Творческая выставка семьи Марковцов открылась в Докшицком районе
Пад такой назвай у Бягомльскім музеі народнай славы адкрылася творчая выстава нашых знакамітых землякоў – мастакоў Маркаўцоў. Тры сястры – Валянціна, Галіна і Ганна – прадставілі як свае работы, так і непаўторныя карціны свайго брата Віктара, якога, на жаль, ужо няма ў свеце жывых.
Адкрыццё выставы благаславіў настаяцель храма Усіх Святых у Бягомлі айцец Валерый. Пра надзею ў далейшым супрацоўніцтве гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская. Шмат цёплых слоў, пажаданняў і віншаванняў адрасавала Маркаўцам загадчыца аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алена Сарокіна. Пра значнасць выставы разважаў мастак-дызайнер Леанід Бартлаў (на здымку). Леанід Эдуардавіч удзельнічаў у афармленні шматлікіх музеяў Беларусі: Вялікай Айчыннай вайны, Белавежскай пушчы, мемарыяльнага комплексу “Шунеўка” і інш. Разам са сваёй жонкай Валянцінай яны неаднаразова працавалі над сцэнаграфіяй і касцюмамі ансамбля “Песняры”.
Па чарзе знаёмілі прысутных са сваёй творчасцю сёстры Маркаўцы. Праз словы і фарбы выставачных работ мастакоў ажывалі іх успаміны пра бацькоў, якія заўсёды былі прыкладам любові, сямейнага ладу і бясконцай любові да Бога. Пра родную зямлю, якая дае тыя жыццёвыя сокі і наталяе памяркоўнасцю і ўстойлівасцю да жыццёвых выпрабаванняў. Пра докшыцкія зоркі ў небе, найпрыгажэйшыя і цяплейшыя ва ўсім свеце. Брат Віктар першым расчыніў дзверы ў цікавую, незвычайную, напоўненую рознымі колерамі і пачуццямі краіну творчасці. За ім у свет прыгожага пацягнуліся і сёстры. На сённяшні дзень мастацтвам захапляюцца і іх дзеці і ўнукі. Сёлета да 70-гадовага юбілею Віктара Пятровіча ў сталічным Палацы мастацтваў рыхтуецца адкрыццё яго персанальнай выставы, а таму ў Бягомлі прадстаўлена толькі некалькі карцін славутага земляка.
Напрыканцы сустрэчы вакальная група аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту падарыла гасцям песню.
Віктар Маркавец нарадзіўся 5 жніўня 1947 года. У 1971 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у галіне станкавага жывапісу ў жанрах партрэта, нацюрморта, краявіду, сюжэтна-тэматычнай карціны. Рэстаўраваў фрэскі храмаў у Докшыцах і Сітцах. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, ЗША, Канадзе.
Валянціна Маркавец-Бартлава. Нарадзілася ў 1951 годзе. У 1973 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Настаўнік, працавала загадчыкам кафедры касцюма і тэкстылю Акадэміі мастацтваў. Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Член Беларускага саюза мастакоў. Узнагароджана медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”, нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Дыпломам “За педагагічнае майстэрства”.
Галіна Маркавец-Крываблоцкая. Нарадзілася ў 1953 годзе. У 1976 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Настаўнік, працавала загадчыкам кафедры касцюма і тэкстылю Акадэміі мастацтваў. Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Член Беларускага саюза мастакоў. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Турцыі, ЗША. Габелены ў выкананні Галіны ўпрыгожваюць Палац Рэспублікі, Нацыянальную бібліятэку Беларусі і інш.
Ганна Маркавец-Старухіна. Нарадзілася ў 1955 годзе. У 1979 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Мастак-дызайнер аб’яднання “Маналіт”, Віцебск (1979 – 1982). Стварыла шэраг дызайн-праектаў на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь. Выкладала ў школе эстэтычнага выхавання. Выконвае праекты ландшафтнага дызайну па азеляненні тэрыторый прадпрыемстваў і асабістых заказаў. Працуе ў галіне дэкаратыўнага жывапісу. Творы знаходзяцца ў асабістых калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.