Аляксандр Анатольевіч.
Сямейныя традыцыі і гісторыі свайго роду прапанавалі прысутным канкурсанты ў намінацыі “Радавод”. Праз інсцэніроўку казкі “Рэпка”, перакладзеную на новы лад, Рабцавы заклікалі жыць у сяброўстве і ўзаемадапамозе. “Дружная сям’я – непераможная” – такі дэвіз гучаў падчас выступлення Карніловічаў. Пра сумеснае баўленне часу, што таксама дапамагае з’яднаць сям’ю, расказалі Гільнічы.
Завяршальны этап – намінацыя “Мая краіна – мая сям’я”, у якім прадстаўлялі сацыяльна-значны праект, які б адлюстроўваў жыццёвую пазіцыю. Сям’я Рабцавых параўнала сябе з рамонкам, пялёсткі якога – каханне, вернасць, павага, узаемапаразуменне, клопат, цярплівасць, дабрыня – з’яўляюцца асновай сямейнага шчасця. Да таго ж дзеці падарылі матулі песню “Я цалую твае рукі”, словы з якой падпявалі ўсёй залай. Цёплым і шчырым было выступленне Карніловічаў, падчас якога гучалі песні і вершы. Гільнічы падрыхтавалі відэапрезентацыю, у якой наглядна паказалі свае працоўныя і выхадныя дні.
Пакуль журы выяўляла пераможцаў, гледачы гучнымі апладысментамі сустракалі навучэнцаў ДШМ, якія зладзілі цудоўны канцэрт.
Дыпломы і каштоўныя падарункі пераможцам уручыла старшыня журы – намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Так, у намінацыях “Мая краіна – мая сям’я” былі адзначаны Рабцавы, “Радавод” – Гільнічы, “Нашы ручкі залатыя” – Карніловічы.
Першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе атрымала сям’я Карніловічаў, другое – Рабцавых, трэцяе – Гільнічаў. Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі грашовыя прэміі, а дзеці яшчэ і салодкія падарункі. Карніловічы прадставяць наш раён на абласным этапе сямейнага конкурсу.
На мерапрыемстве падзякавалі спонсарам конкурсу: Вадзіму Кучко (ПП “РЭГУЛ-ІНВЕСТ”), Галіне Філончык (ПП “Тафілія”), Аляксандру Лабыньку (ПП “Лабынька”, індывідуальнаму прадпрымальніку Уладзіміру Шуткіну, Людміле Асаёнак (ПП “Асаёнак”), Генадзю Ласкіну (ТАА “АтлантБытТэхніка”), Аліне Камянецкай (ПП “КАМ-ФЭД”), а таксама філіялу ТАА “Еўраторг” г. Віцебск.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.