Сэрца птушкай ляціць у Хойнікі

Вясну Ганна Аляксандраўна Цацура заўсёды чакае з нецярпеннем. І не толькі таму, што  зноў зможа песціць зямлю: саджаць на ёй бульбу, памідоры, агуркі, цыбулю і, галоўнае, кветкі, у якіх яе дом патанае да глыбокай восені. Яшчэ больш вясна ёй дарагая тым, што на Радаўніцу, ці крыху раней, Ганна Аляксандраўна адна ці з дзецьмі, унукамі, сёстрамі абавязкова з`ездзіць у Хойнікі. Там, у некалькіх кіламетрах ад гэтага гарадка, некалі была яе родная вёска Навасёлкі. Там яна нарадзілася, выйшла замуж, выгадавала дзяцей і пражыла да 50 год.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы яны з мужам не адразу рушылі ў дарогу. Вырашылі, што ўсё лепшае ўжо пражылі, а далей — як Бог дасць. Уцякаць ад прызначанага не хацелі. Тым больш, што сыны да гэтага часу ўжо жылі ў Мінску, дачку, пасля заканчэння Гомельскага ўніверсітэта, забрала да сябе на Докшыччыну родная сястра Ганны Аляксандраўны, якая жыла з сям’ёй ужо многа год у Параф’янаве, працавала загадчыцай дзіцячага садка. Сем год Цацуры пратрымаліся ў Навасёлках. Потым там адключылі электрычнасць, сталі зносіць хаты. Яны сваю сфатаграфавалі напамяць і з’ехалі. Зараз на месцы яе, як і ўсёй вёскі, роўнае поле. Толькі там, дзе былі раней калодзежы, стаяць знакі. Былыя навасёлкаўцы, калі прыязджаюць, збіраюцца на могілках. Больш шматлюдна тут на Радуніцу. Сёлета Ганна Аляксандраўна наведалася туды раней. Сярод родных магіл была адна. Ішла, размаўляла, як з жывымі, з памерлымі суседзямі, аднавяскоўцамі. Завязала на некаторыя крыжы каляровыя стужачкі (такая дэталь абраду засталася ў іх мясцовасці яшчэ з дахрысціянскіх часоў), пасыпала на магілкі проса, каб клявалі яго птушачкі і спявалі нябожчыкам песні, пакланілася ў пояс роднай зямліцы і паехала назад да новага дому.     

Прайшло амаль 20 год як Цацуры абуладкаваліся ў Сітцах. Мужа Мікалая Сямёнавіча Ганна Аляксандраўна тут і пахавала. Прыехалі яны сюды ўжо пенсіянерамі, бо выйшлі на датэрміновую льготную пенсію, але толькі хатнімі клопатамі не абмежаваліся. Палолі па гектары буракоў. Ганна Аляксандраўна ўладкавалася памочнікам кухара, потым была прыбіральшчыцай. Яна і зараз не можа сядзець склаўшы рукі. У прасторнай хаце ні пылінкі, на вялікім агародзе – ні травінкі. У яе руках усё гарыць. Некалькі была вышывальшчыцай на ўсё наваколле. Зараз пра той час нагадваюць прыгожыя, маляўнічыя вышыванкі, што пакрываюць вялікія, пышныя падушкі на ложку. Вельмі добразычлівая, гаваркая, Ганна Аляксандраўна заўсёды з людзьмі. У святы гасцямі поўніцца яе хата. У Параф’янаве, Валкалаце жывуць Мележы, Ільінічы – гэта радня. Моцнае сяброўства склалася з земляком Уладзімірам Пелюхам, але ўсё роўна да сённяшняга дня сваім домам Ганна Аляксандраўна лічыць Навасёлкі. Сэрца яе так і не прыкіпела да паўночнага краю. Там, на радзіме, здаецца ёй, усё лепшае: і зямля, і людзі, і мова. “Хаця, – прызнаецца Ганна Аляксандраўна, – у Сітцах мяне сустрэлі добра: і людзі прыхінуліся, і дом добры далі. Толькі дзве радзімы ў чалавека не бывае. Таму сэрца маё кожную вясну птушкай ляціць у Хойнікі”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Г.А. Цацура ў сваім доме.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *