Одной долгожительнице Докшицкого района исполнилось 100 лет

Ульяне Аляксееўне Плямінай 5 сакавіка споўнілася 100 год. У гэты дзень мы разам з дырэктарам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Марыяй Курдзека і старшынёй Крулеўшчынскага сельвыканкама Алёнай Таляронак наведалі бабулю, каб павіншаваць з юбілеем і потым расказаць чытачам пра яшчэ аднаго доўгажыхара.

Кажуць, што няма лепшага шчасця, чым дажываць свой век побач з роднымі, блізкімі людзьмі. У Плямінай так не атрымалася.

Быў у яе муж Серафім, мардвін з Волгі. На сваёй радзіме ў Саратаве яна з ім пазнаёмілася, выйшла замуж. Муж працаваў качагарам на паравозе. Як чыгуначніка, яго перавялі пасля вайны ў Крулеўшчыну. З траіх дзяцей удалося выгадаваць толькі аднаго сына, другі сын і дачушка памерлі яшчэ ў маленстве. У Крулеўшчыне Ульяна Аляксееўна нідзе не працавала, а як было прынята раней у патрыярхальных сем’ях, вяла хатнюю гаспадарку, праводзіла мужа на працу і сустракала. Трымала жыўнасць, садзіла агарод. Лішкі прадавала на рынку. Па характары яна чалавек спагадлівы, жаласлівы, добры. Мірна жыла з суседзямі, дапамагала ўсім, чым магла. Часта, карыстаючыся тым, што ёй не трэба на працу, прасілі паглядзець дзяцей. Ульяна Аляксееўна з задавальненнем згаджалася, бо заўсёды любіла іх.

І як у жыцці бывае, яе добрыя справы вярнуліся да яе з лішкам. Калі памёр муж, а потым загінуў сын, бабулю не пакінулі добрыя людзі.  Сацыяльны работнік, якая даглядала жанчыну, забрала бабульку да сябе, а калі страціла Ульяна Аляксееўна зрок, то паклалі яе на сацложак у Крулеўшчынскую ўчастковую бальніцу. Ляжыць бабулька ў чыстай, светлай палаце, дзе няма нават паху старасці, як гэта звычайна бывае ў падобных месцах. Гэта ўжо заслуга абслугоўваючага персаналу, у першую чаргу, руплівых санітарак. Адна з іх, Алена Рабіза, адносіцца да пацыенткі, як унучка да любімай бабулі. Ульяна Аляксееўна ёй і сапраўды як бабуля, бо гадавала па-суседску маленькую Аленку.

Доўгажыхарка яшчэ сябе добра адчувае, падвёў, як яна кажа, толькі зрок. Але, нягледзячы на гэта, бабуля сама сябе абслугоўвае, не дакучае капрызамі. Любіць пагаварыць пра тое, як жыла раней, як жывецца зараз. Як усе пазітыўныя, шчырыя людзі, яна ўсім задаволена, усім кажа дзякуй (можа гэта і паслужыла прычынай даўгалецця?), і пры выпадку не праміне пажартаваць. Пасля размовы з дапамогай Алены ўстала з канапы, узяла ў рукі падарункі і на развітанне кінула: “Бывайце здаровы, а бабуля пайшла 101-ы гадок пражываць”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: побач з Аленкай Ульяна Аляксееўна адчувае сябе ўпэўнена.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *